“Беларуснафта” прадставіла першы робатызаваны комплекс рознічнага гандлю. Робат пад назвай “Цікавік” прыступіў да працы на АЗС №17 РУП «Беларуснафта-Гомельаблнафтапрадукт» (аграгарадок Яроміна пад Гомелем).
Як расказалі ў прэс-службе кампаніі, аўтаматызаваны комплекс прымае заказ, выбірае тавар і выдае яго кліенту. У асартыменце сотні пазіцый: ад жавальнай гумкі да 5-літровых каністраў з абмывальнай вадкасцю.
Праект рэалізаваны прадпрыемствам разам з кампаніяй «ІдэйРобатыксТрэйд». Стварэнне комплексу заняло каля года. Быў адаптаваны стандартны павільён пад працу робата. Ёсць дзве функцыянальныя зоны — кліенцкая і тэхнічная. Зараз комплекс тэстуецца. У выпадку поспеху яго ўкараняць на іншых запраўках.
Судзячы па відэа “Беларуснафты”, фактычна гаворка ідзе пра вялікі гандлёвы аўтамат. Тавары выбіраюцца кліентам на вялікім сэнсарным экране, затым аплачваюцца картай, пасля чаго робатызаваны маніпулятар забірае тавар з паліц і апускае яго ў акно выдачы.






