Федэральная пракуратура Германіі прад’явіла абвінавачанні 50-гадоваму грамадзяніну Украіны Сяргею К. у сувязі з выбухамі на газаправодах «Паўночны паток» у верасні 2022 года. Пра гэта паведамляе нямецкае выданне Die Zeit.
Паводле версіі следства, Сяргей К. узначальваў групу з сямі чалавек, якая на арандаванай паруснай яхце Andromeda дабралася да трубаправодаў і ўсталявала выбухоўку на глыбіні каля 80 метраў. 26 верасня 2022 года былі разбураныя тры ніткі газаправода. Яму інкрымінуюцца напад на грамадзянскую энергетычную інфраструктуру, што кваліфікуецца як ваеннае злачынства паводле міжнароднага права, а таксама арганізацыя выбуху і знішчэнне збудаванняў.
Сяргей К. быў затрыманы ў жніўні 2025 года падчас адпачынку ў Італіі і з лістапада мінулага года знаходзіцца ў нямецкім следчым ізалятары. Ён адмаўляе сваю датычнасць да выбухаў. У сваёй скарзе на ўтрыманне пад вартай Сяргей К. спасылаецца на «функцыянальны імунітэт» вайскоўца, які, паводле яго слоў, толькі выконваў загады.