«Менск, калі я чытала гэтую кнігу, паўставаў як Атлантыда ці вялікі сіні кіт»: Святлана Курс – пра прэмію Гедройця, гарадскія маркеры і траўму, якая не абавязкова забівае

Главное
Святлана Курс. Фота: Дзірк Скіба

Выбар журы літаратурнай прэміі Гедройця для многіх стаў нечаканым, аднак у выніку ўспрымаецца вельмі лагічным: у такія складаныя часы, як нашы, мастацкае слова мусіць быць дзейсным. А кніга Сяргея Абламейкі, што заняла першае месца, «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая» – выразны заклік да дзеяння, выток якога павінен умацавацца ў прасторы нашай памяці.

Мы паразмаўлялі з сябрам журы сёлетняй прэміі і леташняй лаўрэаткай Святланай Курс (Евай Вежнавец), аўтаркай кнігі «Па што ідзеш, воўча?», пра гістарычныя планіроўкі гарадоў, важныя дробязі з радзімы і жыццёвую прыгоду разам з чытачамі.

 

Гарады, якія мы страцілі

– Ці можаце вы прыадкрыць сакрэты ўнутранай кухні: як журы прыйшло да гэтага рашэння і ці вы падзяляеце яго?

– Кандыдатаў было багата, таму шмат часу заняло складанне доўгага спісу, пасля – кароткага, а потым і вызначэнне пераможцы. Але пазіцыі ўсё больш ссоўваліся і паступова мы падышлі да кансенсусу. Гэты кансенсус нам дорага не каштаваў.

– Што вас найбольш уразіла ў кнізе Сяргея Абламейкі?

–  У гэтай кнізе ёсць глыбокі сімвалізм, і праяўляецца ён праз розныя рэчы. Напрыклад, праз такі гістарычны факт: калі палякі ненадоўга ўвайшлі ў Менск, то Пілсудскі дэклараваў, што яны будуць размаўляць з беларусамі як вольныя з вольнымі і роўныя з роўнымі. А потым, як і заўжды, адбылося тое, што адбылося, напрыклад, вялізны пажар, які шмат што знішчыў.

«Менск, калі я чытала гэтую кнігу, паўставаў як Атлантыда ці вялікі сіні кіт»: Святлана Курс – пра прэмію Гедройця, гарадскія маркеры і траўму, якая не абавязкова забівае
Старонка кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая»

У гэтай кнізе змешчаны біяграмы сотняў людзей, якія спрычыніліся ці да абароны, ці да разбурэння старога Менска, – як герояў, так і антыгерояў, і іх лёсы можна прасачыць.

Аўтар раскрывае ролю Інстытута беларускай культуры – Інбелкульта, які ў 1920-х змагаўся за стары Менск. Аб’ектыўна і грунтоўна апісвае тых вараг, якія прыехалі з Расіі, і замест таго, каб разбураць горад, імкнуліся яго захаваць. Гэта Сяргей Шастакоў і Мікола Шчакаціхін, якія сваімі праектамі стараліся ўратаваць «менскасць». А гэтая «менскасць» была дастаткова ўтульная. Напрыклад, у ёй быў Смачны куток­­, які існаваў з Сярэднявечча, і там прадавалі, напрыклад, суп крупнік і калдуны. Жыццё кіпела – у гэтым нашым Менску, цяпер цалкам знявечаным.

І горай за ўсё чытаць пра тое, як упарта, настойліва, асэнсавана і паслядоўна знішчалі Менск расійскія акупанты. Пры царызме і асабліва пры бальшавіках імі было разбурана працэнтаў восемдзесят старога горада.

Сяргей Абламейка падрабязна апісвае гэту бязлітасную лютую волю. Гэтае імкненне ператварыць маленькі, вузкавулічны сярэднявечны Менск спачатку ў расейскі губернскі горад, а пасля – у савецкі. Былі знішчаны 39 кварталаў мураваных дамоў і ўся тапаніміка, заменены нашы назвы вуліц на гэтых ленінаў і кнорынаў.

«Менск, калі я чытала гэтую кнігу, паўставаў як Атлантыда ці вялікі сіні кіт»: Святлана Курс – пра прэмію Гедройця, гарадскія маркеры і траўму, якая не абавязкова забівае
Старонка кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая»

Мне вельмі спадабалася думка Сяргея Абламейкі пра тое, што архітэктура – маркер той цывілізацыі, у якой мы нараджаемся і расцём.

Менавіта таму нашы ўсходнія суседзі з асэнсаванай жорсткасцю перараблялі гэтыя маркеры пад сваю імперыю.

З гэтай прычыны мне было так цікава разглядаць архіўныя здымкі, і Менск, калі я чытала гэтую кнігу, паўставаў, як Атлантыда ці вялікі сіні кіт, я чула, як шуміць вада ў акіяне, што сцякае з гэтага кіта. Аўтару ўдалося адбудаваць гэты горад у сваёй душы, бо ў 1972–1973 гадах, калі горад дабівалі, яму было 10-11 гадоў.

Усё гэта мяне вельмі ўразіла, і я ахвотна прагаласавала за гэтую кнігу. Хоць чытаць яе няпроста: там фактамі насычаны кожны радок.

«Менск, калі я чытала гэтую кнігу, паўставаў як Атлантыда ці вялікі сіні кіт»: Святлана Курс – пра прэмію Гедройця, гарадскія маркеры і траўму, якая не абавязкова забівае
Старонка кнігі Сяргея Абламейкі «Невядомы Менск. Гісторыя знікнення. Кніга першая»

Гэта прыўкрасны выбар. І своечасовы. Асабліва кранула тое, што Сяргей сказаў на ўручэнні прэміі: у яго ёсць мара ў вольнай новай Беларусі адбудаваць стары Менск.

Дарэчы, другая кніжка таксама гатовая. Яна пра разбурэнне старога горада ў 1940-я – 1970-я гады, а ў першай апісваецца, як Менск знішчаўся ў 1920-я – 1930-я, да 1941 года.

– Сяргей Абламейка ўдзельнічаў усё ж у літаратурнай прэміі – і выйграў, ці з гэтага можна зрабіць выснову, што яго гістарычнае даследаванне набыло пераканальную літаратурную форму?

– Я б вызначыла яго кнігу як вялізнае і вельмі абгрунтаванае эсэ.

– Ці можа гэта кніга стаць каталізатарам ­– спачатку грамадскага абмеркавання, а пасля і нейкіх канкрэтных рашэнняў па ўзнаўленні старога Менска?

– Мяркую, што так: яна стане фундаментам, на якім мы зможам весці дыскусію, а пасля і ўвасабляць нашу мару пра адбудову старых гістарычных цэнтраў. Старое Берасце таксама знішчанае, а Гародню руйнавалі на нашых вачах – у пачатку 2000-х. Замест таго, каб прытрымлівацца гістарычнай забудовы, у нашы гарады ўпіхвалі вялізныя бессэнсоўныя плошчы – паводле расійскіх узораў. Імперыі патрэбны такія плошчы, каб па іх маршыравалі жаўнеры, хадзіла пакорнае насельніцтва, якое прыгналі на дэманстрацыю. А ў нас быў зусім іншы лад жыцця. І павінен быць іншым – еўрапейскім, асэнсаваным, шчаслівым.

 

Літаратура з адным лёгкім

– У шорт-лісце былі прадстаўлены кнігі вельмі розных жанраў. Ці гэта прэмія выявіла кропкі росту для новых трэндаў, тэмаў у нашай сучаснай літаратуры?

­– Беларуская культура, – як сказаў Сяргей Абламейка, – сёння дыхае адным лёгкім. Па-першае, мы выгнаныя з Краю. Складана пісаць, калі ты не на Бацькаўшчыне, бо ты не дыхаеш яе паветрам. Аднак і на радзіме складана пісаць, бо там свядома знішчана кніжная культура, выдавецтвы закрытыя або загнаныя пад плінтус. І не ўсе тэмы можна кранаць, бо ты ў любы момант можаш быць абвешчаны экстрэмістам, займець паламаны лёс і не зможаш дабрацца да чытача. Аднак і ў такім падаўленым стане беларуская літаратура дэманструе абсалютную нармальнасць. І ў доўгім, і ў кароткім спісе прэміі Гедройця прадстаўлены розныя жанры – ад «страшылак» Максіма Клімковіча да добрага еўрапейскага рамана Вольгі Гапеевай…

«Менск, калі я чытала гэтую кнігу, паўставаў як Атлантыда ці вялікі сіні кіт»: Святлана Курс – пра прэмію Гедройця, гарадскія маркеры і траўму, якая не абавязкова забівае
Кніга Вольгі Гапеевай “Самота, што жыла ў пакоі насупраць”.

– То-бок нармальныя еўрапейскія трэнды?

– Так, менавіта. Хіба мне бракуе класічнага дэтэктыву, любоўнага рамана, каб там непагана пра секс было напісана. Асэнсаванне лёсу Бацькаўшчыны, безумоўна, важнае, але ж хацелася б чытаць і пра больш звычайныя рэчы. «Мая школа» спадарыні Ганны Севярынец – амаль школьны дзённік, часам вельмі пранізлівы. Там пазнавальныя рэаліі і душараздзіральныя гісторыі, але такое нашае жыццё цяпер…

«Менск, калі я чытала гэтую кнігу, паўставаў як Атлантыда ці вялікі сіні кіт»: Святлана Курс – пра прэмію Гедройця, гарадскія маркеры і траўму, якая не абавязкова забівае
Ганна Севярынец “Мая школа”.

– Вы сказалі, што для вас важна дыхаць паветрам радзімы. Што вам як пісьменніцы не хапае тут, у Польшчы, што засталося ў Беларусі?

– Мне важна бачыць, як змяняюцца людзі, з’яўляюцца новыя сацыяльныя трэнды. Якія тавары ляжаць на паліцах…

– То-бок нейкія дробязі, недасяжныя праз экран манітора?..

– Так, недасяжныя менавіта дробязі, аднак яны і фармуюць нашае жыццё. Там дабудавалі вуліцу, тут пабачылі машыны новай маркі, тут прадаюць нейкі асаблівы алей, а там знікла любімае віно, а тут з’явіліся нейкія рэдкія тавары, якія ўвайшлі ў гарадскі фальклор, у штодзённую мову… Новыя фільмы абмяркоўваюцца. Гэта і ёсць тканка штодзённага жыцця, вельмі важная для літаратара. Калі ты пішаш гістарычную кнігу, заснаваную на архіўных звестках, гэта адно. У эмігранцкіх варунках напісаць кнігу пра жыццё немагчыма: каб чытач убачыў у ёй адбітак свайго лёсу, трэба каб пісьменнік быў са сваім народам.

 

«Ёсць рэчы, якія трэба памятаць праз пакаленні»

– Разважаючы пра сучасную беларускую літаратуру, немагчыма абмінуць паняцце траўмы… Мы яшчэ не паспелі перапрацаваць усе нашы гістарычныя траўмы, а тут нас накрылі падзеі 2020–2022 гадоў – параза мірнай рэвалюцыі, абвінавачанні ў саўдзеле ў вайне. Як хутка і ці ўвогуле магчыма тое, што мы перапрацуем усе нашы нацыянальныя траўмы? І наколькі важна займацца гэтай няўдзячнай працай – чытаць жа ў выніку будуць больш лёгкія творы?

– Я мяркую, што прапрацоўваць траўмы трэба комплексна. Гэта значыць, што трэба звяртаць увагу і на шчаслівыя бакі нашага жыцця. Бо калі мы зоймемся толькі траўмамі, то беларуская літаратура зробіцца цяжкай, як сырая цагліна.

Часам думаю, што нават падчас Другой сусветнай вайны, калі людзей палілі ў хатах, і ў сталінскія часы нехта недзе жыў шчаслівым жыццём, а кулі і агонь яго не краналі. Нехта будаваў сядзібу, гадаваў кароўку, кахаў, жаніўся, купляў ялінку ці прывозіў яе з лесу. У яго раслі дзеці, радасць была ў хаце. Сервізы набываў…

– Проста як у кнізе «Мы з Санькам у тыле ворага»…

–  Так, досвед страшны, а кніжка светлая. Трэба звяртаць увагу на светлыя бакі жыцця, таму што займацца толькі траўмай – як есці ўвесь час толькі чорны хлеб.

– Ваша кніга «Па што ідзеш, воўча?» якраз жа пра чорны хлеб.

– Я б так не сказала. Там і пра моц. Ёсць такая прыказка: дождж не дубіна, а мы не гліна. Траўма гэта не такая рэч, якая абавязкова нас заб’е.

– Маўляў, тое, што нас не забівае, робіць нас мацнейшымі?..

– Аднак бывае, што не – робіць слабейшымі, больш баязлівымі, абразае нам крылы і абмяжоўвае нашыя жаданні. Па-рознаму бывае. У маёй кнізе шмат любові розных відаў, часам вельмі паламанай. Мяне мая кніжка не засмучае.

«Менск, калі я чытала гэтую кнігу, паўставаў як Атлантыда ці вялікі сіні кіт»: Святлана Курс – пра прэмію Гедройця, гарадскія маркеры і траўму, якая не абавязкова забівае
Ева Вежнавец. «Па што ідзеш, воўча?»

– Можа нам варта павучыцца ў палякаў таму, як паслядоўна і настойліва яны перапрацоўваюць свае траўмы? Як пастаянна да іх звяртаюцца…

– Не, у іх усё па-іншаму адбываецца. Палякі засяроджаны на захаванні памяці, самых найдрабнейшых яе фрагментаў… Рэч ідзе не пра траўму, а пра імкненне не забываць сваіх несправядліва забітых. Пра тое, што ёсць тое, што нельга дараваць. Тое, што трэба памятаць праз пакаленні, каб яно не паўтарыліся. І тут вельмі важна назіраць: ці змянілася цывілізацыя крыўдзіцеляў, ці не змянілася. Таму што калі яна не змянілася, то яны прыйдуць заўтра і паўтораць Катынь. Толькі зробяць так, як зрабілі ў Курапатах, каб не засталося слядоў, каб не знайшлі ў ямах польскіх прадметаў. Усе ж ведаюць, што пад  Курапатамі стралялі таксама і палякаў, 900 прозвішчаў узнавілі, а польскіх рэчаў не знайшлі. Так што палякі падыходзяць да сваіх траўмаў з розумам, з годнасцю і з разлікам. Яны не рвуць на сабе валасы.

– Такая праграма і нам падыдзе – нічога не забываць.

Безумоўна!

 

«У іх нічога не атрымаецца!»

– Наколькі літаратура можа быць уплывовай у нашым грамадстве? Той жа Сяргей Абламейка на эйфарыі пасля мітынгаў 2020-х прыйшоў да высновы, што ніводны радок на беларускай мове не быў напісаны дарэмна.

Гэта заўважылі і нашыя, так бы мовіць, апаненты. Намеснік міністра інфармацыі Ігар Бузоўскі выдаў сентэнцыю пра небяспеку кніг: «Великое счастье, что у нас есть воля, сила, понимание и сознание того, что это страшнейшее мощнейшее оружие. Я говорю о книгах. Недопонимание того, что книга — гораздо более мощное оружие, чем ракеты и танки, приводит к тому, что приходится применять ракеты и танки».  І яшчэ, не менш адыёзнае: «Элиты составляют 5% общества, они читают книги и влияют на процессы. Если мы упустим это направление, у нас не будет будущего». Ну і пасля пра тое, што сілавыя структуры ў гэтым ім дапамогуць…

– Канечне ўпусцяць!

– І я так лічу. Аднак што мы можам рабіць са свайго боку ў гэтай культурнай вайне? На радзіме і за яе межамі?

– Працягваць працу, нягледзячы на перашкоды, любымі спосабамі, кожны на сваім месцы, на радзіме пад псеўданімам – вада шлях знойдзе.

Бо з чым тут змагацца? Бузоўскі высоўвае галоўны тэзіс фашызму: любая культура – вораг. І няпраўда, што кніга – гэта зброя. Кніга – гэта мір і свабода. Калі гэта сапраўды кніга, а не тое, што Гітлер напісаў, ці непісьменнае трызненне Праханава з Дугіным. Бузоўскі ідзе па фашысцкай сцежцы, калі разважае, што трэба дэнацыфікаваць Беларусь, каб ператварыць яе ў частку «русского мира».

А што такое «русский мир» – гэта фашызм у яго найбольш прымітыўнай і антычалавечнай форме.

У іх нічога не атрымаецца, таму што фашызм нічога вартаснага не спараджае, толькі заскарузлую брыдоту, якая ім падабаецца.

Расійская цывілізацыя пацярпела найстрашнейшае паражэнне, пацярпелі паражэнне тыя, хто прыкрываўся Дастаеўскім і Талстым і разважалі пра вялікую літаратуру. Чаго вартая вялікая літаратура, калі яна не можа выхаваць нармальны народ? Значыць, гэта літаратура мае ў сябе нешта ўломнае. Германія ў сваіх вычварных формах праіснавала некалькі дзясяткаў гадоў, а расійская цывілізацыя застаецца чалавеканенавісніцкай праз усю сваю гісторыю, а гэта азначае, што яе культура церпіць паразу.

­

Post factum да леташняга Гедройця

– Як змянілася вашае жыццё з атрыманнем прэміі Гедройца?

– Моцна змянілася. Я пусціла гэтую прэмію на тое, каб выправіць свае фінансавыя праблемы і купіць сабе пару вельмі прыемных рэчаў. Гэта прагматычны бок узнагароды.

А па-другое, мне было вельмі міла, што маю працу ацанілі! Любоў да Бацькаўшчыны нас усіх аб’яднала: людзі прачыталі маю кнігу, пазналі сваіх бабулек, згадалі іх прыказкі-прымаўкі і забабоны. Згадалі пра сваю зямлю і паспрабавалі ўзнавіць лёс свайго роду.

Мы дасюль нібыта дзелімся адно з адным змесцівам нашых сямейных альбомаў, расказваем сямейныя гісторыі… Вакол кніжкі паўстае новы кантэкст, і ў мяне атрымалася вельмі цікавая жыццёвая прыгода, у якую я ўвайшла разам са сваімі чытачамі, сваімі суайчыннікамі.

– То-бок вам пастаянна пішуць?

– Так, вельмі шмат.

 – На такім багатым матэрыяле можна некалькі новых кніг напісаць…

Ох, я цяжка пішу кнігі. Я мусіла здаць новую ў гэтым годзе і нават яе напісала. Але я бачу, што яна ўсё яшчэ легкаважная. Гэта ўсё яшчэ не гатовы прадукт, а мне не хочацца выдаваць паўфабрыкат. Бо я часта заўважаю, што людзі маюць геніяльную задуму і добры талент, а выдаюць паўфабрыкат. І ты чытаў бы гэту кніжку з вялікай асалодай, але бачыш фанеру, клей і тэатральныя падмосткі замест жывога жыцця.

Калі б пісьменнікі выдаткоўвалі на свае кнігі дастаткова часу і мелі добрага рэдактара, то нашмат больш з’яўлялася б шэдэўраў у беларускай літаратуры.

І свае недахопы я бачу – і ў першай, і ў другой, і ў гэтай трэцяй кнізе, калі яна будзе дароблена. Так што не ведаю, калі выйдзе наступная кніжка, пакуль накопліваю ўнутраны матэрыял.

– То чакаем з нецярплівасцю…

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: