Міністр культуры Літвы падтрымала ідэю абмежаванняў для артыстаў, якія працуюць у Расіі і Беларусі

Міністр культуры Літвы Вайда Алякнавічэне выказалася ў падтрымку прапановы мэра Вільнюса абмежаваць на заканадаўчым узроўні выступленні ў краіне артыстаў, якія працягваюць дзейнасць у Расіі і Беларусі. Паводле яе слоў, магчымыя папраўкі да прававых актаў плануецца абмеркаваць з Міністэрствам замежных спраў ужо на гэтым тыдні, піша LRT са спасылкай на BNS.

«На гэтую пятніцу ў нас запланавана сустрэча з Міністэрствам замежных спраў, каб абмеркаваць гэтае пытанне, разгледзець магчымасці і, магчыма, пагаварыць аб пэўных заканадаўчых ініцыятывах і абмежаваннях, каб гэта было ўзаконена юрыдычна», — паведаміла яна.

Кіраўніца ведамства адзначыла, што падобныя сітуацыі паўтараюцца з году ў год і ствараюць “нямала праблем”, а адных рэкамендацый недастаткова.

«Нам, верагодна, варта паставіцца да гэтага больш сур’ёзна і абмеркаваць магчымасць замацавання дадзенага пытання ў законе», — дадала Алякнавічэне.

Нагадаем, раней мэр Вільнюса Валдас Бенкунскас звярнуўся ў Камітэт Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне з прапановай прадугледзець у законе забарону на выступленні ў Літве для артыстаў, якія вядуць дзейнасць у Расіі і Беларусі.

Кіраўнік літоўскай сталіцы прапануе ўнесці змены ў Закон аб прававым становішчы замежнікаў, дапоўніўшы яго нормай, згодна з якой падставай для забароны на ўезд можа быць вядзенне публічнай культурнай, забаўляльнай, камерцыйнай або іншай дзейнасці ў Расіі і Беларусі пасля пачатку поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну ў 2022 годзе.

Паводле слоў мэра, арганізатары мерапрыемстваў зацікаўлены перш за ўсё ў прыбытку, таму неабходныя прававыя меры нацыянальнага ўзроўню, якія спынілі б распаўсюджванне «мяккай сілы» варожых дзяржаў у Літве.

На ініцыятыву адрэагавала прэм’ер-міністр Інга Ругінене. Яна прапанавала Бенкунскасу перайсці ад слоў да справы і падрыхтаваць адпаведны праект.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!