Скриншот видео
Старшыня Савета Рэспублікі Наталля Качанава хацела б, каб жыхары Беларусі неслі адказнасць за публічныя скаргі ў сацсетках. Разам з тым, на яе думку, да гэтай тэмы трэба падыходзіць узважана.
“Мы зараз працуем над законам аб зваротах грамадзян. Вядома, павінна ўсё ж такі ў людзей быць адказнасць. Калі ты ўжо праз сацыяльныя сеткі ў публічную прастору выкідваеш нейкую праблему, то гэтая інфармацыя павінна быць абсалютна дакладнай. А часцяком, вы маеце рацыю, гэта зусім не так. Калі пачынаюць разбірацца больш глыбока і дэталёва ў тым, пра што заяўляюць нашы грамадзяне, выкідваючы інфармацыю ў TikTok або ў нейкі іншы інфармацыйны канал, то часта гэта абсалютна недакладная інфармацыя.
І тут мне бачыцца, што ўсё ж такі павінна быць нейкая адказнасць за тое, што ты даносіш і пускаеш у публічную прастору. Ну а як інакш? Бо вы разумееце, калі пачынаюць разбірацца, і адразу людзі чытаюць і думаюць: ну вось так, як жа так маглі паступіць, ніхто не бачыў таго, што адбываецца на месцах. А калі размаўляеш з другім бокам, то ты разумееш, што не ўсё проста, не ўсё проста так. І ў нас такія сітуацыі ёсць, і да нас такія звароты паступаюць”, — сказала яна.
Качанава лічыць, што разам з тым да пытання трэба ставіцца ўзважана.
“Але вы ведаеце, калі людзі прыязджаюць наўпрост і прыходзяць да цябе на прыём, і ты глядзіш у вочы, то ты ўжо можаш зразумець, ці сапраўды гэта праўда, або дзесьці ёсць, мякка кажучы, недакладная інфармацыя ў тым, пра што кажуць заяўнікі. Да гэтага трэба ставіцца, мне здаецца, вельмі так узважана”, — дадала яна.