Иллюстративное фото: Reform.by
У Беларусі скарачаюць пералік тавараў, цэны на якія рэгулююцца. Першапачаткова пры ўвядзенні рэгулявання ў 2022 годзе яно ахоплівала 300 пазіцый, пазней пералік неаднаразова скарачалі. Цяпер у ім 199 пазіцый. Нядаўна ў МАРГ заявілі, што прынята пастанова ўрада, якой колькасць рэгуляваных таварных пазіцый скарачаецца да 76, галоўным чынам за кошт непрадуктовых тавараў.
Пастанова дагэтуль не апублікавана, аднак OL змог вывучыць пералік.
Як піша выданне, са спісу сапраўды прыбралі амаль усе непрадуктовыя тавары, пакінуўшы толькі чатыры пазіцыі. Гаворка ідзе пра падгузнікі, пракладкі, некаторыя віды дзіцячага адзення і абутку, пераважна для самых маленькіх.
Скараціўся і пералік харчовых тавараў. Не будуць рэгуляваць гандлёвыя надбаўкі на малако, смятану і кефір у шкляной тары, аўсяныя крупы, ірыс, цукеркі, некаторыя цытрусавыя, сокі і нектары. Таксама павялічаны гранічныя памеры гандлёвых надбавак на асобныя прадукты. Напрыклад, на малако, кефір і смятану ўсталявалі 25% (раней надбаўкі былі ад 15%), а на гарбату — 40% (раней былі ад 30%).