Аляксандр Лукашэнка сёння змяніў міністра інфармацыі. Як паведамілі ў прэс-службе Лукашэнкі, новым міністрам прызначаны Дзмітрый Жук. Да гэтага ён узначальваў выдавецкі дом «Беларусь сёння».
Да яго міністрам інфармацыі з чэрвеня 2024 года быў былы кіраўнік АНТ Марат Маркаў.
Трэба адзначыць, што Маркоў не застанецца без працы. Ён прызначаны міністрам культуры замест акцёра Руслана Чарнецкага, які ўзначальваў Мінкульт са снежня 2024 года. Раней Лукашэнка не раз крытыкаваў Чарнецкага.
Настаўляючы Жука, Аляксандр Лукашэнка заявіў, што той з’яўляецца гатовым міністрам.
“Дзмітрый Аляксандравіч, ну што мне табе раіць? Ты ўжо гатовы чалавек, ідэалагічна граматны, які разумее, што трэба рабіць. Таму я абсалютна не супраць, што вы паспрабуеце сябе ў гэтай пасадзе. Хаця я з вялікім шкадаваннем успрымаю, калі практык такога кшталту, як вы, ідзе на кіраўнічую працу. Таму што, ну, прападзе, думаю, чалавек”, – сказаў ён.
“Я ж не на іншую планету”, – адрэагаваў Жук.
Лукашэнка на гэта выказаў упэўненасць, што прызначэнец не прападзе на новай пасадзе.
