Апублікавана дэкларацыя КНР і РФ аб шматпалярным свеце

Галоўнае
Фото: kremlin.ru

Прэс-служба Крамля апублікавала тэкст Дэкларацыі аб станаўленні шматпалярнага свету і міжнародных адносін новага тыпу, якую сёння падпісалі прэзідэнт РФ Уладзімір Пуцін і старшыня КНР Сі Цзіньпін.

“Спробы шэрагу дзяржаў аднаасобна кіраваць сусветнымі справамі, навязаць свае інтарэсы ўсяму свету і абмежаваць магчымасці суверэннага развіцця іншых краін у духу эпохі каланіялізму пацярпелі крах. Сістэма міжнародных адносін у XXI стагоддзі перажывае глыбокую трансфармацыю, эвалюцыйным шляхам пераходзячы да доўгатэрміновага стану поліцэнтрычнасці і фарміравання міжнародных адносін новага тыпу”, — гаворыцца ў дэкларацыі.

У ёй таксама адзначаецца, што сітуацыя ў свеце ўскладняецца, нарастаюць “негатыўныя неакаланіяльныя тэндэнцыі”, “практыка аднабаковых сілавых падыходаў, гегеманізм і блокавая канфрантацыя”, “тапчуцца базавыя агульнапрызнаныя нормы міжнароднага права і міжнародных адносін”.

На гэтым фоне РФ і КНР дэкларуюць чатыры базавыя прынцыпы, якіх яны будуць прытрымлівацца, “выступаючы за гарманічны працэс станаўлення раўнапраўнага і ўпарадкаванага шматпалярнага свету і міжнародных адносін новага тыпу, уключаючы больш справядлівую і рацыянальную сістэму глабальнага кіравання”.

Першы прынцып — адкрытасць свету для інклюзіўнага і ўзаемавыгаднага супрацоўніцтва. Падпісанты сцвярджаюць, што ў свеце “няма ўніверсальнага шляху развіцця і не існуе краін і народаў «першага гатунку», а “аднабаковыя падыходы да вырашэння агульных праблем, гегеманізм і палітыка прымусу ў любых іх праявах непрымальныя”. Акрамя таго, “неабходна паважаць выбар шляху і мадэлі развіцця кожнай суверэннай дзяржавы”.

Другі прынцып — прынцып непадзельнай і роўнай бяспекі. На думку падпісантаў, бяспека адной дзяржавы не можа быць забяспечана за кошт бяспекі іншай.

“Неабходна з належнай увагай ставіцца да рацыянальных заклапочанасцяў усіх краін у сферы бяспекі, арыентавацца на супрацоўніцтва па пытаннях бяспекі, адкідаць блокавую канфрантацыю і стратэгіі «гульняў з нулявой сумай», выступаць супраць пашырэння вайсковых альянсаў, «гібрыдных» войнаў і войнаў «чужымі рукамі», прасоўваць стварэнне абноўленай збалансаванай, эфектыўнай і ўстойлівай архітэктуры глабальнай і рэгіянальнай бяспекі. Рознагалоссі і спрэчкі варта вырашаць мірным шляхам, ухіляючы карэнныя прычыны канфліктаў. Недапушчальна прымушаць суверэнныя дзяржавы да адмовы ад нейтралітэту”, — гаворыцца ў дэкларацыі.

Трэці прынцып — прынцып дэмакратызацыі міжнародных адносін і ўдасканалення сістэмы глабальнага кіравання. Ён азначае, што ў глабальным кіраванні неабходна прытрымлівацца суверэннай роўнасці, вяршэнства міжнароднага права, шматбаковасці, чалавекацэнтрычнасці і арыентаванасці на вынік, таму трэба не дапускаць аслаблення ААН, а рэформа арганізацыі павінна адпавядаць інтарэсам усяго чалавецтва і павышаць прадстаўнічасць і права голасу дзяржаў, якія развіваюцца, у міжнароднай сістэме.

“Выпрацаваныя ў вузкім коле дзяржаў правілы не павінны падмяняць сабой агульнапрызнанае міжнароднае права. Буйныя дзяржавы павінны браць на сябе асаблівую адказнасць і місію, прад’яўляць да сябе дадатковыя патрабаванні і не злоўжываць сваімі перавагамі”, — гаворыцца ў дэкларацыі.

Чацвёрты прынцып — сусветная цывілізацыйная і каштоўнасная разнастайнасць. У дакуменце канстатуецца, што ўсе чалавечыя цывілізацыі самакаштоўныя і раўнапраўныя, цывілізацыі не дзеляцца на высокаразвітыя і нізкаразвітыя, моцныя і слабыя. Усе краіны павінны выступаць за прыхільнасць да погляду на цывілізацыі, заснаванага на роўнасці, узаемным абмене досведам, дыялогу, умацоўваць узаемную павагу, разуменне, давер і абмены паміж рознымі нацыянальнасцямі і цывілізацыямі, садзейнічаць узаемаразуменню і сяброўству народаў усіх краін, абараняць разнастайнасць культур і цывілізацый. Неабходна рашуча выступаць супраць выкарыстання правоў чалавека ў якасці падставы для ўмяшання ва ўнутраныя справы іншых дзяржаў, а таксама палітызацыі і інструменталізацыі правачалавечых пытанняў.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!
REFORM.news (раней REFORM.by)
Дадаць каментар

Увага, прэмадэрацыя. Калі вы ў Беларусі, не пакідайце каментар без уключанага VPN.