У Літве абмяркоўваюць новыя абмежаванні для тых, хто звязаны з Беларуссю і РФ

У Літве абмяркоўваюцца новыя абмежаванні для тых, хто звязаны з Беларуссю і РФ. Пра гэта піша LRT.

У суседняй краіне рэгулярна ўзнікаюць дыскусіі з-за канцэртаў расійскіх артыстаў, у тым ліку з-за іх пазіцыі адносна вайны РФ супраць Украіны. Нярэдка такія мерапрыемствы па патрабаванні грамадскасці адмяняюцца. У панядзелак мэр Вільнюса Валдас Бенкунскас звярнуўся ў Камітэт Сейма па нацыянальнай бяспецы і абароне з прапановай замацаваць у заканадаўстве забарону на выступленні для выканаўцаў, якія вядуць дзейнасць у РФ і Беларусі.

У сераду на ініцыятыву мэра адрэагавала прэм’ер-міністр Інга Ругінене. Яна прапанавала Бенкунскасу перайсці ад слоў да справы і падрыхтаваць адпаведны праект.

«Пакуль Валдас Бенкунскас толькі гаворыць. Павінны быць прадэманстраваны рэальныя справы і, відаць, падрыхтаваны праект», – сказала яна.

Ругінене таксама адзначыла, што магчыма і больш шырокая трактоўка, напрыклад, абмежаванні могуць датычыцца не толькі спевакоў, але і акцёраў, мастакоў, прадпрымальнікаў.

«Тады, напэўна, калі б праводзілася такая дыскусія, яна павінна была б праходзіць у больш шырокім маштабе, не звужаючыся да аднаго пытання», — адзначыла яна.

На мінулым тыдні міністр унутраных спраў Уладзіслаў Кандратовіч забараніў рэперу Гіо Піке (сапраўднае імя — Георгій Джыоеў) уезд у Літву.

Трэба адзначыць, што цяпер у Сейме знаходзіцца законапраект аб падаўжэнні абмежаванняў для беларусаў і расіян яшчэ на год. Звычайна падчас разгляду праекта палітыкі прапануюць папраўкі да яго. Так, у гэтым годзе літоўскія кансерватары зноў прапанавалі ўвесці абмежаванні на куплю нерухомасці. У мінулым годзе такая ініцыятыва не была падтрымана.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!