МАРГ зачысціў “Экспабел” ад прадукцыі Nivea

Міністэрства антыманапольнага рэгулявання і гандлю адчыталася аб канфіскацыі з продажу прадукцыі маркі Nivea на рынку “Экспабел”.

Як паведамілі ў прэс-службе МАРГ, маніторынг быў праведзены пасля звароту грамадзян у інтэрнэце.

Былі выяўлены факты продажу прадукцыі Nivea, у тым ліку ў ІП і прыватнага прадпрыемства «Сервіс-рай». Апошняе ў лютым 2026-га ўжо прыцягвалі за гэта да адказнасці. Тады з продажу канфіскавалі 63 адзінкі тавару гэтага брэнда.

Нагадаем, забарона на тавары кампаніі Beiersdorf (гандлёвыя маркі «Nivea», «Eucerin», «La Prairie», «Labello», «Hansaplast», «Florena», «8X4», «Skin Stories», «Gammon», «Tesa», «Chaul», «Coppertone», «Hidrofugal», «Stop The Water While Using Me») была ўведзена ў красавіку 2021 года. Тады ж забаранілі і прадукцыю Škoda і Liqui Moly.

Да гэтага тры кампаніі адмовіліся спансіраваць Чэмпіянат свету па хакеі, калі ён пройдзе ў Беларусі. У выніку Мінск быў пазбаўлены права прымаць чэмпіянат. У адказ урад забараніў увоз і рэалізацыю тавараў кампаній па ўказанні Аляксандра Лукашэнкі.

Апошні раз забарону на тавары трох кампаній працягнулі да канца 2027 года.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!