Аляксандр Лукашэнка хоча пабудаваць марскі порт у Мазамбіку. Для гэтага ён хоча прыцягнуць Зімбабвэ. Такая прапанова прагучала на сустрэчы Лукашэнкі са старшынёй Сената Зімбабвэ Мейбл Мемары Чынамонай, якая знаходзіцца з візітам у Беларусі.
“Я, абдумваючы перспектывы работы Беларусі ў Афрыцы, вярнуўся да старога тэзіса, які мы абмяркоўвалі з вашым прэзідэнтам: нам вельмі патрэбна кропка апоры на ўзбярэжжы Афрыканскага кантынента – на паўднёвым усходзе. Гэта значыць, што мы разам павінны папрацаваць з Зімбабвэ над будаўніцтвам порта ў вашай суседняй дзяржаве – Мазамбіку.
Калі б мы ажыццявілі разам з Мазамбікам і Зімбабвэ гэтую ідэю, а ў дадзеным выпадку мы можам гэта зрабіць і аднавіць чыгуначнае злучэнне праз вашага суседа (там невялікая адлегласць) у Зімбабвэ, то ваша краіна стала б добрым хабам для тавараў не толькі з Беларусі, але і для тавараў іншых дзяржаў. Думаю, перш за ўсё Расіі”, – сказаў Лукашэнка, перадае яго прэс-служба.
Гэта не першая трохбаковая ініцыятыва, абвешчаная ім у апошні час. Падчас візіту ў Алжыр ён прапанаваў стварыць праект па вытворчасці ўгнаенняў «на траіх» з удзелам Амана. Аман мог бы прапанаваць фасфаты, Алжыр – прыродны газ для вытворчасці азотных угнаенняў, а Беларусь унесці ўклад каліем.
Гаворачы пра двухбаковыя адносіны з Зімбабвэ, Лукашэнка паставіў мэту дасягнуць тавараабароту ў 100 млн долараў.
“Што датычыцца адносін Беларусі з Зімбабвэ, тут практычна няма ніякіх праблем. Трэба проста ісці нашай дарожнай картай, якая выпрацавана, і рэалізоўваць тыя мерапрыемствы, якія вызначаны гэтым планам. Мы ў гэтым дачыненні будзем рабіць усё, што паабяцалі.
Вельмі важна для нашага супрацоўніцтва, каб парламентарыі, сенатары ажыццяўлялі кантроль за рэалізацыяй дасягнутых дамоўленасцяў. Як у вас у Зімбабвэ, так і ў нас. Так што ў нас вялікі аб’ём працы, каб выйсці праз пару гадоў на тавараабарот звыш 100 млн долараў, як мы і дамовіліся”, – сказаў ён.
Трэба адзначыць, што сустрэча з кіраўніцай Сената Зімбабвэ, мяркуючы па ўсім, была тым мерапрыемствам, з-за якога па афіцыйнай версіі Аляксандр Лукашэнка не паехаў на першае пасяджэнне Савета міру. На пачатку лютага яго прэс-сакратар Наталля Эйсмант казала, што запрашэнне паступіла занадта позна і графік Лукашэнкі ўжо сфарміраваны: «Ёсць пытанні, якія немагчыма адкласці». Сам жа ён нядаўна даваў больш расплывістае тлумачэнне перад дзяржсакратаром СД Сяргеем Глазьевым.
