Фото: vni.lv
Генеральная пракуратура Латвіі распачала крымінальную справу ў дачыненні да службовых асоб памежнай службы Беларусі.
«15 ліпеня 2026 года Генеральная пракуратура распачала крымінальную справу па факце злачыннай дзейнасці службовых асоб памежных структур Рэспублікі Беларусь. Расследаваннем крымінальнай справы зоймецца Аддзел абароны дзяржаўнай бяспекі Генеральнай пракуратуры», — гаворыцца ў заяве пракуратуры.
Справа распачата на падставе заявы Дзяржаўнай памежнай службы, пададзенай 13 ліпеня. У ёй было пазначана, што «са жніўня 2021 года Дзяржаўная памежная служба сутыкаецца з працяглым і сістэматычным міграцыйным ціскам на латвійска-беларускай мяжы, які варта ацэньваць не як сукупнасць спроб асобных грамадзян трэціх краін незаконна перасекчы мяжу, а як наўмысную і сістэматычную супрацьпраўную дзейнасць злачыннай арганізацыі, у склад якой уваходзяць службовыя асобы памежных структур Рэспублікі Беларусь, з мэтай незаконнага перамяшчэння вялікай колькасці асоб праз дзяржаўную мяжу Латвійскай Рэспублікі з мэтай нанясення шкоды Латвійскай Рэспубліцы».
У Генеральнай пракуратуры патлумачылі, што матэрыялы заявы даюць падставы меркаваць, што створана арганізацыя, якая займаецца наўмысным прычыненнем шкоды ў выглядзе сістэматычнага падрыву дзейнасці латвійскай памежнай службы, пашкоджання памежнай інфраструктуры і г.д.
«Распачынанне крымінальнай справы з’яўляецца важным крокам, паколькі пацвярджае, што такія дзеянні ацэньваюцца не як асобныя парушэнні мяжы, а як магчымае мэтанакіраванае злачынства супраць дзяржавы Латвія і яе бяспекі», — дадалі ў пракуратуры.
У рамках крымінальнай вытворчасці будуць збірацца доказы, якія захаваюць сваю значнасць у доўгатэрміновай перспектыве і «могуць быць выкарыстаны для прыцягнення вінаватых да адказнасці, як толькі з’явіцца законная магчымасць».
Нагадаем, у апошнія месяцы менавіта Латвія сутыкаецца з найбольш моцным міграцыйным ціскам. Штодня фіксуюцца дзясяткі і нават сотні спроб парушэння мяжы мігрантамі з боку Беларусі. У той жа час польскія і літоўскія памежнікі фіксуюць толькі адносна рэдкія выпадкі парушэнняў.
Раней Літва падала пазоў у Міжнародны суд ААН супраць Беларусі з-за аказання міграцыйнага ціску.
Трэба адзначыць, што ў Беларусі Следчы камітэт яшчэ пару гадоў таму распачаў крымінальныя справы ў дачыненні да службовых асоб Польшчы, Латвіі і Літвы. Ім інкрымінуюць пяць артыкулаў КК Беларусі, у тым ліку прапаганду вайны, злачынствы супраць бяспекі чалавецтва, наўмыснае прычыненне цяжкага цялеснага пашкоджання, пакіданне ў небяспецы, забойства. Справа звязана з міграцыйнай сітуацыяй на мяжы Беларусі і ЕС. Пацярпелымі па справах прызнаны мігранты, у тым ліку загінулыя.