Літоўская Служба аховы дзяржмяжы паведаміла пра затрыманне групы мігрантаў, якая скарысталася падкопам пад пагранічным загароджаннем, зробленым з беларускага боку. Раней тунэлі выяўлялі польскія пагранічнікі на сваёй тэрыторыі.
Інцыдэнт адбыўся ў Вільнюскім раёне. Паводле інфармацыі літоўскіх пагранічнікаў, за некалькі хвілін з падземнага тунэля непадалёк ад населенага пункта Баравікінеc выйшлі 30 чалавек. Іх заўважылі з дапамогай камер відэаназірання: выхад з падкопа знаходзіўся ў некалькіх метрах ад плота. На перахоп мігрантаў былі накіраваны пагранічнікі з найбліжэйшых застаў. Былі задзейнічаны кінолагі, верталёт і беспілотнікі, прыцягваліся супрацоўнікі паліцыі.
Большасць парушальнікаў была затрымана. Акрамя таго, пагранічнікі затрымалі трох замежнікаў, якія павінны былі перавозіць мігрантаў: двух грамадзян Украіны і аднаго грамадзяніна Грузіі. Яны прыехалі па мігрантаў на аўтамабілях з польскімі нумарамі. Перавозчыкаў дапыталі, былі абследаваны іх мабільныя прылады.
Пазней быў затрыманы яшчэ адзін грамадзянін Літвы, які перавозіў шасцёх афганцаў.
Усяго затрыманы 27 з 30 чалавек, якія перасеклі мяжу. 24 з іх ужо выдвараны ў Беларусь, яшчэ двое дастаўлены ў бальніцу з-за праблем са здароўем. Сярод парушальнікаў грамадзяне Афганістана, Ірака і Пакістана.
Пазней у Клайпедзе былі затрыманы 44-гадовы грамадзянін Азербайджана і 28-гадовы грамадзянін Літвы. Яны падазраюцца ў датычнасці да арганізацыі міграцыі. Абодва ўзяты пад варту.
