Міністэрства замежных спраў Беларусі заявіла, што кіраўнік ведамства Максім Рыжанкоў не змог прыняць удзел у інаўгурацыйным пасяджэнні Савета міру 19 лютага 2026 года з-за нявыдачы віз беларускай дэлегацыі.
Як паведамілі ў МЗС, беларускі бок загадзя паведаміў арганізатарам мерапрыемства пра тое, што па рашэнні Аляксандра Лукашэнкі краіну на пасяджэнні будзе прадстаўляць міністр замежных спраў. Паводле даных ведамства, адпаведныя паведамленні былі накіраваныя амерыканскім пратакольным службам ва ўстаноўленым парадку, а дакументы для афармлення віз пададзены загадзя.
“Аднак, нягледзячы на выкананне ўсіх патрабаваных працэдур з нашага боку, візы нашай дэлегацыі выдадзены не былі. У гэтай сітуацыі ўзнікае заканамернае пытанне: пра які мір і пра якую паслядоўнасць можа ісці гаворка, калі нават базавыя фармальнасці для нашага ўдзелу не былі выкананы арганізатарамі? А бо першапачаткова запрашэнне прыняць удзел у пасяджэнні Савета міру ад Прэзідэнта ЗША было накіравана Кіраўніку беларускай дзяржавы. Дадатковыя каментарыі залішнія”, — гаворыцца ў паведамленні ведамства.
Нагадаем, 11 лютага Аляксандр Лукашэнка заявіў, што не паедзе на Савет міру ў ЗША, бо атрымаў запрашэнне позна, калі яго графік ужо быў сфарміраваны. Сёння ён сустракаўся са старшынёй Сената Зімбабвэ Мэйбл Мемары Чынамонай. Яшчэ адной прычынай не ехаць у ЗША Лукашэнка назваў лагістычныя складанасці з-за санкцый ЕС.
Пазней Лукашэнка абверг здагадкі, што ляцець на Савет міру яму нібыта забараніў Уладзімір Пуцін. Ён дадаў, што Беларусь не збіраецца выдзяляць мільярды Газе, і заявіў, што хоча пабываць на іншых пасяджэннях савета «не ў Вашынгтоне, недзе ў Еўропе або на Блізкім Усходзе, магчыма, у Ізраілі, бліжэй тут у Турцыі», калі будзе абмяркоўвацца пытанне Украіны.
Прэс-сакратар Лукашэнкі Наталля Эйсмант заявіла, што Беларусь у Вашынгтоне будзе прадстаўляць кіраўнік МЗС Рыжанкоў.
Аднак сёння кіраўнік МЗС замест першага пасяджэння Савета міру ў Вашынгтоне ўдзельнічае ў Мінску ў літаратурным вечары, прымеркаваным да Міжнароднага дня роднай мовы і Года беларускай жанчыны.
