Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?

Re:визия
Помнік Дзядзю Сцёпу. Фота: Sputnik / Інна Грышук

Reform.news працягвае праект «Культурная Re:візія», у якім праз тэксты беларускіх крытыкаў паспрабуем скласці мапу культурнага ландшафту ў Беларусі і замежжы.

Наш аўтар пахадзіў вулкамі беларускіх гарадоў, і нягледзячы на ўсе стэрэатыпы, заўважыў на іх шмат смецця, то-бок скульптурнага манументальнага трэшу.

Цікавыя прычыны, чаму міліцэйскае чынавенства стараецца ўвекавечыць свае, на іх думку, бессмяротныя подзвігі ў бронзе і іншых цвёрдых матэрыялах, але найбольш інтрыгуе тое, чаму гэта ўсё выглядае настолькі бездапаможна, часам – страшна, а ў большасці выпадкаў – проста смешна? Давайце разбірацца…

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?

Трэш экалагічны і ідэалагічны

Трэш-арт – мастацтва, зробленае са смецця – цалкам легітымная і жывая з’ява, і не ўсё так адназначна дрэнна з саматужным упрыгожваннем двароў і дзіцячых пляцовак, дзе не патрэбныя ў гаспадарцы рэчы атрымліваюць «другое жыццё». Аднак размова пойдзе не пра модныя рэсайклінг-тэндэнцыі, а хутчэй пра прагу непрафесіяналаў да творчасці. І не толькі пра гэта…

«Які трэш!» – міжвольны ўскрык, які можна пачуць і ад убеленага сівізной прафесара-мастацтвазнаўцы, і ад тынэйджара на якой-небудзь выставе каля самых недарэчных твораў. І ўсім зразумела, што іх абурае: нізкая якасць, адсутнасць сэнсу, кіч ці ўсё вышэйзгаданае разам.

А цяпер зірнем на скульптурную кампазіцыю з каванага металу, якая нядаўна з’явілася ў нашым «горадзе каралёў» – Гродна. На лаўцы сядзіць цёмная істота з вельмі ўмоўнымі рысамі твару, фуражка і шынель адсылаюць да вобразу мілітарызаванага дзяржаўнага служачага, мяркуючы па дэталях, з мінулага стагоддзя, ён падобны да салдата, паштара ці міліцыянта. Аднак шыльда на будынку, перад якім знаходзіцца скульптура, «Упраўленне ўнутраных спраў Гродзенскага аблвыканкама», не пакідае сумневаў: гэта – міліцыянт! Відавочна, што аўтар мае вельмі прыблізныя веды пра чалавечыя прапорцыі, бо калі ўявіць, што постаць уздымецца на доўгіх і худых нагах, яны, напэўна, складуць дзве траціны ад агульнай вышыні цела. Але і без гэтага жалезны міліцыянер здольны траўмаваць дзіцячае ўспрыманне. Асабліва гэта небяспечна для зусім маленькіх, бо памер пудзілы блізкі да чалавечага, лаўка натуральная – толькі дзядзя «чорны і жудасны».

Да таго ж, кампазіцыя ўключае дзве дзіцячыя постаці – хлопчыка і дзяўчынку. Выглядае, што ва ўсіх трох рукі і ногі гнуцца выключна пад прамым вуглом, а спіны наводзяць на думку пра праглынутыя палкі. Дзяцей аўтар увасобіў у зімніх строях і рукавічках не проста так, а каб не мучыцца марнымі спробамі адлюстраваць іх вушы і пальцы! Бо па адпаведных дэталях вялікага міліцыянта відаць, як жа гэта было пакутліва і няпроста.

Адзінае, што добра атрымалася, – міліцыянтавы чаравікі. Адчуваецца, што ім было прысвечана шмат працоўнага часу і ўвагі, таму суадносіны стылізацыі/дэталізацыі ў іх амаль дасканалыя. Лакальная прэса пераконвае, што скульптурнае страхоцце ў стылёвых металічных ботах – гэта Дзядзя Сцёпа з вядомай дзіцячай паэмы Сяргея Міхалкова.

Ці гэта не трэш у самым чыстым выглядзе? Зразумела, унутры Беларусі небяспечна прамаўляць такое ўголас, бо гаспадары будынка, які зусім непадалёк, здольныя прыхапіць такога крытыка ў пастарунак. Але трэба назваць рэчы сваімі імёнамі.

Яшчэ больш трэшу!

Манументальнага міліцэйскага трэшу ў Беларусі даволі шмат. Вось, напрыклад, помнік інспектару ДПС у Брэсце, каля будынка ДАІ УУС Брэсцкага аблвыканкама. Са свайго ўсталявання ў 2021 годзе помнік стаў «зоркай» інтэрнэту, разам з расійскай Алёнкай і лепельскім Ратавальнікам, ачоліўшы падборкі самых пачварных скульптур. Аднак здаецца, берасцейскія міліцыянты ім ганарацца, бо змяшчаюць гэтую страхалюдную выяву ў свае даішныя промаролікі ў сацмярэжах.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Помнік інспектару ДПС у Брэсце. Фота: brestcity.com

Ці вось, такі ДАІшнік жыве – і інтэрактыўна прапаноўвае вывучыць правілы дарожнага руху – у адным з мінскіх двароў з 2019 года. Стылістыка трэшу пазнавальная. Асаблівасць гэтага манумента — невялікі памер, бо ў натуральную велічыню чамусьці зроблена толькі фуражка.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Скульптура ДАІшніка ў адным з мінскіх двароў. Фота: сацсеткі.

У большасці сваёй падобныя скульптуры блізкія да натуральнай велічыні і размешчаныя ў грамадскай прасторы без п’едэсталаў, што дазваляе іх аднесці да вельмі папулярнай постсавецкай тэндэнцыі дэманументалізацыі – страты высокіх пастаментаў, змяльчэння масштабаў і сэнсаў.

Манументалізацыя (прафесійных) супольнасцей

У Беларусі існуе цэлая кагорта помнікаў, прысвечаных прадстаўнікам асобных прафесій. Прычым не нейкім канкрэтным людзям, а абагуленым «працоўным».

Нагадвае далёкія савецкія часы, калі следам за «Рабочым і сялянкай» аўтарства Веры Мухінай гарады Савецкага Саюза запоўнілі шматлікія «шахцёры», «сталевары», «спартоўцы» і прадстаўнікі іншых карысных для грамадства прафесій.

Наш сучасны аўтакрат дэкларатыўна атаясамлівае сябе з народам – яго інтарэсы ён нібыта адстойвае і яго прадстаўляе. Пры гэтым любы прадстаўнік гэтага народа, які дазваляе сабе мець уласнае меркаванне, адрознае ад уладнага, апынаецца не проста ворагам улады, а менавіта «ворагам народа». Гэты элемент цалкам запазычаны прапагандыстамі Лукашэнкі з савецкай дэмагогіі і актыўна выкарыстоўваецца – у тым ліку практычна, як падстава для рэпрэсій. У сучаснай жа праўладнай рыторыцы і яе адпаведных скульптурных увасабленнях беларускі народ гамагенізаваны, яго падзел на асобы не істотны і не патрэбны. А вось на прафесіі – калі ласка!

«Прафесійныя» статуі звычайна ўсталёўваюцца ў сімвалічных «кропках зборкі» супольнасцяў, чальцоў якіх яны манументалізуюць. Так, напрыклад, «Горны інжынер» (2021, аўтарскі калектыў – Юрый Бірын-Паўлаў, Лайма Мірончык, Міхаіл Фінскі) усталяваны каля Палаца культуры «Граніт» у Мікашэвічах. «Гандляр кавунамі» (2024, аўтары праекта – Ігар Засімавіч, Кацярына Зантарыя і Паліна Багданава, архітэктар – Віктар Карака) у Мінску перад Заходнім рынкам. Помнік Ляснічаму (2015, скульптар Валянцін Занковіч) каля профільнага корпуса Беларускага дзяржаўнага тэхналагічнага ўніверсітэта. Першай настаўніцы («Настаўніца першая мая» (2014, скульптар Аляксандр Шомаў) каля Беларускага дзяржаўнага педагагічнага ўніверсітэта і гэтак далей. Гэтыя статуі вельмі натуралістычныя, дэталізаваныя, адлітыя, як правіла, з бронзы. Яны зроблены прафесійнымі скульптарамі, таму мы ведаем імёны аўтараў.

