У наваполацкай калоніі памёр былы супрацоўнік КДБ Мікалай Варапай, асуджаны за «шпіянаж»

У калоніі №1 у Наваполацку памёр былы высокапастаўлены супрацоўнік КДБ Беларусі Мікалай Варапай, паведамляе праваабарончы цэнтр «Вясна». Паводле даных праваабаронцаў, гэта адбылося ў 2024 годзе.

Варапай не меў статусу палітвязня. Паводле афіцыйнай версіі, яго затрымалі ў 2017 годзе па падазрэнні ў перадачы ўкраінскім спецслужбам сакрэтных дакументаў, звязаных з вайсковымі вучэннямі «Захад-2017». Яму прад’явілі абвінавачанні ў шпіянажы.

У студзені 2024 года дзяржаўнае тэлебачанне паказала фільм пра яго справу. У ім Варапай прызнаваў віну, казаў, што лічыць прысуд справядлівым і не мае намеру яго абскарджваць. Пры гэтым ён заяўляў, што больш за ўсё баіцца памерці ў калоніі.

Паводле інфармацыі «Вясны», Варапаю, як і шэрагу іншых асуджаных, прапаноўвалі падпісаць прашэнне аб памілаванні. Пасля яго адмовы, як паведамляюць праваабаронцы, на яго пачаўся ціск. Супрацоўнікі КДБ нібыта рэгулярна прыязджалі да яго ў калонію, патрабуючы падпісаць адпаведныя дакументы. Пазней мужчыну змясцілі ў штрафны ізалятар, дзе гэтыя візіты працягваліся.

Паводле інфармацыі праваабаронцаў, Варапай памёр у 2024 годзе падчас знаходжання ў ШІЗА. Магчымай прычынай смерці крыніцы называюць інсульт. Незалежнага пацвярджэння гэтых звестак няма.

У калоніі Варапай меў белую бірку. Такую маркіроўку ў апошнія гады выкарыстоўваюць для асуджаных паводле артыкулаў, якія не адносяцца да палітычных.

Праваабаронцы раней заяўлялі, што ўмовы ўтрымання ў штрафных ізалятарах у Беларусі маюць жорсткі і бесчалавечны характар і могуць істотна пагаршаць фізічны і псіхалагічны стан зняволеных.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!