Узламаны сайт «Палеская вясна»

Праваабарончы цэнтр «Вясна» пракаментаваў сітуацыю з атакай на сайт «Палеская вясна». Сёння ў блізкіх да сілавікоў тэлеграм-каналах з’явілася інфармацыя пра ўзлом сайта і атрыманне доступу да паштовага сэрвісу.

Праваабаронцы прызнаюць, што сайт быў узламаны, але падкрэсліваюць, што паштовы сэрвіс не быў звязаны з цэнтральным сайтам «Вясны».

«Сайт «Палеская вясна» сапраўды быў узламаны. Пры гэтым важна адзначыць, што сайт не абнаўляўся амаль два гады і на дадзены момант фактычна існаваў як архіў ранейшых публікацый.

Сайт «Палескай вясны» і згаданы паштовы сэрвіс, пра які ідзе гаворка, не былі звязаныя з цэнтральным сайтам арганізацыі spring96.org і іншымі інфармацыйнымі рэсурсамі «Вясны». Гэтыя рэсурсы, а таксама афіцыйныя электронныя скрыні і, адпаведна, звароты, якія накіроўваюцца праз іх, знаходзяцца ў бяспецы.

На дадзены момант ПЦ «Вясна» працягвае высвятляць сітуацыю з паштовай скрыняй, пра якую ідзе гаворка ў паведамленні сілавікоў, і магчымым доступам да яе», — гаворыцца ў заяве.

«Вясна» таксама падкрэслівае, што інфармацыя пра нібыта ўцечку даных аб фінансах арганізацыі не адпавядае рэчаіснасці.

«Такія заявы не маюць пад сабой падстаў і з’яўляюцца часткай спробаў сілавых структур у чарговы раз дыскрэдытаваць дзейнасць арганізацыі», — гаворыцца ў заяве.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!