17 ліпеня Уладзімір Зяленскі правёў нараду па пытаннях знешняй палітыкі Украіны на польскім напрамку.
«Прыярытэты відавочныя: усёй Еўропе патрэбныя добрасуседскія, раўнапраўныя і ўзаемавыгадныя адносіны, заснаваныя на павазе. Польшча аказала Украіне значную падтрымку пасля пачатку поўнамаштабнага расійскага ўварвання, і мы ўдзячныя Польшчы за гэта. Абарона незалежнасці Украіны непасрэдна азначае ўмацаванне незалежнасці Польшчы, а выклікі бяспекі, якія сёння стаяць перад Еўропай, могуць быць вырашаныя толькі ў супрацоўніцтве, у тым ліку ў супрацоўніцтве свабодных народаў нашага рэгіёна», — заявіў Зяленскі.
Зяленскі анансаваў рашэнні на дыпламатычным узроўні.
Украіна збіраецца адкрыць усе архівы СБУ і Службы знешняй разведкі, якія датычацца падзей на Валыні. Таксама будзе выдадзена «значная колькасць» дазволаў на правядзенне пошукава-эксгумацыйных работ. Польшча атрымае пашыраныя магчымасці для правядзення такіх работ.
На нарадзе абмяркоўваліся магчымыя фарматы пашырэння грамадскага дыялогу паміж Украінай і Польшчай.