Фота: kinote.info.
Не стала беларускага дакументаліста Юрыя Хашчавацкага. Пра смерць выбітнага рэжысёра, сцэнарыста, мантажора паведамілі сёння яго сябры ў сацсетках.
Юрый Хашчавацкі вядомы гучнымі публіцыстычнымі фільмамі – “Звычайны прэзідэнт”, “Плошча”, “Лаботамія” , “Этот безумный, безумный, безумный “Русский мир”, а таксама стужкамі – “Аранжавыя жылеты”, “Дажыць да любові”, “Каўказкія палонныя”.
Юрый Хашчавацкі нарадзіўся ў Адэсе ў 1947 годзе.
Скончыў Адэскі тэхналагічны інстытут, а таксама Ленінградскі дзяржаўны інстытут тэатра, музыкі і кінематаграфіі. Працаваў у «Белторгарэкламе» рэжысёрам з 1976 года, на Беларускім тэлебачанні — з 1978 года, на «Беларускім тэлефільме» — з 1985 года, а на кінастудыі «Беларусьфільм» — з 1989 года.
Пасля выхаду дакументальнай стужкі “Звычайны прэзідэнт” (“Обыкновенный президент”), якая з’едліва раскрытыкавала метады ўтрымання ўлады Аляксандра Лукашэнкі, трапіў пад рэпрэсіі. Працаваў разам з камандай студыі “Таццяна” ў 1990-я і 2000-я. На тэлеканале “Белсат”.
З’яўляецца акадэмікам Еўразійскай тэлевізійнай акадэміі, лаўрэатам кінапрэміі міру Берлінскага кінафестывалю, прэміі расійскага Саюза пісьменнікаў імя А. Д. Сахарава, уладальнікам Гран-пры сусветнага кінафестывалю Human Rights Watch у Нью-Ёрку.
Мае медаль «100 гадоў БНР».
У 2019 годзе ў Мінску рэжысёр выдаў сваю кнігу “Воспитание чертей”. Творца і пасля 2020 года жыў у Мінску.
Рэжысёру было 78 гадоў.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram