Адна з найважнейшых узнагарод Ляйпцыгскай кніжнай выставы — прэмія за пераклад — сёння была ўручана перакладчыку і папулярызатару беларускай літаратуры Томасу Вайлеру. Аўтар атрымаў узнагароду за пераклад з беларускай мовы на нямецкую кнігі «Я з вогненнай вёскі…» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка.
Нагадаем, што Томас Вайлер з’яўляецца і аўтарам перакладу з беларускай на нямецкую кнігі «Сабакі Эўропы» Альгерда Бахарэвіча — за якую беларускі пісьменнік учора атрымаў Ляйпцыгскую кніжную прэмію за еўрапейскае паразуменне.
Узнагарода Томасу Вайлеру — бясспрэчнае прызнанне выбітнай працы лінгвіста, які пераклаў на нямецкую мову тое, што перакласці, падаецца, немагчыма — такія складаныя і розныя творы як: мастацкі раман «Сабакі Эўропы», які ўтрымлівае ў сябе наваствораную мову бальбута, і «звышлітаратуру» «Я з вогненнай вёскі. Злачынствы вермахта ў Беларусі — сведчанні відавочцаў», — жанр, які некалі Алесь Адамовіч вызначыў для дакументальнай літаратуры, літаратуры катастроф.
«Я з вогненай вёскі…» Алеся Адамовіча, Янкі Брыля, Уладзіміра Калесніка ўпершыню была выдадзеная 50 гадоў таму і змяшчае сведчанні пра масавыя забойствы ў беларускіх «вогненных вёсках» падчас Другой сусветнай вайны. З 1970 па 1973 год Алесь Адамовіч разам з сутворцамі праехалі па Беларусі, пабывалі ў сотнях спаленых вёсак. Яны апыталі і запісалі на магнітафон больш за трыста сведкаў вайны і трагедый, якія здарыліся ў той час. Гэтыя сведчанні і ляглі ў аснову дакументальнай кнігі.

Журы адзначыла, што дзякуючы перакладу Томаса Вайлера «гэтыя неверагодныя сведчанні вяскоўцаў упершыню сталі даступнымі нямецкаму чытачу».
«Яго пераклад раскрывае жахлівую жорсткасць перажытога і паказвае абмежаванасць мовы ў пякучай праўдзе гэтых сведачанняў», — падкрэсліла журы.
Кніга выйшла ў выдавецтве Aufbau.
Томас Вайлер — перакладчык з беларускай на нямецкую мову і папулярызатар беларускай літаратуры ў Германіі. Ён вывучаў пераклад у Ляйпцыгскім універсітэце, Берлінскім універсітэце імя Гумбальта і Санкт-Пецярбургскім дзяржаўным універсітэце.
Перакладае кнігі сучасных беларускіх пісьменнікаў (Віктара Марціновіча, Вольгі Гапеевай, Артура Клінава, Юлі Цімафеевай і іншых). За пераклад рамана Альгерда Бахарэвіча «Сабакі Эўропы» ў 2024 годзе атрымаў прэмію Паўля Цэляна.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram