Журналіст Беларускага расследавальніцкага цэнтра Ігар Кулей падзяліўся ў сваім блогу ў Facebook гісторыяй, якая адбылася з ім сёння ў Варшаве — за ім і групай беларусаў сачыла невядомая жанчына. Яна рабіла здымкі, а пасля спробы выклікаць паліцыю ўцякла.
Ігар прывёў дачку на тэатральны гурток для беларусаў у раёне плошчы Канстытуцыі ў Варшаве. Арганізатары спазніліся, і бацькі разам з дзецьмі сабраліся перад дзвярыма. У гэты момант яны заўважылі, што ў некалькіх метрах ад іх стаіць невядомая жанчына і таемна здымае тых, хто прыйшоў, на тэлефон.
“Я пачаў назіраць. Сярэдняга росту, апранутая ў някідкія колеры, на галаве нацягнуты капюшон. У левай руцэ папяровы пакецік з нейкім печывам, якое яна час ад часу ела. У правай — тэлефон, які яна раз-пораз накіроўвала ў наш бок. А калі падыходзіў наступны дарослы з дзіцем, яшчэ здалёк, быццам выпадкова, наводзіла апарат і ў іх бок. Яна добра ведала, як рабіць схаваныя здымкі: трымала камеру на ўзроўні пояса, а потым падымала да вачэй і правярала, ці атрымаўся кадр. Часам рабіла выгляд, што здымае відэа вакол”, — распавёў журналіст.
Ён паспрабаваў зрабіць сэлфі так, каб у кадр трапіла гэтая жанчына, але яна рэзка развярнулася і схавала твар. Пасля гэтага адышла, стала значна далей ад іх, але працягвала накіроўваць камеру ў бок новых беларусаў, якія падыходзілі да дзвярэй з дзецьмі.
“У мяне ўжо не засталося сумненняў, што гэта мэтанакіраваныя дзеянні. Я падышоў і па-польску наўпрост спытаў, што адбываецца. Яна без акцэнту адказала: «Нічога, проста раблю сямейныя фота», — і паспрабавала пайсці. Я адначасова стараўся заблакаваць ёй дарогу, не парушаючы закон, і выклікаць праваахоўныя органы па тэлефоне. Пачуўшы, што я дазваніўся па нумары паліцыі, яна кінулася праз чатырохпалосную дарогу і ўцякла”, — апісвае сітуацыю Ігар Кулей.
Ён мяркуе, што такія фота маглі рабіцца па замове беларускіх спецслужбаў для шантажу беларусаў, якія жывуць у Варшаве.
“Заклікаю варшаўскіх калег быць максімальна пільнымі. Гэта абсалютная выпадковасць, што гэтым разам удалося заўважыць назіранне. Калі б дзверы на заняткі былі адчыненыя, усе б заходзілі ўнутр, і ніхто не звярнуў бы ўвагі на якую-небудзь жанчыну з печывам і тэлефонам”, — рэзюмаваў Кулей.