Бронзавы «Выпускнік Акадэміі міністэрства ўнутраных справаў Беларусі», урачыста адкрыты ў 2018 годзе ў двары аднайменнай акадэміі ў Мінску, таксама мае аўтарства – гэта скульптар Хізры Асадулаеў.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Хізры Асадулаеў. Выпускнік Акадэміі міністэрства ўнутраных справаў Беларусі. Фота: minsknews.by

Помнік атрымаўся нечакана сімвалічным: міліцыянт стаіць перад сцяной з замураванымі дзвярмі ў акадэмію – выглядае, нібы ён не можа трапіць унутр. То-бок іранічна недасяжным апынаецца навучанне таму, што павінна быць галоўным у міліцэйскай працы, што пазначана побач з «уваходам» у выглядзе дэвізу «Служым народу, закону, Айчыне». Зачыненыя дзверы – вельмі сімвалічны вобраз для сучаснай Беларусі.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Фота: sb.by

Міліцыянты – адна з самых шматлюдных прафесійных супольнасцяў, нездарма Беларусь называюць «паліцэйскай дзяржавай». Канцэнтрацыя «праваахоўнікаў» на душу насельніцтва, паводле розных даных – ад 405 да 1442 на кожныя 100 000 беларусаў – адна з найбольшых у свеце. Улічваючы колькасць з’ехалых пасля 2020-га і бесперапынны дзяржаўны дрэйф у бок «ужэстачэння», гэтая прапорцыя стала расце на карысць міліцыянтаў. А адпаведных помнікаў прафесіі робіцца ўсё больш.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Помнік міліцыянту каля новага будынка ГУУС Мінгарвыканкама на Дабрамысленскім завулку ў Мінску. Фота: blizko.by

І калі шараговы бронзавы міліцыянт з’яўляецца ў чэрвені гэтага года каля новага профільнага будынка ў Мінску, задаешся пытанне: ці не той жа гэта самы трэш па сутнасці?

Які сэнс ва ўсталяванні падобных манументаў? Памеціць тэрыторыю? Запалохаць патэнцыйных іншадумцаў і крымінальнікаў? Зафіксаваць уласнае існаванне?

Што «на шчыце»?

Мы ведаем, што замоўцы гэтых помнікаў – праваахоўнае кіраўніцтва. Калі адкінуць набор прапагандысцкіх штампаў кшталту «увекавечыць службу» ці «фарміраваць грамадскую свядомасць» – атрымаем жаданне шматлюднага і ўплывовага прафесійнага цэху манументалізаваць сябе. Паказаць, так бы мовіць, з лепшага боку ў бронзе і жалезе. Але праблема ў тым, што ў гэтай спецыфічнай супольнасці базавыя рэчы, якімі патэнцыйна можна ганарыцца, непадзельна спалучаныя з відавочнай амаральнасцю і дзіччу. І гэта настолькі супярэчлівы сплаў, што лепш увогуле не дэманстраваць яго нікому, нават самім сабе.

Але ж такія спробы былі і вельмі красамоўныя… Амаль чатырохметровы бронзавы аб’ект з узнёслай назвай «Шчыт Айчыны» быў адкрыты ва ўнутраным двары Акадэміі нацыянальнай бяспекі Беларусі (вядомай мінчукам, як «школа КДБ» каля кінатэатра «Мір»), у снежні 2012 года, да 95-годдзя з дня ўтварэння адпаведных органаў.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
«Шчыт Айчыны» у Мінску. Намінальна аўтарам помніка зʼяўляецца вядомы беларускі скульптар Уладзімір Жбанаў. Ён не дажыў да яе фінальнага ўвасаблення і, шчыра кажучы, наўрад ці ганарыўся б вынікам. Такое ўражанне, што без яго аўтарскага нагляду тут абсалютна некрытычна і антыкампазіцыйна накідана літаральна ўсё запатрабаванае замоўцамі. Атрымалася відавочна трэшава, затое цяпер мы ведаем, які «фарш» знаходзіцца ў галовах праваахоўнага кіраўніцтва.

