Фото: Офис Тихановской
Захаванне ва ўладзе Аляксандра Лукашэнкі азначае, што пагроза з боку Беларусі для суседніх краін і ЕС будзе пастаяннай. Пра гэта заявіла Святлана Ціханоўская падчас панэльнай дыскусіі «Дрэйф: Еўропа ў часы змен» на форуме па бяспецы ў амерыканскім Аспене.
«Мы павінны ўжо цяпер глядзець на Беларусь па-іншаму. Успрымаць Беларусь не толькі як гуманітарны выпадак, але і з пункту гледжання бяспекі. Бо пакуль Лукашэнка служыць Расіі, ён гатовы прадастаўляць нашу тэрыторыю і нашу інфраструктуру для нападаў на Украіну і патэнцыйна — на краіны НАТА.
Яны будуюць новую інфраструктуру, якой не павінна быць, калі краіна не рыхтуецца да эскалацыі. Калі мы не пазбавімся гэтага рэжыму, пагроза з тэрыторыі Беларусі будзе заставацца пастаяннай.
Дэмакратычная і свабодная Беларусь — у інтарэсах не толькі беларусаў ці ўкраінцаў, але і еўрапейцаў», — сказала яна, паведамілі ў яе Офісе.
Разам са Святланай Ціханоўскай у панэльнай дыскусіі прынялі ўдзел генеральны сакратар Еўрапейскай службы знешніх дзеянняў Белен Марцінес Карбанель, міністр абароны і знешняга гандлю Бельгіі Тэа Франкен і міністр юстыцыі і бяспекі Нідэрландаў Давід ван Вел. Мадэратарам дыскусіі выступіў журналіст Washington Post Пітэр Шпігель.
Штогадовы форум у Аспене збірае палітычных лідараў, прадстаўнікоў урадаў, міжнародных арганізацый, экспертную супольнасць і СМІ для абмеркавання ключавых глабальных пытанняў.