Праект пра Беларусь «Спадчына» перамог у намінацыі «Найлепшы сцэнар» на Гесэнскай кінапрэміі

Культура
Аляксей Палуян (справа) і яго суаўтар па сцэнарыі нямецка-іранскі кінематаграфіст Бехруз Карамізадэ на 36-й цырымоніі ўручэння Гесэнскай кінапрэміі. Фота: сайт прэміі

Кінапраект «Спадчына» (Legacy) беларускага рэжысёра і сцэнарыста Аляксея Палуяна, нямецкай сцэнарысткі Эстэр Бернстарф і нямецка-іранскага сцэнарыста ды рэжысёра Бехруза Карамізадэ атрымаў перамогу ў намінацыі «Найлепшы сцэнар» на прэстыжнай Гесэнскай кінапрэміі (Hessian Film Award). Цырымонія ўзнагароджання прайшла 17 кастрычніка ў будынку Старой оперы ва Франкфурце-на-Майне.

Журы прэміі высока ацаніла сцэнар, падкрэсліўшы яго надзённасць і палітычную значнасць: «Нягледзячы на ​​тое, што Беларусь адышла на другі план грамадскай увагі сярод мноства іншых крызісаў, гэты эмацыйна і палітычна выбітны сцэнар нагадвае пра канфлікт, які не страціў сваёй актуальнасці».

Праект пра Беларусь «Спадчына» перамог у намінацыі «Найлепшы сцэнар» на Гесэнскай кінапрэміі
Аляксей Палуян атрымоўвае ўзнагароду на 36-й цырымоніі ўзнагароджання Гесэнскай кінапрэміі ў Франкфурце-на-Майне. Фота: сацсеткі рэжысёра

Складаная спадчына сям’і

Кінапраект «Спадчына» распавядае пра падзеі лета 2020 года ў Беларусі, калі сям’я павінна вырашыць, ці застаецца яна вернай рэжыму, ці далучаецца да супраціву. У цэнтры апавядання — фатограф Павел, чые бацькі служылі сістэме, і які сам вагаецца паміж канфармізмам і бунтам.

Журы падкрэсліла глыбіню тэмы: «Гэтае па-майстэрску пабудаванае сузор’е раскрывае мінулае, сучаснасць і будучыню Еўропы, быццам пад павелічальным шклом. Спадчына сям’і — гэта таксама спадчына кантынента — складаная, супярэчлівая і без простых адказаў».

Аляксей Палуян, аўтар нашумелых стужак «Смеласць» і «Возера радасці», працуе над праектам «Спадчына» ўжо пяць гадоў.

Міжнародная падтрымка і прэцэдэнтны бюджэт

Рэжысёр выказаў удзячнасць у сацсетках сваім касцэнарыстам Эстэр Бернстарф і Бехрузу Карамізадэ. Да слова, нямецка-іранскі кінематаграфіст з’яўляецца ўжо даўнім партнёрам Палуяна: ён быў аператарам на нашумелай кароткаметражцы «Возера радасці» і таксама працаваў над дакументальным фільмам «Смеласць» (Courage), прадзюсарам якога была кампанія Living Pictures Production (LPP).

Таксама Аляксей Палуян падзякаваў драматычным кансультантам Габрыэле Бруненмаер і Францу Родэнкірхену, прадзюсарам Андрэі Шутэ і Дзірку Дэкеру.

Нагадаем, што прадзюсарамі будучага фільма заяўлены дзве вядомыя еўрапейскія кінакампаніі: нямецкая Tamtam Film, якая, у прыватнасці, была супрадзюсерам карціны іспанскага рэжысёра Альберта Сера Pacification (фільм трапіў у конкурс Канаў), а таксама польская кінакампанія Lava Film, вядомая, у тым ліку, праз фільм «Дзяўчына з іголкай» Магнуса фон Хорна — летась гэта кіно трапіла ў шорт-ліст «Оскара-2025».

Агульны бюджэт «Спадчыны» плануецца ў 1,5 мільёны еўра, што па еўрапейскіх мерках звычайна для міжнароднай прадукцыі, але для беларускага кіно — гэта прэцэндэнт. У 2024 годзе «Спадчына» атрымала на свае развіццё грант у памеры 120 тысяч еўра ад фонда Media Creative Europe; таксама яго падтрымалі нямецкія кінафонды Hessen Film und Medien і MOIN. Быў узнагароджаны будучы фільм і на прэстыжнай праграме развіцця праектаў TorinoLab.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.

Апошнія навіны