Двухтыднёвае спыненне агню паміж ЗША і Іранам практычна адразу ж апынулася пад пагрозай. Галоўная прычына – Ліван.
Абвяшчаючы пра перамір’е, прэм’ер-міністр выступілага пасярэднікам Пакістана Шахбаз Шарыф заявіў, што яно датычыцца і Лівана. Аднак учора раніцай у офісе прэм’ер-міністра Ізраіля паведамілі, што спыненне агню не закранае аперацыю ЦАХАЛ супраць Хезбалы. Учора Ізраіль працягнуў баявыя дзеянні супраць Лівана.
Міністр замежных спраў Ірана Абас Аракчы ўвечары ў сераду ў сетцы Х зрабіў рэпост запісу Шарыфа, дзе вылучыў яго словы адносна Лівана.
“Умовы пагаднення аб спыненні агню паміж Іранам і ЗША ясныя і недвухсэнсоўныя: ЗША павінны зрабіць выбар — спыненне агню або працяг вайны праз Ізраіль. Яны не могуць атрымаць і тое, і другое.
Свет назірае за масавымі забойствамі ў Ліване. Цяпер мяч на баку ЗША, і свет сочыць за тым, ці выканае краіна свае абавязацельствы”, – напісаў Аракчы.
Іранскія дзяржСМІ таксама распаўсюдзілі заяву кіраўніка іранскага парламента Махамада-Багера Галібафа. У ёй гаворыцца, што ЗША не прытрымліваюцца ўзгодненага плана з 10 пунктаў аб спыненні агню. Акрамя Лівана, Галібаф указаў і на ўчарашні пост Трампа, у якім ён пісаў пра адмову Тэгерана ад узбагачэння ўрану і настойваў на плане з 15 пунктаў. Яшчэ адзін папрок Галібафа – збіццё беспілотніка ў правінцыі Фарс. Ён падкрэсліў, што парушэнне «базавай рамкавай асновы перамоваў» яшчэ да іх пачатку робіць спыненне агню і перамовы бессэнсоўнымі.
СМІ таксама пішуць, што КСІР не дае дазволу на праход суднаў праз Армузскі праліў.
Віцэ-прэзідэнт ЗША Джэй Дзі Вэнс заявіў Reuters, што паміж перамоўнымі групамі ЗША і Ірана адбылося недапаразуменне адносна ўключэння Лівана ў рэжым спынення агню.
«Я думаю, гэта звязана з цалкам зразумелым недаразуменнем. Я думаю, іранцы лічылі, што спыненне агню ўключае Ліван, але гэта было не так», — сказаў ён.
Паводле яго версіі, таксама існуе некалькі варыянтаў іранскага плана з 10 пунктаў. Першы варыянт быў адхілены. Другі быў больш прымальным.
«Была другая прапанова з 10 пунктаў, якая была значна больш разумнай. Яна грунтавалася на пэўным абмене меркаваннямі паміж намі і пакістанцамі. Менавіта на гэтую прапанову спасылаўся прэзідэнт, і гэта адпавядае рэчаіснасці па стане на ўчора. І затым я бачыў трэцюю прапанову, яшчэ больш максімалісцкую, чым першая, і якая цыркулюе ў розных сацыяльных сетках», — сказаў Вэнс.
