Аляксандр Лукашэнка сёння прызначыў віцэ-прэм’ерам Аляксандра Церахава. Настаўляючы яго, ён правёў лагічную сувязь ад сітуацыі на Блізкім Усходзе да будаўніцтва дарог. На пасадзе намесніка прэм’ер-міністра Церахаў будзе курыраваць пытанні будаўніцтва, транспарту і ЖКГ.
“У нас сёння і нафта крыху таннейшая, чым у іншых. Усплёск гэты быў у сувязі з дурнотай на Блізкім Усходзе. Але, я думаю, стабілізуемся. Але калі сёння ў нас нафта, ды пры гэтым мы ж яшчэ з Расіяй гандлюем нафтай з пэўнай зніжкай, а дарогі – гэта бітум перш за ўсё, бітум – гэта нафта. Усё астатняе дабро ў нас ёсць. І, калі нафта таннейшая, трэба выкарыстоўваць гэты момант і падправіць нашы дарогі. Праграма вызначана. Трэба ад аграгарадка да раённага цэнтра мець трывалую, устойлівую дарогу. І пажадана ў жалезабетоне. Дзе толькі магчыма, патрэбен жалезабетон, бетонныя дарогі.
“Дзе немагчыма, я кажу, што ў нас ёсць момант. Вось гэты год, можа, паўтара, калі ў нас цэны будуць ніжэйшыя, чым на сусветных рынках па нафце. Значыць, трэба выкарыстоўваць і бітум для будаўніцтва гэтых дарог. Тэхналогіі недзе. Вось навучыліся мы бетанаваць дарогі. У каго? У немцаў навучыліся. Купілі ў іх пару-тройку гэтых аўтамабіляў, комплексаў і пачалі ўкладваць гэтыя дарогі.
Вельмі важнае пытанне для нас – гэта дарогі. Мы транзітная краіна. І амаль у кожнага па адным, а то і два аўтамабілі ў сям’і. Ды і не толькі асабісты транспарт”, – сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Яшчэ адна задача, пастаўленая перад новым прызначэнцам, датычыцца будаўніцтва.
“Шмат будзем будаваць жылля. Калі мы скарачаемся ў Мінску, гэта не значыць, што мы не будзем у спадарожніках будаваць жыллё, не будзем будаваць асабліва арэнднае жыллё, пачынаючы ад сельскай гаспадаркі і заканчваючы прамысловасцю, ды і паўсюль”, – дадаў ён.
