Расійская кампанія праз суд патрабуе 1,2 млн долараў з «Трансавіяэкспарту»

Расійская лізінгавая кампанія «Дыёна» патрабуе з беларускага ААТ «Авіякампанія Трансавіяэкспарт» больш за 1,2 млн долараў. Два іскі былі пададзеныя ў Арбітражны суд Варонежскай вобласці.

Па першым іску «Дыёна» патрабуе выплаціць 128,5 тысячы долараў запазычанасці па дамове арэнды ад 2021 года і 767,4 тысячы долараў няўстойкі. Па другім — 44,2 тысячы долараў запазычанасці па дамове субарэнды ад 2023 года і 264,2 тысячы долараў няўстойкі.

Абодва іскі былі пададзеныя 10 жніўня. 14 жніўня суд разгледзеў іх і пакінуў без руху з-за парушэнняў — да іскаў не прыкладалася выпіска з адзінага дзяржаўнага рэестра юрыдычных асоб або адзінага дзяржаўнага рэестра індывідуальных прадпрымальнікаў (АДРЮА) з указаннем звестак пра месца знаходжання істца і адказчыка.

Расійскай кампаніі прапанавана ліквідаваць парушэнні і прадставіць новыя дакументы не пазней за 14 верасня 2026 года.

Авіякампанія «Трансавіяэкспарт» была створана ў 1992 годзе. Яна займаецца грузавымі перавозкамі. Патрапіўшы пад санкцыі ЗША і ЕС, кампанія змяніла назву на «ТАЕ Авія» ў 2022 годзе, аднак у ісках указана яе старая назва.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!