Помнік уяўляе з сябе павялічаны постсавецкі сімвал «праваахоўнікаў» – «шчыт і меч» – што тырчыць з велізарнага вянка. Паверхня шчыта цалкам пакрытая тэматычным скульптурным рэльефам. У яго цэнтры – сучасны супрацоўнік органаў дзяржбяспекі, вакол якога, як на талерцы выкладзенае, меркавана, усё самае важнае – партрэты заснавальніка ВЧК Фелікса Дзяржынскага, савецкага салдата часоў Другой сусветнай, выявы архітэктурных помнікаў, існуючых і ўяўных, шызоідна сабраных у адным месцы – мінскі абеліск Перамогі з фрагментам аднайменнай плошчы, гістарычны Сафійскі сабор у Полацку, Холмскія вароты Брэсцкай крэпасці. Усё гэта перамяшанае з фрагментарнымі выявамі сцягоў і чамусьці буслоў.

Выглядае лагічнай прысутнасць у анамнезе беларускіх «праваахоўнікаў» крывавага ката Дзяржынскага, ідэолага «чырвонага тэрору» ды заснавальніка сістэмы савецкіх лагераў. Але калі вы наўпрост вядзеце свой радавод ад ВЧК-ОГПУ-НКВД – навошта тут выява салдата? Вы ж, атрымліваецца, нашчадкі тых, хто салдатаў расстрэльваў у заградатрадах! І ці норм, у святле сучаснай барацьбы з экстрэмізмам, пакланяцца змагару-тэрарысту, галоўнай жыццёвай справай якога было гвалтоўнае змаганне з законнай уладай? Асаблівай пікантнасці скульптурнай кампазіцыі дадае выява помніка Перамогі на адпаведным месцы, хоць аўтары і замоўцы наўрад ці ў курсе антычных нюансаў канцэпцыі абеліска і сучаснай псіхааналітычнай тэорыі.

Гэты супярэчлівы мемарыяльны знак – выдатная ілюстрацыя кагнітыўнага дысанансу ў міліцэйскіх галовах. Гаспадары мелі рацыю, схаваўшы яго ва ўнутраным двары сваёй установы. Канешне, такое нельга дэманстраваць публічна, бо пытанні могуць узнікнуць у кожнага, хто знаёмы з гісторыяй нават на ўзроўні школьнай праграмы.

І тым не менш прафесійнай супольнасці, што імкліва павялічвалася, спатрэбіліся «месцы памяці» з пляцоўкамі для святаў і рытуалаў. Таму паралельна з ростам міліцэйскага ўплыву цягам мінулых дзесяцігоддзяў Беларусь атрымала шэраг помнікаў міліцыянтам, загінулым пры выкананні службовага абавязку. Тэндэнцыю задаў вялічэзны мінскі манумент аўтарства скульптараў Аляксандра Дранца і Васіля Антановіча, усталяваны ў 2003 годзе і вядомы сярод жыхароў сталіцы, як «шчыт з бананамі». Візуальна банальны і таўталагічны (цэнтр кампазіцыі – шчыт выяўлены на шчыце) але створаны з вялікай колькасці бронзы і чырвонага граніту – ён сапсаваў адзін з найпрыгажэйшых ландшафтаў Мінска ў лукавіне Свіслачы.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Памятны знак, прысвечаны загінулым пры выкананні супрацоўнікам і ваеннаслужачым МУС. Фота: blizko.by

Далей – болей, падобныя помнікі пачалі з’яўляцца ва ўсіх абласных цэнтрах і ў гарадах паменш. Усе яны вельмі эклектычныя – ці, простымі словамі, дзіўнаватыя, але ёсць і выключэнні. Напрыклад, у Брэсце скульптары Алеся Грушчанкова і Павел Герасіменка ў 2012 годзе здолелі зрабіць вельмі стылёвы і інфарматыўны твор, паказваючы, што гэта магчыма. Важна, што неадменны атрыбут згаданых мемарыялаў – імёны рэальных людзей, што загінулі, абараняючы суграмадзян, – выклікаюць, безумоўна, павагу. Прэтэнзіі выключна да візуальнай часткі такіх скульптур, якія ў пераважнай большасці выпадкаў трэшавыя.

