«Вясна» распавяла падрабязнасці масавых ператрусаў у Беларусі

Галоўнае
Фото: @vvmvdrb

Праваабарончы цэнтр «Вясна» паразмаўляў з людзьмі, у чыіх сваякоў 21 мая прайшлі ператрусы, і распавёў падрабязнасці масавай хвалі ціску на беларускіх актывістаў.

Праваабаронца «Вясны» Анастасія Васільчук распавяла, што раніцай да яе ў кватэру прыйшлі трое супрацоўнікаў КДБ у сувязі з яе ўдзелам у святкаванні Дня Волі ў Варшаве. Паводле яе слоў, аналагічныя візіты прайшлі і ў знаёмых, якія ўдзельнічалі ў акцыі ў Вільні.

«Усе падзеі ўчорашняга дня — яскравы паказчык таго, што рэпрэсіі не спыняюцца, а ўсё часцей набываюць транснацыянальны характар», — падкрэсліла яна, заклікаўшы пацярпелых звяртацца да праваабаронцаў і фіксаваць такія выпадкі.

Былы палітвязень праваабаронца Уладзімір Лабковіч паведаміў, што ператрус у яго праходзіў у рамках новай крымінальнай справы, узбуджанай за яго дзейнасць пасля вызвалення. Санкцыя была выпісаная Генеральнай пракуратурай яшчэ 8 мая, але не выкарыстоўвалася да Дня палітвязняў.

«Гэта такі “падарунак” ад рэжыму. Натуральна, гэта сігнал і актывістам, і былым палітвязням, што паляванне і рэпрэсіі працягваюцца. Таксама гэта спроба запалохаць грамадзянскую супольнасць праз ціск на сваякоў. Фармальна ператрусы звязаныя з Днём Волі, што ў тым ліку сведчыць пра наступ на нацыянальныя сімвалы і каштоўнасці.

Паводле непацверджанай інфармацыі, у некаторых ператрусы адбываліся ў рамках справы за “дыскрэдытацыю Рэспублікі Беларусь” (арт. 369-1 Крымінальнага кодэкса). У дачыненні да мяне адмовіліся называць артыкул, але следчы сказаў, што гэта за “новыя грахі” пасля вызвалення і таму, што я “не хачу выпраўляцца», — пракаментаваў ён.

Супрацоўнікі КДБ уварваліся таксама да бацькоў актывіста Арцёма Басалая, які жыве ў Польшчы. Паводле яго слоў, супраць яго ўзбуджаныя крымінальныя справы за “экстрэмізм”, “здраду Радзіме”, а таксама за ўдзел у акцыі з нагоды Дня Волі ў Варшаве. Ён адзначыў, што сапраўды ўдзельнічаў у Дні Волі ў Варшаве, не хаваў твару і публікаваў фатаграфіі з акцыі ў сацсетках.

“У кватэру па маім месцы рэгістрацыі і ў кватэру бацькоў, дзе я не жыў і не зарэгістраваны, з ператрусам уварваліся супрацоўнікі КДБ з панятымі. У выніку апісалі маёмасць бацькоў: халадзільнік, пральную машыну і г.д. Акрамя гэтага, бацькоў выклікалі з Маладзечна ў Мінск на допыт па маёй справе”, – распавёў ён.

Юрыстка «Вясны» Святлана Галаўнёва лічыць, што тое, што адбываецца, неабходна разглядаць як транснацыянальны пераслед беларусаў і нагадала, што МКС ужо вядзе расследаванне па «сітуацыі Беларусь / Літва».

«Новыя выпадкі пераследу павінны разглядацца не ізалявана, а як частка ўжо існуючага працэсу прыцягнення да адказнасці», — падкрэсліла яна.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.