Сёння на сцэне канцэртнай залы Гевандхаус у Ляйпцыгу беларускі пісьменнік Альгерд Бахарэвіч быў уганараваны адной з найпрэстыжнейшых літаратурных прэмій Еўропы — Ляйпцыгскай кніжнай прэміяй за еўрапейскае паразуменне.
Дзяржаўная міністарка культуры і турызму Саксоніі Барбара Клепш уручыла аўтару ўзнагароду за ягоны раман «Сабакі Эўропы» — нагадаем, што журы прэміі вылучыла твор Альгерда Бахарэвіча сярод іншых прэтэндэнтаў аднагалосна. «Немагчыма з большай жарсцю напісаць пра Еўропу», — адзначыла нямецкі палітык на цырымоніі. Аўтаркай laudatio — урачыстай прамовы ў гонар аўтара — выступіла швейцарскі літаратурны крытык і рэдактарка Зігліндэ Гайзэль. Кульмінацыяй вечара сталася Прамова падзякі беларускага літаратара на нямецкай мове, якая выклікала працяглыя авацыі.
Альгерд Бахарэвіч экслюзіўна прадставіў Reform.news беларускі пераклад Прамовы, якую мы лічым за гонар апублікаваць цалкам. Асабіста дзякуем Юлі Цімафеевай за здымкі, дасланыя з урачыстацяў.


***
Як сабака.
Як вядома, менавіта так гучаць апошнія словы Ёзэфа К. у рамане Кафкі “Працэс”. Ён гаворыць іх, калі ў каменяломні на ўскраіне гораду яму ў сэрца ўтыкаюць мясьніцкі нож.
Гэтыя словы Ёзэфа К. прыйшлі мне на розум 8 красавіка 2021 году, калі я даведаўся, што новае выданьне майго рамана “Сабакі Эўропы” было канфіскаванае і арыштаванае беларускай мытняй на мяжы Беларусі і Літвы.
Як сабака, падумаў я і ўсьміхнуўся. Сабака Эўропы.
Мая кніга, напісаная пяццю гадамі раней, была прызнаная экстрэмісцкай літаратурай. “Экстрэмізм” — той цэтлік, які рэжым Лукашэнкі наклейвае на ўсё, што не паддаецца кантролю, на ўсё, што жывіць ягоныя страхі. “Экстрэмісцкая літаратура” — гэта значыць, што вас выкрэсьліваюць са сьвету жывых. З гэтага моманту вашае імя будзе згадвацца выключна ў “Сьпісе экстрэмісцкіх матэрыялаў”. Гэта адзінае месца, дзе вашае існаваньне яшчэ знаходзіць хоць нейкае пацьверджаньне. Сьпіс экстрэмісцкіх матэрыялаў даволі доўгі. Кніга мёртвых, якая публікуецца ў афіцыйных газэтах, каб напужаць чытачоў. І іншых, пакуль яшчэ ня ўнесеных у гэтую кнігу аўтараў.
Экстрэмісцкімі ў Беларусі могуць быць прызнаныя людзі, кнігі, арганізацыі. Але ня толькі. Экстрэмісцкімі могуць быць асобныя словы. Напрыклад, лёзунг “Жыве Беларусь”. За прапаганду гэтага выдуманага дзяржавай экстрэмізму людзі атрымліваюць вялікія турэмныя тэрміны. Наяўнасьць дома забароненай кнігі, падпіска на забароненыя каналы, лайк пад “экстрэмісцкім” пастом, перавод “экстрэмістам” грошай або проста маральная падтрымка тых, хто мае іншыя погляды — усё гэта караецца турэмным зьняволеньнем.
Магчыма, беларускіх мытнікаў проста напужала слова “Эўропа” на вокладцы маёй кнігі. Эўропафобія беларускага рэжыму паталягічная. Яны настолькі баяцца быць Эўропай, нібы гэта злачынства. Небясьпечная ерась, за якую трэба спальваць на вогнішчы. Або інфэкцыя, якую неабходна спыняць на мяжы.
Вось жа, мой раман “Сабакі Эўропы” зрабіўся першым мастацкім літаратурным творам, афіцыйна забароненым у Беларусі рэжымам Лукашэнкі. Пазьней беларускі выдавец “Сабакаў Эўропы” быў арыштаваны за сваю дзейнасьць і 28 дзён правёў у турме. Пасьля гэтага яшчэ адзін мой раман, “Апошняя кніга пана А.”, быў прызнаны экстрэмісцкім і забаронены. На сёньня ўсе мае творы, афіцыйна або не, але забароненыя ў Беларусі — як і творы іншых непажаданых аўтараў. Ні мяне, ні выдаўца маіх кніг не выклікалі ў суд — усё было зроблена таемна, хутка, ананімна і, як мне падаецца, вельмі нагадвала дрэнны тэатр. Зусім як фінале рамана Кафкі.

Цягам чатырох апошніх гадоў я атрымліваю паведамленьні зь Беларусі пра тое, што мае кнігі то спальваюць, то закапваюць у зямлю трактарам. Так бы мовіць, “з праху вы выйшлі, у прах і вернецеся”. Мае кнігі выкінутыя з усіх кнігарняў і бібліятэк. Найбуйнейшая прапагадысцкая газэта працягвае фантазіраваць на тэму публічнага павешаньня беларускіх пісьменьнікаў. Тое, што я некалі апісаў у сваім рамане, імкліва робіцца змрочнай рэальнасьцю. Фашызм, які некалі быў проста нудным слоўцам з майго савецкага дзяцінства, стаў рэчаіснасьцю постсавецкай Беларусі.
Год за годам у маім экзылі мне задаюць тое самае пытаньне: чаму вашы кнігі такія небясьпечныя для ўлады? А я задаю сабе іншае пытаньне: ці чыталі цэнзары тыя кнігі, якія яны забараняюць? І ці ўмеюць яны наогул чытаць?
Цэнзура ёсьць вычварэнскім мастацтвам чытаньня. Яе задача — знайсьці шкодныя й небясьпечныя словы ў тэксьце кнігі.
Нават калі іх там няма.
Праблема палягае ня толькі ў тым, што цэнзары кепска валодаюць ненавіснай ім беларускай мовай. Словаў, якія знаходзяць цэнзары ў маіх кнігах, там і праўда няма. Там няма ніякіх заклікаў да захопу ўлады або да рэвалюцыі. Няма абразаў непагрэшнага фюрэра. Няма ні палітычнай агітацыі, ні апазыцыйнай прапаганды.
Усё, што там ёсьць, — гэта літаратура. Літаратура, якая нікому і нічому ня служыць. Бо літаратура заўсёды ёсьць індывідуальным актам чыстай свабоды. Больш за тое — адзінай негвалтоўнай формай свабоды. У маіх кнігах жыве іронія. Жывуць сарказм і гульня. Літаратура заўсёды — вялікая і цікавая гульня! Мае кнігі — візіі будучыні, яны пра творчую апантанасьць чалавека. Мае раманы — дасьледаваньне Мовы. І — змаганьне з дыктатам мовы.
Што такое мова? — пытаюся я ў рамане. Што такое мова ўлады і што такое ўлада мовы? Што значыць быць богам і прысвойваць сабе права даваць назвы істотам, зьявам, часу? І ці можа чалавек не звар’яцець ад такой улады?
Сапраўдная літаратура гаворыць не пра Лукашэнку ці Пуціна. Сапраўдная літаратура гаворыць пра мову і пра час.
Больш за ўсё тыраны баяцца будучыні. Будучыня ёсьць адзінай абсалютнай свабодай. Будучыня заўсёды азначае сьмерць дэспата. Сапраўдная літаратура заўсёды спрабуе бачыць рэальнасьць адразу ў трох вымярэньнях. Яна адначасова гаворыць з тымі, хто быў, з тымі, хто ёсьць, і з тымі, хто будзе. Таму пісьменьнік мусіць мець гістарычнае мысьленьне. Чытаць сыгналы трывогі, распазнаваць небясьпеку задоўга да таго, як здарыцца катастрофа.

