8 студзеня міністр унутраных спраў Іван Кубракоў прадставіў даклад Аляксандру Лукашэнку. Ён расказаў пра аператыўную абстаноўку ў краіне, праверку гатоўнасці ўнутраных войскаў і пра дапамогу супрацоўнікаў МУС у расчыстцы тэрыторый ад снегу ў Мінску і абласцях, паведамляе прэс-служба Лукашэнкі.
Кубракоў заявіў, што аператыўная абстаноўка ў Беларусі спакойная і знаходзіцца пад кантролем.
«За восем дзён студзеня ўчынена пяць забойстваў. Так, гэта менш, чым у мінулым годзе, але, на жаль, гэта пяць чалавечых жыццяў», — заявіў Кубракоў. Ён дадаў, што за гэты час было зафіксавана прычыненне 14 цяжкіх цялесных пашкоджанняў і сем хуліганстваў. Пры гэтым злачынстваў у месцах правядзення святочных гулянняў не было.
Кіраўнік МУС таксама далажыў пра пачатак праверкі гатоўнасці ўнутраных войскаў і некаторых падраздзяленняў органаў унутраных спраў. Правяраецца працаздольнасць тэхнікі, зладжанасць дзеянняў асабовага складу. Паводле слоў Кубракова, праверка носіць планавы характар і праводзіцца ў межах даручэнняў, якія раней даваў Лукашэнка.
«Мы праверым гатоўнасць да дзеянняў як тэхнікі, так і асабовага складу», — расказаў Кубракоў журналістам пасля даклада.
Таксама праводзіцца праверка спецпадраздзяленняў на гатоўнасць да процідзеяння дыверсійна-разведвальным групам.
«Ніякай надзвычайнай сітуацыі няма, гэта запланаванае мерапрыемства. Усе падраздзяленні любога сілавога блока павінны быць у пастаяннай гатоўнасці», — заявіў кіраўнік МУС.
