У TR Warszawa пройдзе Тыдзень беларускага тэатра

Культура
З афішы спектакля «Ulenspiegel». Фота: timteatr.

У польскай сталіцы ў тэатры TR Warszawa з 8 па 13 жніўня кожны дзень будуць паказваць беларускія спектаклі.

У аўторак, 8 жніўня, пройдзе спектакль Максіма Шышко Z@klęcie / 3@мова. Гэты музычны праект Team Teatre, які цяпер працуе на пляцоўцы TR Warszawa, створаны па матывах песень і рытуалаў Палесся — тэрыторыі на мяжы Беларусі і Украіны. У тэксце выкарыстана замова – старажытны, знікаючы жанр народнай паэзіі Беларусі, якому здаўна прысвойваюць містычныя якасці. 3@mova – спроба аднаўлення архаічных традыцыяў, прысвойванне ім якасцяў, уласцівых сучаснай лічбавай рэальнасці.

Спектакль ідзе на беларускай мове і дыялектах Палесся, ён скіраваны да беларускай і ўкраінскай дыяспары і да польскага гледача. Створаны пераклад на польскую і ангельскую мовы ў выглядзе мабільнага прыкладання.

Прачытаць пра спектакль і набыць квіткі можна тут.

9 жніўня, у трэцюю гадавіну прэзідэнцкіх выбараў у Беларусі, Team Teatre пакажа прэм’еру «Ulenspiegel» — спектакль аб бунце, свабодзе і гульні, дзе адзін адважны чалавек кідае выклік усталяванаму парадку і намагаецца раскрыць яго абсурднасць і несправядлівасць.

Спектакль не мае ў сваёй аснове драматургічнага тэксту, ён пабудаваны па прынцыпе калажу.

Каманда: Андрэй Бардухаеў-Арол, Алеся Бардухаева-Арол, Аляксандр Воўкаў, Юра Дзівакоў, Андрэй Новік, Дар’я Новік, Вольга Падгайская, Марыя Пятровіч, Максім Шышко.

Мова — беларуская з польскімі субтытрамі.

Прачытаць пра спектакль і набыць квіткі можна тут.

10 жніўня пакажуць спектакль Team Teatre аб падзеях 9-14 жніўня ў беларускіх РАУСах. Героі п’есы «Мора Хрысціны», якія выступілі супраць скрадзеных выбараў і трапілі за краты, сутыкаюцца ў жорсткім канфлікце з сілавікамі — слугамі дыктатара. Героі праходзяць праз жудасныя катаванні і здзекі, у той час, як для міліцыянераў гэта — звычайны працоўны дзень.

Аўтар — Сяргей Гірыт, рэжысёр — Андрэй Новік. Мова — беларуская, украінская, руская з польскімі субтытрамі.

Прачытаць пра спектакль і набыць квіткі можна тут.

11 жніўня сыграюць «Мазаіку» — спектакль аб эмігрантах, якія перажываюць ужо не першую эміграцыю. Воляю лёсу яны апынуліся ў Польшчы і зноў выбудоўваюць сваё жыццё з нуля. Праходзячы праз цяжкасці з пошукам працы, легалізацыяй, сваімі правамі. Маналогі людзей, якія спрабуюць захаваць сваю ідэнтычнасць у новай культуры. Прыстасавацца да жыцця ў польскім грамадстве.

Спектакль – дыджэйскі сэт. Падчас якога гучаць дакументальныя шчырыя размовы аб культуры, свабодзе, мове, сваёй знешнасці, часе і, вядома ж, каханні. Рэжысёр і драматург: Віталь Карабань, кампазітар: Мікіта Залатар, акцёры: Кэціван Асраташвілі, Віталь Карабань. Мовы — украінская і беларуская.

Прачытаць пра спектакль можна тут.

12 жніўня ў 17.00 адбудзецца праект «Дыяфільм live» — паказ дыяфільмаў паводле казак сучасных беларускіх аўтараў для дзяцей ад 5 год і дарослых. Беларускі праект “Дыяфільм live” ужо больш за 5 гадоў паказвае старыя дыяфільмы — на вялікім экране, у аўтарскай інтэрпрэтацыі, з жывой музыкай і аўтарскай агучкай. Праграма “Беларускія казкі на стужках” — гэта вынік плённай працы вялікай аб’яднанай групы людзей. А ўнікальнасць праекта ў тым, што стужкі з дыяфільмамі былі спецыяльна створаныя для гэтага паказу. Казкі сучасных беларускіх пісьменнікаў і паэтаў былі ілюстраваны малюнкамі сучасных беларускіх мастакоў, сфатаграфаваныя на стужкі ў фармаце “дыяфільм”, а пасля агучаныя праектам “Дыяфільм live“.

У праграме казкі і вершы Надзеі Ясмінскай, Вольгі Гапеевай, Андрэя Хадановіча і Андрэя Скурко.

Прачытаць пра спектакль і набыць квіткі можна тут.

У той жа дзень, 12 жніўня, у 19.00 адбудзецця яшчэ прэм’ера ад Купалаўцаў — «Плошча Перамогі» паводле Альгерда Бахарэвіча. Як і «Дыяфільм live», гэта прэм’ера адбудзецца ў рамках тэатральнага фестывалю INEX FEST Inexkult, які ідзе праз усё лета ў Польшчы. «Калі вы таксама жывяце ў каралеўстве, дзе пануюць Страх і Хлусня (ці дзесь непадалёк), наша прэм’ера — «Плошча Перамогі» паводле Альгерда Бахарэвіча (Alhierd Bacharevič) — заіскрыцца для вас актуальнасцю. Бо страх не змагчы ані пяхотай, ані кавалерыяй. Дарога да Плошчы Перамогі пакручастая, і метро туды яшчэ не праклалі», — паведамляе анатацыя спектакля. Рэжысёр — Аляксандр Гарцуеў.

Прачытаць пра спектакль і набыць квіткі можна тут.

У нядзелю, 13 жніўня, — прэм’ера монаспектакля «Час сэканд хэнд» паводле Святланы Алексіевіч у рэжысуры і выкананні Уладзіміра Пятровіча. «За семдзесят з лішнім гадоў у лабараторыі марксізму-ленінізму вывелі асобны чалавечы тып — homo soveticus, піша спадарыня Святлана. Адны лічаць, што гэта трагічны персанаж, іншыя завуць яго «саўком». Час паглядзець на яго, як мы глядзім у розны час на сябе: са спагадай, пагардай, злосцю, пяшчотай, здзіўленнем, разуменнем — і непаразуменнем. Паглядзець — і развітацца з эпохай. А можа, адкрыць для сябе, што Святлана Алексіевіч памылілася?» — паведамляе анатацыя.

Спектакль ідзе на рускай мове з польскімі субцітрамі.

Прачытаць пра спектакль і набыць квіткі можна тут.

Адрас тэатра TR Warszawa: Marszałkowska, 8.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: