Прэзідэнт Украіны Уладзімір Зяленскі заявіў, што нафтаправод “Дружба” будзе адрамантаваны на працягу вясны. Ён не працуе з студзеня пасля пашкоджання інфраструктуры ў выніку расійскага ўдару. Прэм’ер-міністр Венгрыі Віктар Орбан абвінавачвае Украіну ў тым, што праца нафтаправода не аднаўляецца па палітычных прычынах, і выкарыстоўвае гэта ў перадвыбарчай кампаніі, а таксама блакуе еўрапейскія грошы для Кіева.
“Калі далей будзе стаяць пытанне еўрапейскага фінансавання ў абмен на магчымасць паставак нафты, то мы сказалі, калі адрамантуем нафтаправод “Дружба”. А адказнасць за пастаўкі будзе на еўрапейцах. Мы адрамантуем, бо такая дамоўленасць. Я ім сказаў, што гэтай вясной мы скончым. Там шмат чаго зроблена”, – цытуе Зяленскага “Укрінформ”.
Паводле яго слоў, аднавіць знішчаныя рэзервы немагчыма, таму гаворка ідзе толькі пра аднаўленне транзіту з усімі рызыкамі.
“І тым больш мы не ведаем, ці ўстрымаюцца рускія ад новых удараў”, – дадаў ён.
Зяленскі таксама пацвердзіў, што партнёры прасілі яго ўстрымацца ад удараў па расійскай нафтавай інфраструктуры, пакуль ідзе вайна на Блізкім Усходзе. Ён не стаў удакладняць, хто менавіта выступаў з такой просьбай.
“Прасілі на розных узроўнях: ад палітычнага да ваеннага кіраўніцтва. Падчас блакіроўкі Армузскага праліва партнёры выходзілі з рознымі сігналамі да розных краін, ад якіх нешта залежыць. Кагосьці прасілі павялічыць здабычу, кагосьці — павялічыць магчымасці транзіту, а нас — зменшыць удары, гэта значыць нашы адказы на расійскія атакі. Бо яны лічылі, што гэта будзе мець уплыў на цэны на энергарэсурсы”, – патлумачыў Зяленскі.
