Улады Польшчы маюць намер у максімальна кароткія тэрміны разгледзець пытанні легалізацыі вызваленых беларускіх палітвязняў, якія падалі дакументы на міжнародную абарону. Пра гэта ішла гаворка на сустрэчы намесніка кіраўніка Аб’яднанага пераходнага кабінета, кіраўніка Народнага антыкрызіснага ўпраўлення Паўла Латушкі з кіраўніком Упраўлення па справах іншаземцаў Польшчы Томашам Цытрыновічам. Асноўнай тэмай перамоваў сталі пытанні легалізацыі беларусаў, вызваленых 13 снежня, і тых, хто звярнуўся па міжнародную абарону ў Польшчы. У абмеркаванні прынялі ўдзел юрыст НАУ, старшыня юрыдычнай камісіі Каардынацыйнага савета Міхаіл Кірылюк, прадстаўніца Цэнтра беларускай салідарнасці Вольга Добравольская, прадстаўніца ініцыятывы Partyzanka. Кіраўнік Упраўлення па справах іншаземцаў запэўніў, што польскі бок будзе прыкладаць усе намаганні для прыняцця рашэнняў аб легалізацыі вызваленых палітвязняў у як мага больш кароткія тэрміны і ў межах дзейнага заканадаўства. Чакаецца, што адпаведныя рашэнні будуць прымацца ў найбліжэйшыя месяцы. Павел Латушка падзякаваў Упраўленню па справах іншаземцаў, МУС, МЗС і Памежнай службе Польшчы за канструктыўны падыход да пытанняў легалізацыі дэпартаваных у краіну грамадзян Беларусі. Паводле слоў Томаша Цытрыновіча, працэдуры легалізацыі ўжо пачатыя ў дачыненні да 79 вызваленых беларусаў, яшчэ па чатырох такія працэдуры плануецца запусціць у найбліжэйшы час. Асобная ўвага на сустрэчы была нададзена праблеме адкрыцця разліковых рахункаў у польскіх камерцыйных банках для іншаземцаў, якія знаходзяцца ў працэсе легалізацыі і маюць часовыя пасведчанні асобы. Адзначаецца, што Камісія фінансавага нагляду Польшчы раней пацвердзіла, што гэты дакумент з’яўляецца падставай для адкрыцця рахунку. Бакі дамовіліся аб атрыманні дадатковага пісьмовага пацверджання ад Упраўлення па справах іншаземцаў для выкарыстання ў дыялогу з банкамі. Акрамя таго, прадстаўнік польскага ведамства заявіў пра падтрымку ініцыятывы па павелічэнні тэрміну дзеяння праязнога дакумента для іншаземцаў больш як на адзін год. На думку ўдзельнікаў сустрэчы, гэта дазволіла б спрасціць вырашэнне сацыяльна-бытавых пытанняў і знізіць адміністрацыйную нагрузку на польскія органы, паведамляе прэс-служба АПК.
Польшча паабяцала не марудзіць з легалізацыяй вызваленых беларускіх палітвязняў
🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!