Увечары 2 чэрвеня ў Барысаве 27 дзяцей дашкольнага ўзросту былі дастаўлены ў інфекцыйнае аддзяленне Барысаўскай ЦРБ з прыкметамі інфекцыі — млоснасцю і ванітамі. На працягу сутак у бальніцу звярнуўся яшчэ адзін чалавек з падобнымі сімптомамі.
«Увечары 2 чэрвеня ў медыцынскія ўстановы горада звярнуўся шэраг жыхароў Барысава, бацькоў непаўналетніх пераважна дашкольнага ўзросту, з нагоды парушэння стрававання ў дзяцей. Непаўналетнія агледжаны і шпіталізаваны. Ім аказана медыцынская дапамога, скарэктавана лячэнне. За мінулую ноч назіраецца станоўчая дынаміка ў самаадчуванні дзяцей. Раніцай яны ўжо адчуваюць сябе лепш. Назіранне будзе працягнута ва ўмовах стацыянара», — расказаў барысаўскаму выданню «Адзінства» галоўны ўрач Барысаўскай ЦРБ Аляксандр Дрозд.
У Барысаве праводзіцца эпідэміялагічнае расследаванне.
Паводле слоў галоўнага дзяржаўнага санітарнага ўрача Мінскай вобласці Аляксандра Тарасенкі, усе пацыенты адчуваюць сябе здавальняюча.
«Сёння сітуацыя стабільная. У цяперашні час усе 28 пацыентаў знаходзяцца ў здавальняючым стане», — заявіў ён БелТА.
У мясцовых чатах паведамляюць, што дзеці адчулі сябе дрэнна пасля дзіцячага садка. Гаворка ідзе пра розныя дзіцячыя садкі. Карыстальнікі мяркуюць, што справа ў «Біфідзіне», які дзеці выпілі ў садку.