Кінапраект «Спадчына» (Legacy) беларускага рэжысёра і сцэнарыста Аляксея Палуяна, нямецкай сцэнарысткі Эстэр Бернстарф і нямецка-іранскага сцэнарыста ды рэжысёра Бехруза Карамізадэ атрымаў перамогу ў намінацыі «Найлепшы сцэнар» на прэстыжнай Гесэнскай кінапрэміі (Hessian Film Award). Цырымонія ўзнагароджання прайшла 17 кастрычніка ў будынку Старой оперы ва Франкфурце-на-Майне.
Журы прэміі высока ацаніла сцэнар, падкрэсліўшы яго надзённасць і палітычную значнасць: «Нягледзячы на тое, што Беларусь адышла на другі план грамадскай увагі сярод мноства іншых крызісаў, гэты эмацыйна і палітычна выбітны сцэнар нагадвае пра канфлікт, які не страціў сваёй актуальнасці».

Складаная спадчына сям’і
Кінапраект «Спадчына» распавядае пра падзеі лета 2020 года ў Беларусі, калі сям’я павінна вырашыць, ці застаецца яна вернай рэжыму, ці далучаецца да супраціву. У цэнтры апавядання — фатограф Павел, чые бацькі служылі сістэме, і які сам вагаецца паміж канфармізмам і бунтам.
Журы падкрэсліла глыбіню тэмы: «Гэтае па-майстэрску пабудаванае сузор’е раскрывае мінулае, сучаснасць і будучыню Еўропы, быццам пад павелічальным шклом. Спадчына сям’і — гэта таксама спадчына кантынента — складаная, супярэчлівая і без простых адказаў».
Аляксей Палуян, аўтар нашумелых стужак «Смеласць» і «Возера радасці», працуе над праектам «Спадчына» ўжо пяць гадоў.
Міжнародная падтрымка і прэцэдэнтны бюджэт
Рэжысёр выказаў удзячнасць у сацсетках сваім касцэнарыстам Эстэр Бернстарф і Бехрузу Карамізадэ. Да слова, нямецка-іранскі кінематаграфіст з’яўляецца ўжо даўнім партнёрам Палуяна: ён быў аператарам на нашумелай кароткаметражцы «Возера радасці» і таксама працаваў над дакументальным фільмам «Смеласць» (Courage), прадзюсарам якога была кампанія Living Pictures Production (LPP).
Таксама Аляксей Палуян падзякаваў драматычным кансультантам Габрыэле Бруненмаер і Францу Родэнкірхену, прадзюсарам Андрэі Шутэ і Дзірку Дэкеру.
Нагадаем, што прадзюсарамі будучага фільма заяўлены дзве вядомыя еўрапейскія кінакампаніі: нямецкая Tamtam Film, якая, у прыватнасці, была супрадзюсерам карціны іспанскага рэжысёра Альберта Сера Pacification (фільм трапіў у конкурс Канаў), а таксама польская кінакампанія Lava Film, вядомая, у тым ліку, праз фільм «Дзяўчына з іголкай» Магнуса фон Хорна — летась гэта кіно трапіла ў шорт-ліст «Оскара-2025».
Агульны бюджэт «Спадчыны» плануецца ў 1,5 мільёны еўра, што па еўрапейскіх мерках звычайна для міжнароднай прадукцыі, але для беларускага кіно — гэта прэцэндэнт. У 2024 годзе «Спадчына» атрымала на свае развіццё грант у памеры 120 тысяч еўра ад фонда Media Creative Europe; таксама яго падтрымалі нямецкія кінафонды Hessen Film und Medien і MOIN. Быў узнагароджаны будучы фільм і на прэстыжнай праграме развіцця праектаў TorinoLab.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram