Статкевіч выпусціў зборнік турэмных эсэ

У беластоцкім выдавецтве «Камунікат» выйшла кніга палітыка, былога палітвязня Мікалая Статкевіча «І гэта ўсё ў табе. Зборнік турэмных эсэ».

«Як людзі робяць маральны выбар у складаных сітуацыях, як яны робяцца героямі ці здраднікамі, як ператвараюцца ў падонкаў ці застаюцца сумленнымі людзьмі? Каб даць адказ на гэтыя пытанні, я мусіў разбірацца з чалавечай псіхалогіяй. Аж да інстынктаў. Але ў літаратуры па тэме ўцямнага вызначэння чалавечых інстынктаў не знайшлося, а шмат дзе ўвогуле адмаўлялася іх наяўнасць у нас, акрамя некалькіх відавочных прымітыўных, што цалкам пярэчыла майму веданню чалавека.

Таму ў галоўным тэксце гэтай кнігі, які і даў ёй назву, я мусіў прапанаваць сваё вызначэнне нашых інстынктаў ды іх пералік. А потым, на падставе гэтага, апісаць, як мы робім свой маральны выбар у складанай сітуацыі. Спадзяюся, што разуменне гэтага дапаможа чытачу лепей зразумець чалавечую сутнасць, сябе і ўсё, што адбылося і адбываецца з нашай краінай і намі», — апісвае аўтар змест кнігі.

Нагадаем, Мікалай Статкевіч тройчы быў асуджаны па палітычных прычынах. У 2006 годзе ён атрымаў тры гады абмежавання волі за арганізацыю пратэстаў супраць вынікаў парламенцкіх выбараў і рэферэндуму. У 2011 годзе ён быў асуджаны на 6 гадоў калоніі ўзмоцненага рэжыму за пратэсты супраць фальсіфікацыі прэзідэнцкіх выбараў у снежні 2010 года.

У 2020 годзе яго затрымалі яшчэ на пачатку прэзідэнцкай кампаніі па дарозе на пікет Святланы Ціханоўскай. У снежні 2021 года ён быў асуджаны на 14 гадоў. У верасні 2025 года Статкевіча вызвалілі і спрабавалі выслаць у Літву. Аднак ён адмовіўся перасякаць мяжу з суседняй краінай. Некалькі гадзін палітык знаходзіўся паміж двума пунктамі пропуску. Аднак пасля яго вывезлі і вярнулі ў калонію. Статкевіча вызвалілі ў лютым 2026 года пасля перанесенага ім цяжкага захворвання.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!