Блогеру Аляксандру Лапшыну забаранілі ўезд у Арменію. 5 красавіка ў аэрапорце Ерэвана яму паведамілі, што ён павінен пакінуць тэрыторыю краіны, піша “Радыё Свабода”. Ніякіх дакументаў з тлумачэннем прычын пагранічнікі не прадставілі.
Незадоўга да гэтага Лапшын упершыню за 10 гадоў паездак у Арменію атрымаў адмову ў анлайн-афармленні электроннай візы.
«Мяне проста фізічна не ўпусцілі ў Арменію, — распавёў ён. — Была яшчэ невялікая перадгісторыя. У мяне ізраільскі пашпарт. З ім у Арменію ў прынцыпе патрэбна электронная віза. Я падаў на яе анлайн і атрымаў — упершыню ў жыцці — адмову. Яна афармляецца анлайн, каштуе каля 6 еўра. Адказ звычайна прыходзіць на працягу некалькіх гадзін. Упершыню ў жыцці за ўсе дзесяць гадоў, што я езджу ў Арменію, я атрымаў адмову».
Ён усё ж вырашыў ляцець у Ерэван з сям’ёй, разлічваючы атрымаць візу на месцы, аднак яму адмовілі і ў гэтым. У Ерэване ў Лапшына засталіся арандаваная кватэра, асабістыя рэчы і шматгадовыя сувязі — там ён пражыў каля трох гадоў і займаўся гуманітарнымі праектамі.
Афіцыйна забарону на ўезд патлумачылі тым, што блогер апублікаваў відэа з інтэрв’ю былога армянскага ваеннапалоннага, які распавядаў пра ўмовы ўтрымання ў азербайджанскім палоне. На думку ўладаў, такія матэрыялы шкодзяць даверу паміж Арменіяй і Азербайджанам. Аднак у прыватных размовах супрацоўнікі армянскіх праваахоўных органаў назвалі іншую прычыну — шматразовыя затрыманні Лапшына па запыце Беларусі, якія, паводле іх слоў, усім надакучылі.
«Мне сказалі, што ўсім надакучылі мае затрыманні і абскарджанні затрыманняў падчас прыездаў у Ерэван, — кажа Аляксандр. — І што, маўляў, усім будзе прыемней і прасцей, калі мяне проста больш не будуць пускаць у Арменію. З гэтым я нічога не магу зрабіць. Я не грамадзянін Арменіі, яны маюць права не пусціць мяне. Але для мяне відавочна, што пасля таго, як мяне па запыце Беларусі затрымлівалі сем разоў, армянскім пагранічнікам усё гэта надакучыла».
Да гэтага армянскія пагранічнікі па запыце беларускіх уладаў затрымлівалі Лапшына 7 разоў. У лютым 2026 года армянскі суд прызнаў, што абвінавачанні Беларусі супярэчаць армянскім юрыдычным нормам, аднак спыніць затрыманні не змог.
Праблемы з беларускімі ўладамі пачаліся ў Лапшына ў 2016 годзе, калі яго затрымалі ў Беларусі па запыце Азербайджана — за наведванне Нагорнага Карабаха. Мінск перадаў блогера Баку, нягледзячы на просьбы аб вызваленні з боку Масквы і Ізраіля. У Азербайджане Лапшын быў асуджаны на 3 гады, аднак у 2017 годзе памілаваны асабіста Ільхамам Аліевым і з’ехаў у Ізраіль. Пасля вызвалення Лапшын падаў скаргу ў ААН, дзе парушэнне яго правоў было прызнана афіцыйна.
Зараз блогер прызнае, што юрыдычных спосабаў аспрэчыць забарону на ўезд у яго не засталося. Ён накіраваў запыт у пагранічную службу Арменіі з просьбай пісьмова растлумачыць прычыны рашэння, аднак адказу пакуль не атрымаў.