Пытанні якасці і «мілаты»

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Фрагмент помніка супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку, у Гомелі (скульптар Валерый Кандраценка, 2012). Фота: сацсеткі

Чаму мастацка-пластычныя якасці такога кшталту афіцыйных скульптур звычайна такія нізкія? Нават аўтар перфектнага помніка Францыску Скарыну каля Нацыянальнай бібліятэкі знаны беларускі мастак Аляксандр Дранец вырабіў нейкую дзіўную дэталізаваную дзіч – «Мінскага гарадавога». Таго самага бронзавага гарадавога, усталяванага побач з галоўным будынкам КДБ, перад якім давялося выбачацца некалькім беларусам у 2017 – 2018 гадах. Для прафесійнага скульптара ў гэтай працы занадта шмат хібаў. Дыспрапорцыі – неадпаведнасць памераў чалавека і ліхтара (ён карлікавы), шыі (яна занадта доўгая) і астатняй постаці.

Слупападобная пластыка, прамы вугал у выгіне рукі разам з ненатуральнымі складкамі адзення робяць статую падобнай да манекена, пазбаўляюць чалавечнасці. Не ратуе і маленькі бронзавы сабачка каля ног фігуры. Дарэчы, навошта ён тут? Каб дадаць «мілаты»? Не атрымалася. Можа, праблема ў агульнай абсурднасці сітуацыі, бо статуя ўсталяваная да 100-годдзя заснавання беларускай міліцыі, а, як вядома, у 1917 годзе свежаствораная міліцыя акурат разагнала і рэпрэсавала гарадавых.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Аляксандр Дранец. Помнік гарадавому ў Мінску. Фота: Радыё Свабода.

Калі ў аднаго з найлепшых беларускіх скульптараў здараюцца эпічныя фэйлы ў творах міліцэйскай тэматыкі, то што казаць пра астатніх… Ці шкодніцтва гэта? Ці (несвядомы) пратэст творцаў? Сёння гэта вынік адмоўнага адбору, бо менавіта высілкамі «праваахоўнікаў» больш кваліфікаваныя мастакі занесеныя ў «чорныя спісы» і засталіся без працы ці зʼехалі за межы Беларусі. А тыя, хто застаўся, працуюць відавочна без энтузіязму.

Арлы і іншыя драпежнікі

Крыху асабняком стаяць мемарыяльныя высілкі беларускага АМАПу. Яны пераважна «для ўнутранага карыстання», бо ўсталяваныя ў зачыненых месцах дыслакацыі абласных падраздзяленняў міліцэйскага спецназа. Тут фігуруе выява арла – традыцыйнага вайсковага сімвала мужнасці і моцы. Але мы добра памятаем брутальную ролю амапаўскіх «арлоў» у падзеях 2020.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Памятны знак АМАПу ў Мінску (скульптар Хізры Асадулаеў, 2019). Фота: sb.by

Падаецца, беларускім амапаўцам трэба абраць у якасці сімвала іншую птушку, бо арлы па прыродзе не схільныя да катаванняў і садызму.

Міліцыянт, проста міліцыянт

Як бачым, намаганні міліцыянтаў стварыць сабе нейкі сімвалічна-абагульняльны помнік атрымліваюцца неадназначнымі. Таму прасцей прад’явіць грамадзянам чарговага бронзавага міліцыянера, празмерна не нагружаючы яго дадатковымі дэталямі і сэнсамі.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Дзядзя Сцёпа аўтарства непрафесійнага скульптара Івана Зуева (Усолье-Сібірскае, Расія, 2017). Помнікі Дзядзе Сцёпу шырока распаўсюджаныя ў рускамоўных гарадах. Што не дзіўна, бо створаны Сяргеем Міхалковым штучны вобраз добрага міліцыянта з дзяцінства ведае кожны – па кнігах і мультфільмах. Мэта такіх помнікаў – трансляваць пазітыўны імідж міліцыі ў гарадскіх прасторах.

Такая бягучая логіка галіновага кіраўніцтва: «Няхай будзе проста міліцыянер!». Гэта постсавецкі трэнд: мы знойдзем мноства падобных помнікаў у суседняй Расіі, дзе ў другой дэкадзе ХХІ стагоддзя адбыўся сапраўдны бум міліцэйскіх помнікаў.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Айчынны помнік «100 год беларускай міліцыі» (скульптар Валерый Кандраценка, 2017) у Гомелі, які глядзіцца цалкам арганічна ў паказаным шэрагу аб’ектаў. Усе яны падобныя, розніца палягае найперш у дэталях. Гомельскі помнік прыцягвае ўвагу класным матацыклам, але не зусім зразумела – навошта ён дапасаваны да статуі? То-бок, дэталі не заўсёды пасуюць бронзавай постаці – але робяць яе арыгінальнай, адрознай ад іншых.

Чаму не «красаўцы»?

Помнік – гэта пра памяць. Калі калектыўная памяць супольнасці, як монстр Франкенштэйна, штучна складзеная з несумяшчальных фрагментаў-асклепкаў (імперскіх, бальшавіцкіх, савецкіх і гэтак далей) – гэта сапраўды нагадвае змест вядра для смецця. А помнікі атрымліваюцца дзіўныя і эклектычныя.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
Асвячэнне памятнага знака супрацоўнікам міліцыі, якія загінулі пры выкананні службовага абавязку ў Пінску. Падчас адкрыцця 4 сакавіка 2025 года.

Крыху больш удалай стратэгіяй выглядае простая скульптурная канстатацыя свайго існавання. Літаральная манументалізацыя саміх сябе, з ненавязлівым дадаткам пазітыву, чым і займаюцца зараз беларускія міліцыянты. Але ёсць нюанс – падвышаная нязграбнасць. Каб зразумець чаму – вернемся на адкрыццё свежаўсталяванага «Дзядзі Сцёпы».

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?
На адкрыцці помніка Дзядзю Сцёпу. Іван Кубракоў, Юрый Караеў, Юрый Каранік. Фота: сацсеткі.

Кожны беларус пазнае інфернальнае трыа «пачэсных гасцей» святочнай цырымоніі. Два міністры ўнутраных спраў: Іван Кубракоў і Юрый Караеў, дзейны і былы – абодва адказныя за садызм і гвалт падаўлення народных пратэстаў супраць сфальсіфікаваных прэзідэнцкіх выбараў 2020-га. Юрый Каранік, тагачасны міністр аховы здароўя, які не забяспечыў гэтую ахову тысячам беларусаў, што сканалі ад каронавірусу падчас эпідэміі, таму што ягоны гаспадар вырашыў ігнараваць бедства.

Як і жалезная пачвара, да якой зараз будуць ускладзены кветкі, яны нібыта падобныя на людзей. Але «няма сэрца, няма душы, якія могуць быць пытанні?» – як спявае вядомы беларускі гурт. Якія маральнасць, эмпатыя і сумленне? Толькі беспярэчнае падпарадкаванне загадам – злачынным загадам свайго нелегітымнага кіраўніка.

Нялюдская жалезная постаць і ёсць выдатным увасабленнем такога кшталту асобаў. І так, вось яна, моц мастацтва – казаць праўду.

Хочацца верыць, што сярод беларускіх міліцыянераў ёсць годныя людзі, гатовыя сапраўды выконваць прысягу, то-бок служыць Рэспубліцы Беларусь і яе народу, згодна з Канстытуцыяй і законамі Рэспублікі Беларусь. Пакуль жа «не да законаў», а міліцыя выкарыстоўваецца аўтакратам як карная прылада, яна мае менавіта тыя помнікі, якіх заслугоўвае.

***

Праект падтрыманы праграмай ArtPower Belarus і фінансуецца Еўрапейскім Cаюзам.

Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?Смецце ў горадзе. Колькі ў Беларусі помнікаў міліцыянтам і навошта яны патрэбныя?

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости