У мастацкім музеі Уолтэрса ў Балтыморы адкрылася выстава «Лапы на пергаменце», натхнёная слядамі каціных лап у рукапісе XV стагоддзя.
У 1470-х гадах фламандскі пісец пакінуў на сушцы старонкі ілюмінаванага рукапісу, каб неўзабаве ўбачыць, што кот наступіў на іх, пакінуўшы чарнільныя сляды лап на пергаменце.
Цяпер, праз больш за 500 гадоў, гэтыя старонкі сталі сімвалам выставы «Лапы на пергаменце», якая даследуе, як сярэднявечныя ілюстратары ў Еўропе, Азіі і ісламскім свеце праслаўлялі катоў у сваіх рукапісаў і нават у рэлігійных карцінах.

За стагоддзі да таго, як мемы з катамі захапілі Інтэрнэт, вобразы гэтых пухнатых жывёлак радавалі чытачоў гэтак жа, як забаўляюць нас сёння.
Калі куратарка рэдкіх кніг і рукапісаў музея Лінлі Эн Герберт знайшла ў калекцыі Уолтэраў старонку з адбіткамі каціных лап, яна пачала складаць спіс іншых сярэднявечных выяў катоў, пакуль не назапасілася дастаткова работ для выставы.

Герберт даследавала іх з самых розных пунктаў гледжання, каб лепш зразумець, як людзі ставіліся да гэтых жывёл.
Яна была здзіўленая тым, што высветліла. «Многія сярэднявечныя людзі любілі сваіх катоў гэтак жа моцна, як і мы», – сказала яна. Аднак прычына, па якой людзі трымалі іх у дамах, цэрквах і бібліятэках, заключалася не столькі ў любові да гэтых жывёл, колькі ў іх навыках палявання на мышэй і пацукоў, каты такім чынам абаранялі запасы харчавання, каштоўныя кнігі і тэкстыль, а таксама жыццё іх уладальнікаў ад чумы і іншых хвароб, якія пераносяцца шкоднікамі. Паколькі гэта была іх ключавая роля ў жыцці людзей, іх часцей за ўсё паказвалі падчас палявання на мышэй.
Дзякуючы здольнасці бачыць у цемры і паляўнічым навыкам, выява ката, які гоніцца за мышшу, стала сімвалам таго, як д’ябал гуляе з душамі грэшнікаў і як ён непазбежна іх зловіць.

Часам малявалі катоў, якія граюць на інструментах. Але нават гэтыя, здавалася б, недарэчныя вобразы мелі для сярэднявечнага гледача складаныя і сур’ёзныя пласты сэнсу, бо падкрэслівалі важнасць упарадкаванага грамадства: яны паказвалі хаос, які можа наступіць, калі натуральны парадак рэчаў перакуліцца з ног на галаву.
Іншыя працы на выставе ўвасабляюць катоў у нечаканых месцах. Напрыклад, на італьянскай карціне XV стагоддзя «Марыя і Хрыстос з кацянём» кацяня падымае лапу, каб параўнаць свае малюсенькія падушачкі на лапках з такімі ж маленькімі пальцамі немаўля Ісуса. Вобраз, верагодна, натхнёны менш вядомай легендай пра Раство, дзе Марыя малілася аб дапамозе, каб сагрэць нованароджанае немаўля Хрыста, і котка скокнула ў яслі і прыціснулася да яго.

Яшчэ адзін экспанат – армянская евангельская кніга XVII стагоддзя, якая незвычайна напоўнена вобразамі котак. Рукапіс быў замоўлены жанчынай па імені Напат у памяць пра яе і яе сям’ю. Магчыма, гэтыя кошкі былі іх улюбёнцамі.

Тэкст турэцкай версіі «Цудаў тварэння» XIII стагоддзя праілюстрвалі выявай чорнага ката. Гэтых жывёл цанілі ва ўсім ісламскім свеце за чысціню, а прарок Мухамед заклікаў да беражлівага да іх стаўлення. Многія ісламскія кіраўнікі прыкладалі вялікія намаганні, каб клапаціцца пра катоў, уключаючы мамлюкскага султана XIII стагоддзя Аль Захіра Байбарса, які стварыў «Каціныя сады» для забеспячэння ежай і жыллём каціных грамадзян.

Для правядзення выставы музей аб’яднаўся з прытулкам для выратавання і догляду за жывёламі Балтымора. Для яго пітомцаў правялі асобную экскурсію па выставе, каб пазнаёміць іх з вобразамі і легендамі іх продкаў. Пасля экскурсіі куратарка выставы Лінлі Эн Герберт забрала двух кацянят з прытулку. «Гэта быў такі нечаканы і асаблівы вынік, і я так удзячна, што яны ўварваліся ў маю галерэю і пакінулі свае сляды лап на маім сэрцы», – расказала куратарка.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram
