Еўрасаюз канчаткова зацвердзіў крэдыт для Украіны і 20-ты пакет санкцый

У Савеце ЕС завяршыліся пісьмовыя фармальныя працэдуры ў дачыненні да крэдыту для Украіны ў памеры 90 млрд еўра, а таксама 20-га пакета санкцый супраць РФ. Прадстаўнікі краін ЕС пры савеце ўхвалілі рашэнні ўчора, але фармальнае зацвярджэнне зацягнулася на суткі да фактычнага паступлення нафты па трубаправодзе “Дружба” на тэрыторыю Венгрыі і Славакіі, якія раней блакавалі рашэнне.

“Сёння Савет прыняў апошні ключавы заканадаўчы акт, які вызначае ўмовы крэдыту ЕС Украіне ў памеры 90 мільярдаў еўра, узгодненага Еўрапейскім саветам у снежні 2025 года. Гэты крок дазволіць Камісіі пачаць выплаты як мага хутчэй, у другім квартале 2026 года”, – гаворыцца ў паведамленні прэс-службы Савета ЕС.

Фінансаванне дазволіць Украіне пакрыць патрэбы ў бюджэтнай сферы, а таксама ў сферы ВПК. Фінансаванне прывязана да выканання Кіевам умоў па вяршэнстве права, уключаючы барацьбу з карупцыяй. Яно ўключае 30 млрд еўра на макраэканамічную падтрымку і 60 млрд еўра на развіццё абароннай прамысловасці і закупку абароннай прадукцыі.

Крэдыт будзе фінансавацца за кошт запазычанняў Еўрасаюза на рынках капіталу, якія будуць гарантаваныя бюджэтнымі рэзервамі ЕС.

Таксама сёння фармальна зацверджаны 20-ты пакет санкцый супраць Расіі. У бліжэйшы час рэгламент аб 20-м пакеце санкцый будзе апублікаваны.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!