У маі 2026 года ўсе найбольш значныя падзеі маскоўска-ўкраінскай вайны адбываліся на пэўным аддаленні ад лініі фронту, бо прыкметных прасоўванняў на перадавой не было.
Акупанты ў маі павялічылі колькасць пяхотных штурмавых дзеянняў амаль на 40%, правёўшы больш за 7000 атак, аднак не дасягнулі прыкметных поспехаў.
Украінскія сілы, наадварот, робяць стаўку на ўдары па аператыўнай глыбіні, паступова ператвараючы тыл праціўніка ў паўнавартаснае поле бою.
Раскажам пра новыя тэндэнцыі ў вайне, адзначаючы найбольш істотныя падзеі месяца.
Агульнае становішча на фронце
Найбольш актыўныя баявыя дзеянні ў маі разгортваліся ў Данецкай і Запарожскай абласцях Украіны — у раёне Пакроўска і Мірнаграда, Гуляйполя і Арэхава.
Паводле падлікаў украінскага картаграфічнага праекта Deepstate, май 2026 года стаў першым месяцам з лета 2023 года, калі маскоўцы хутчэй гублялі тэрыторыю, чым займалі яе. Канкрэтных лічбаў праект не прыводзіць, бо свядома паведамляе пра прасоўванне ўкраінскіх войскаў з затрымкай.

Паводле ацэнак Institute for the Study of War, Масковія на працягу мая страціла 281 кв. км тэрыторыі, што сведчыць пра слабую сувязь сітуацыі на фронце з сезоннай распуціцай, на якую тэарэтычна можна было б спісваць стабільнасць фронту ў красавіку і сакавіку.
Такім чынам, на фронце, які і без таго не адрозніваецца асаблівай рухомасцю — маскоўскія войскі ўжо гадамі рухаліся павольней, чым войскі на Заходнім (самым стабільным) фронце Першай сусветнай вайны, — ужо некалькі месяцаў адзначаецца тэндэнцыя да поўнай адсутнасці поспехаў сіл акупантаў.
Навіна месяца — украінскія дроны сярэдняй далёкасці
Адной з ключавых асаблівасцей папярэдняга месяца стала ўзмацненне ўкраінскіх удараў па тылах маскоўскіх войскаў на дыстанцыю каля 50 км. Украінскія сілы сістэматычна паражалі склады боепрыпасаў, паліўныя базы, сістэмы СПА і вайсковы аўтатранспарт.

У маі ўкраінскія дронавыя ўдары пашырыліся на глыбіню 100–200 км і паставілі пытанне пра стабільнасць забеспячэння акупантаў ва ўсёй зоне ад Крыма да Данецка і Луганска.
Трэба адзначыць, што пакуль гэтыя ўдары не настолькі масавыя, каб забараніць рух па дарогах і ізаляваць войскі РФ ад паставак паліва, боепрыпасаў і падмацаванняў. Аднак знішчэнне паліўных баз і ўздзеянне на трасу, якая ідзе па акупаванай украінскай тэрыторыі да Крыма, ужо прывяло да дэфіцыту бензіну на паўвостраве і ўвядзення талонаў на бензін.

«Украінскія фармаванні з пачатку мая значна павялічылі колькасць удараў дронамі па транспартных сродках, якія перавозяць розныя грузы ў Херсонскую і Запарожскую вобласці і Крым. На паўвостраве ўзнікла пагроза дэфіцыту некаторых тавараў, а паліва прадаюць з абмежаваннямі. Пагроза заключаецца не толькі ў зрыве курортнага сезона ў Крыме або недахопе асобных прадуктаў на паўвостраве. Удары па перавозчыках грузаў на паўвостраве непасрэдна ўплываюць на баявыя магчымасці УС РФ на паўднёвых франтах, дзе сітуацыя і без таго не бясхмарная», — адзначае буйны маскоўскі правоенны ТГ-канал «Рыбарь».
Узмацненне такіх удараў не толькі знізіць баяздольнасць войскаў РФ на фронце, але можа запаволіць і нанесці істотныя страты войскам, якія толькі перакідваюцца да фронту ў найбольш уразлівы час — калі салдаты знаходзяцца ў грузавіках, а бранятэхніка на транспартных платформах. Гэта будзе асабліва важна, калі ўкраінцы будуць планаваць наступленне, каб войскі РФ, якія падыходзяць, не паспявалі «запячатваць» прарыў.
Далёкія ракетна-дронавыя ўдары
Май услед за красавіком стаў месяцам ледзь не найбольш масавага маскоўскага ракетна-дронавага тэрору супраць насельніцтва Украіны. Такім чынам, маштабная кампанія ўдараў па ўкраінскіх гарадах з’яўляецца загадзя спланаванай, а не рэакцыяй на нейкія дзеянні Украіны.
ААН адзначае, што страты грамадзянскага насельніцтва ад дальнабойных ракет і дронаў выраслі ў 2026 годзе прыкладна на 20 працэнтаў у параўнанні з 2025 годам. «Адной з асноўных прычын росту страт грамадзянскага насельніцтва было больш маштабнае выкарыстанне РФ дальнабойнай зброі», — гаворыцца ў паведамленні ААН.

Толькі за адзін дзень 5 мая 2026 года ад ракетна-дронавых удараў РФ загінулі не менш за 27 чалавек. Прычым удары часам наносяцца ўжо па ратавальніках і медыках, якія працуюць на месцы.
Украіна, у сваю чаргу, наносіла ўдары па ваенных і стратэгічных эканамічных аб’ектах у глыбіні тэрыторыі Масковіі — па нафтаперапрацоўчых заводах, паліўных базах, вайсковых прадпрыемствах, складах і сістэмах СПА, працягваючы сваю сістэмную кампанію па разбурэнні здольнасці Масквы весці і фінансаваць вайну.
У маі, адзначае агенцтва Bloomberg, удары Украіны па аб’ектах захоўвання, перапрацоўкі і транспартавання нафты ў глыбокім тыле РФ дасягнулі рэкорднага ўзроўню — 30 за месяц, апусціўшы перапрацоўку да 16-гадовага мінімуму і прымусіўшы Маскву ўвесці забарону на экспарт авіяпаліва. У параўнанні з 2025 годам аб’ём перапрацоўкі ўпаў на 13%.
Наш ваенны эксперт Багдан Кухановіч вядзе «Дзённік вайны» з пачатку поўнамаштабнага ўварвання расійскіх войскаў ва Украіну.