Беларускія праваабаронцы выступілі з заявай з нагоды высылкі з Беларусі вызваленых палітвязняў. Яны вітаюць крокі па вызваленні 175 чалавек з боку беларускіх уладаў. Разам з тым праваабаронцы выказваюць сур’ёзную заклапочанасць тым, як рэалізуюцца гэтыя вызваленні.
«Мы вітаем вызваленне 175 чалавек (52 — 11 верасня 2025 г. і 123 — 13 снежня 2025 г.), з якіх 163 былі раней асуджаныя з парушэннем прававых стандартаў у выніку палітычна матываванага пераследу, як і іншыя вызваленні, што адбыліся раней (у прыватнасці, 21 чэрвеня 2025 г.). Мы выказваем надзею, што падобныя вызваленні будуць працягвацца, і па-ранейшаму заклікаем беларускія ўлады праяўляць дальнабачнасць у пераадоленні складзенага ў краіне гуманітарнага крызісу.
Разам з тым мы выказваем сур’ёзную заклапочанасць тым, як менавіта рэалізуюцца гэтыя вызваленні. Вызваленыя асобы падвяргаюцца гвалтоўнаму перамяшчэнню да межаў суседніх дзяржаў, а менавіта да беларуска-літоўскай і беларуска-ўкраінскай межаў. Некаторыя з вызваленых асоб паведамлялі, што перамяшчэнні адбываліся з мяшкамі на галовах, у кайданках. Усё гэта ажыццяўлялася з парушэннем базавых працэсуальных гарантый свабоды, без забеспячэння магчымасці прававой абароны, уключаючы доступ да неабходных дакументаў і прававой дапамогі.
Акрамя таго, перамяшчэнне асоб на тэрыторыю Украіны — дзяржавы, якая знаходзіцца ў стане ўзброенага канфлікту, — у непасрэдную блізкасць да зоны баявых дзеянняў уяўляе сабой дадатковы абцяжарваючы фактар сур’ёзнай фізічнай небяспекі і глыбокага псіхалагічнага ўзрушэння для людзей, якія правялі працяглы час у месцах пазбаўлення волі ў негуманных умовах утрымання і ў выніку гэтага ўжо знаходзяцца ў асабліва ўразлівым становішчы.
Вызваленыя асобы, гвалтоўна вывезеныя за межы Рэспублікі Беларусь, фактычна аказваюцца ў сітуацыі прымусовага выгнання і пазбаўлены магчымасці вярнуцца на радзіму. Некаторыя з іх пазбаўлены пашпартоў. Такія дзеянні беларускіх уладаў наўпрост парушаюць як нацыянальнае заканадаўства, так і міжнародныя абавязацельствы Беларусі, і робяць яшчэ больш уразлівым становішча людзей, якія ўжо панеслі несправядлівае пакаранне.
Паводле паведамленняў беларускіх уладаў, яны былі памілаваныя і вызваленыя ад пакарання, бо няма ўказанняў на памілаванне шляхам замены пакарання на больш мяккае, што азначае, што ўсе гэтыя людзі павінны быць свабоднымі. Прымусовая высылка, ажыццёўленая фактычна пад канвоем адразу з месцаў несвабоды, у першую чаргу парушае іх права на асабістую свабоду (арт. 25 Канстытуцыі, арт. 9 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), а таксама свабоду перамяшчэння (арт. 30 Канстытуцыі, арт. 12 (п. 4) Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах). Грамадзяне і прыраўнаваныя да іх асобы маюць права свабодна знаходзіцца на тэрыторыі Беларусі, а таксама пакідаць і вяртацца ў яе.
У дачыненні да прымусовага вывазу вызваленых асоб ва Украіну, у выніку наўмыснага стварэння дадатковай сітуацыі небяспекі для жыцця і здароўя, можна казаць, як мінімум, пра парушэнне права на жыццё (арт. 6 Міжнароднага пакта аб грамадзянскіх і палітычных правах), бо абавязак павагі і забеспячэння права на жыццё распаўсюджваецца на разумна прадказальныя пагрозы і пагражальныя жыццю сітуацыі, якія могуць прывесці да гібелі людзей.
Звяртаем увагу, што ў адпаведнасці з арт. 7(1) (d) Статута Міжнароднага крымінальнага суда, такія дзеянні ўладаў, здзяйсненыя ў межах дзяржаўнай палітыкі, маштабна або сістэматычна, могуць быць кваліфікаваныя як злачынства супраць чалавечнасці ў выглядзе дэпартацыі. Кожная наступная высылка толькі ўзмацняе такую кваліфікацыю, пацвярджаючы прыкметы дэпартацыі як злачынства супраць чалавечнасці.
Падобная прымусовая высылка вызваленых палітвязняў пазбаўляе іх цалкам або часткова яшчэ цэлага шэрагу базавых правоў, без якіх немагчыма нармальнае жыццё. У прыватнасці, парушаюцца правы, звязаныя з сямейнымі адносінамі, маёмасныя, жыллёвыя, працоўныя правы, права на здароўе, права на сацыяльнае забеспячэнне і іншыя правы.
У сувязі з выкладзеным мы заклікаем улады Рэспублікі Беларусь:
- паважаць і безумоўна выконваць замацаваныя Канстытуцыяй і міжнароднымі дамовамі Рэспублікі Беларусь права грамадзян на асабістую свабоду і права на свабоду перамяшчэння, уключаючы права бесперашкодна вяртацца ў Беларусь;
- не ствараць сітуацыі дадатковай небяспекі і пагрозы, выконваючы права грамадзян на жыццё;
- спыніць практыку прымусовай высылкі грамадзян Рэспублікі Беларусь пасля вызвалення;
- забяспечыць вызваленых людзей дакументамі і прадаставіць ужо прымусова высланым магчымасць бяспечна вярнуцца ў Беларусь, а людзям, якіх плануецца вызваліць у будучыні — права свабодна выбіраць месца свайго знаходжання.
Заклікаем прадстаўнікоў міжнародных арганізацый і замежных дзяржаў, у тым ліку тых, хто ўдзельнічае ў перамовах па вызваленні:
- прыкладаць максімальныя дыпламатычныя намаганні для спынення практыкі прымусовай высылкі вызваленых грамадзян Рэспублікі Беларусь;
- аказваць максімальнае садзейнічанне ў легалізацыі на тэрыторыі замежных дзяржаў прымусова высланым грамадзянам Рэспублікі Беларусь».
Заява прынята наступнымі арганізацыямі:
- Human Constanta;
- Беларускі Хельсінкскі камітэт;
- Lawtrend;
- Беларускі ПЭН;
- Respect-Protect-Fulfill;
- Праваабарончы цэнтр «Вясна»;
- Прававая ініцыятыва;
- Беларуская асацыяцыя журналістаў;
- Беларускі дом правоў чалавека імя Барыса Звозскава;
- Офіс па правах людзей з інваліднасцю;
- Права на абарону.