“Сабакі Эўропы” — мая спроба распазнаць такія сыгналы і зазірнуць у заўтрашні дзень Эўропы. На жаль, шмат з таго, пра што я напісаў у рамане дзевяць гадоў таму, збылося або працягвае збывацца. Расейскі Райх, апісаны мной у “Сабаках Эўропы”, кінуў свой злавесны выклік Эўропе, свабодзе, культуры, праву. Год за годам Украіна мужна супрацьстаіць расейскаму нацызму. Сёньня паміж нашым вольным сьветам і Расейскай імпэрыяй — толькі ўкраінскае войска. Войска, у складзе якога супраць імпэрыі змагаюцца й гінуць за свабоду таксама і беларусы.
Мы ня мусім здрадзіць свабодзе дзеля фікцыі міру, у імя кампрамісу з дыктатарам. Усё, што нам застаецца — трымацца эўрапейскіх каштоўнасьцяў, як бы нас ні імкнуліся пераканаць, што іх час мінуў. Каштоўнасьці не мяняюць у залежнасьці ад волі тыранаў. Дэмакратычных імпэрый не існуе. Мір, дасягнуты саступкамі крамлёўскім тэрарыстам, абавязкова прынясе Эўропе новую вайну. Паветра ў маёй Эўропе дрыжыць і пахне гэтаксама, як яно дрыжала й пахла ў жніўні 1939-га.
Дзе ў гэтых вірах Беларусь? Што такое сёньня мая Беларусь? Стратэгічны Лес Расейскага Райху? Прывід, што блукае па вялікім і цёмным доме сучаснай Эўропы? Пустата, якую нашыя суседзі ня ведаюць, чым запоўніць? Магчыма. Але Беларусь — гэта і паўтары тысячы палітычных зьняволеных, якія гадамі цярпяць гвалт і прыніжэньне. Гэта дзясяткі тысяч пакараных безь віны людзей. Гэта сотні тысяч палітычных эмігрантаў. Гэта негвалтоўны супраціў тых, хто застаецца ў Беларусі. Адчайны супраціў, часьцей за ўсё ня бачны за межамі краіны. Але я спадзяюся, што мой раман прапануе больш складанае бачаньне таго, чым ёсьць Беларусь. Беларусь — гэта іншая Эўропа. Згвалтаваная, але жывая. Беларусь марыць пра волю.
Як і тысячы гадоў таму, Эўропа — гэта месца, адкуль можна ўцячы, не пакідаючы яе. У Эўропе можна застацца, ня маючы магчымасьці ў яе вярнуцца. Сумны эўрапейскі парадокс.

Што такое Эўропа — заўсёды залежыць ад мовы, на якой мы пра яе гаворым.
Я гавару, думаю, бачу сны і кашмары, і пішу кнігі на беларускай мове. Некаторыя эўрапейцы дагэтуль сумняваюцца ў яе існаваньні, яны жывуць у палоне ілюзій, што на ўсход ад Польшчы ўсе размаўляюць па-расейску. А вось кожны, хто гаворыць па-беларуску, чамусьці не сумняваецца ў тым, што ён эўрапеец. Беларуская мова — ацалелая мова. Мова, якая выжыла. Так, яна ацалела пасьля доўгіх дзесяцігодзьдзяў русыфікацыі — царскай, савецкай, лукашэнкаўскай. Мова, якая яшчэ ў 1970-х была пад пагрозай зьнікненьня, мова, якую плянавалася зьнішчыць яшчэ да надыходу камунізму, мова, якую Лукашэнка спрабаваў забіць на сваім так званым рэфэрэндуме — гэтая мова жыве і ў XXI стагодзьдзі. Гэта мова — наш боль і наш скарб, наш сорам і, хто ведае, магчыма, некалі ад яе застанецца толькі маленькі сьлед на пясках Эўропы. Але сёньня мова жыве — як адзін з доказаў нашай эўрапейскай ідэнтычнасьці, як найважнейшы сродак камунікацыі, як сымбаль супраціву.
Але перадусім яна працягвае жыць як мова вольнай беларускай літаратуры. Літаратуры, што нават у выгнаньні спрабуе быць нечым большым за панылую скаргу ці простае дакумэнтальнае сьведчаньне.
Усе кнігі размаўляюць адна з адной.
Але ці працягваюць кнігі гаварыць зь людзьмі? Ці яны размаўляюць выключна міжсобку? Ці, магчыма, толькі так званыя вялікія мовы маюць прывілей весьці дыялёг і вызначаць сэнсы?
Мне здаецца, што Вялікае Эўрапейскае Мастацтва Рамана сёньня знаходзіцца пад пагрозай. Складанасьць і поліфанія, глыбіня і экспэрымэнт, мова і таямніца, унутраны час рамана, яго псыхалягічная сіла — усё гэта выклікае ў сучаснага чалавека ўсё меней энтузіязму. Мы паступова развучваемся чытаць. Мы страчваем мастацтва рамана як мастацтва пазнаньня, мы страчваем мастацтва чытаньня. Мэтафара й вобраз перастаюць дапамагаць нам разумець сьвет.
Старажытная і спрадвечная мова паэзіі, якая гаворыць найважнейшыя рэчы — тыя, якія людзі ня могуць або баяцца сказаць — робіцца сёньня мовай гарадзкіх вар’ятаў. Мовай, якая вымірае. Адмаўляючыся ад раману і ад паэзіі, мы адмаўляемся быць людзьмі — настолькі, наколькі яшчэ можам імі заставацца.

Людзям патрэбныя казкі, каб быць людзьмі.
Сёньня ўсё больш эўрапейцаў зноў вераць ва Ўтопію. Палітычную, нацыянальную, гістарычную, мастацкую і нават моўную Ўтопію. Ім здаецца, што зьмяніўшы мову, можна наблізіць грамадзтва да ўсеагульнага шчасьця.
Але шчасьце — заўсёды Ўтопія.
Я ня веру ва Ўтопію. Я веру ў казку. У вялікую і мудрую Эўрапейскую Казку зь яе маральнай і мастацкай сілай.
Тыя, хто сёньня спрабуе пазбавіць іншых людзей права на прытулак, некалі кепска чытаў добрыя кнігі.
Нож праколвае сэрца. Літаратура робіць нас няшчасьнейшымі. Але кожнага на свой капыл.
Мы ўсе роўныя толькі як чытачы навін.
Літаратура — кепскае абязбольнае, але навіна безь літаратуры, думка безь літаратуры — усяго толькі бессэнсоўны боль.
Казка надае болю сэнс.
Казкі жывуць доўга. Навіна — гадзіну-другую.
Казка пішацца доўга. Навіна — некалькі хвілін.
Кніга пішацца ў будучыню. Навіна — у дадзены момант.
Кожная кніга апошняя. Апошніх навін, на жаль, не бывае.

Шаноўнае спадарства,
Я хацеў бы падзякаваць гораду Ляйпцыгу, Вольнай Дзяржаве Саксоніі, Ляйпцыгскай міжнароднай кніжнай выставе і Саюзу нямецкіх кнігагандляроў за прызнаньне і за гонар атрымаць гэтую высокую ўзнагароду — Ляйпцыгскую прэмію эўрапейскага паразуменьня.
Дзякуй Зігліндэ Гайзэль за цудоўнае лаўдацыё.
Дзякуй майму даўняму сябру і рэдактару маіх кніг, менчуку, віленчуку, беларускаму перакладчыку з Прагі Сяргею Шупу.
Дзякуй майму беларускаму выдаўцу Андрэю Янушкевічу, які прайшоў у Беларусі празь перасьлед за сваю выдавецкую дзейнасьць, а сёньня выдае вольную беларускую літаратуру ў Варшаве.
Дзякуй цудоўнаму выдаўцу Лейфу Грайнусу, дзякуй усёй камандзе выдавецтва “Волянд унд Квіст” за прыгожа выдадзеных нямецкіх “Сабакаў Эўропы”, якіх сёньня чытаюць у розных краінах.
Дзякуй маёй агентцы Марыі Шлісэр.
Дзякуй, Ігар Логвінаў. Дзякуй выдавецтву “Время”.
Дзякуй Беларускаму Свабоднаму тэатру і тэатральнай трупе ў выгнаньні “Вольныя Купалаўцы”. Вы бліскуча ставілі “Сабакаў Эўропы” на сцэнах Лёндану і Бэрліну, Парыжу і Адэляіды, Варшавы і Любліну, а таксама майго роднага Менску — і пазнаёмілі тысяч з кнігай тысячы людзей.
Дзякуй маім сябрам Андрэасу Ростэку і Дагмар Энгель з выдавецтва edition.fototapeta ў Бэрліне за іх падтрымку і веру ў вольную Беларусь.
Дзякуй, дарагі Томас Вайлер, за тваю грандыёзную працу — пераклад “Сабак Эўропы” на нямецкую мову! Без твайго таленту і тваёй любові да кнігі не было б нічога.
Дзякуй цудоўнай нямецкай мове і вялікай нямецкай культуры, дзякуй Германіі, што дала мне прытулак у цёмныя часы.
Дзякуй вялікім эўрапейцам, выгнаньнікам і экзылянтам: Джойсу, Набокаву, Гамбровічу і Кафку за тое, што некалі зьмянілі маё жыцьцё і далі мне найвялікшы ўрок свабоды.
Дзякуй маёй жонцы, пісьменьніцы Юлі Цімафеевай, за яе каханьне і разуменьне. Некалі даўно, у Менску, ты сказала мне: напішы такую кнігу, якую хочаш ты сам. Толькі ты. Будзь вольны. І я напісаў яе. Напісаў і прыдумаў мову бальбута. На якой вітаюцца і разьвітваюцца двума простымі словамі. Bu samoje!
Гэта значыць: будзьма вольнымі.
Будзьма ж вольнымі.


Глядзець цалкам трансляцыю з цырымоніі ўзнагароджання прэміі і адкрыцця Ляйпцыгскай кніжнай выставы можна тут.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram