Дзяржаўныя беларускія медыя БелТА, АНТ і СТБ адрэагавалі на выдаленне сваіх каналаў з відэахостынгу YouTube.
СТБ заявіла, што яго канал быў выдалены з-за санкцый:
«УВАГА! YouTube-канал CTVBY быў выдалены з-за санкцый! Пры гэтым ЗАТ «Сталічнае тэлебачанне» і кіраўніцтва кампаніі не знаходзяцца пад санкцыямі! Хвалёная «дэмакратыя» ў дзеянні…»
АНТ падкрэслівае, што гаворка ідзе не пра блакіроўку, а пра выдаленне ўсяго шматгадовага архіва, і заяўляе, што гэта было зроблена без тлумачэння прычын:
«Ніякіх дадатковых тлумачэнняў платформа не прадаставіла. Падобная блакіроўка азначае не проста часовае абмежаванне доступу, а поўнае фізічнае выдаленне з сервераў велізарных архіваў навінавых выпускаў, аналітычных праграм і дакументальных цыклаў, якія назапашваліся гадамі і збіралі дзясяткі мільёнаў праглядаў».
Дзяржаўнае інфармацыйнае агенцтва БелТА адрэагавала стрымана. Яно нагадала, што не знаходзіцца пад санкцыямі, і заклікала не верыць фэйкавым каналам з такой жа назвай.
Міністэрства інфармацыі Беларусі заявіла, што пакідае за сабой права прыняць адказныя меры. Белтэлерадыёкампанія папярэдзіла, што YouTube можа быць прызнаны экстрэмісцкім і цалкам заблакаваны ў Беларусі.
