Скриншот видео
Жыхарка Мінска апублікавала ў Threads пост, у якім распавяла пра канфлікт з падлеткамі на Нямізе. Публікацыя абурыла МУС. Там лічаць, што ў такіх выпадках трэба не пісаць у сацыяльных сетках, а звяртацца ў міліцыю.
Як напісала мінчанка ў Threads, падлеткі паводзілі сябе нахабна. Не стрымаўшыся, яна назвала аднаго з іх «пудзілам». Пасля гэтага падлеткі сталі дэманстратыўна здымаць яе на відэа, а на платформе ў метро паставілі ёй падножку.
«Мяне трэсла, рукі дрыжалі… Унутраны стан разгубленасці, крыўды, страху, безабароннасці. Гэта нармальна, што дарослы чалавек баіцца падлеткаў?! Не ведае, як абараніць сябе ад іх?! Як рэагаваць і паводзіць сябе ў такой сітуацыі? Ці ёсць сэнс шукаць відэазапісы з метро і пісаць заяву ў міліцыю?! Гэта ж, як нейкае пераследаванне… Вельмі хацелася б іх «пакараць»», — напісала жанчына.
МУС лічыць, што мінчанка паступіла няправільна, напісаўшы пра інцыдэнт у сацыяльных сетках.
«Замест таго, каб звярнуцца па дапамогу ў міліцыю, жанчына размясціла ў сацыяльнай сетцы публікацыю, якая выклікала рэзананс. Вядома ж, гэта не засталося без увагі праваахоўнікаў», — заяўляе МУС.
Аўтара паста знайшлі на наступны дзень і запрасілі ў РУУС, дзе яна напісала заяву. З жанчынай знялі “пакаяльнае відэа”, дзе яна патлумачыла, што “нікуды яшчэ не паспела звярнуцца”. Асобы 13-гадовых школьнікаў былі ўстаноўлены. МУС заяўляе, што пачало праверку.
МУС заклікае ў выпадку правапарушэння «праяўляць разважлівасць» і звяртацца ў міліцыю, а пасты ў сацыяльных сетках, на думку міліцыі, «нярэдка ствараюць скажонае ўяўленне грамадскасці пра тое, што адбылося» і могуць перашкодзіць аб’ектыўнасці праверкі.
Нагадаем, старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава прапанавала ўвесці адказнасць за скаргі беларусаў у сацыяльных сетках.