16 чэрвеня ў Варшаве адбылася сустрэча з лаўрэаткай Нобелеўскай прэміі і ганаровай старшынёй Беларускага ПЭНа Святланай Алексіевіч.
Арганізатарам падзеі стаў Беларускі ПЭН у партнёрстве з Новым тэатрам.
Мадэравалі сустрэчу Таццяна Нядбай і Юстына Чэхоўска.
«У ПЭНа, — пачала сустрэчу Таццяна Нядбай, — ёсць традыцыя пустога крэсла, месца, якое прысвячаецца забітым і зняволеным». Таму ў зале сярод гледачоў былі размешчаны пустыя крэслы, якія сімвалізавалі прысутнасць Міколы Дзядка, які павінен быў выйсці на волю, але атрымаў новую крымінальную справу, Уладзіміра Мацкевіча, Максіма Знака, Кацярыны Андрэевай і другога беларускага лаўрэата Нобелеўскай прэміі Алеся Бяляцкага. Гэтыя людзі сімвалічным чынам прысутнічалі ў зале, але і за сталом было яшчэ адно пустое крэсла, якое сімвалізавала ўсіх беларускіх палітзняволеных.
«Нам трэба іншыя словы»
Перад пачаткам размовы Святлана Алексіевіч выказала сваю радасць і здзіўленне ад таго, што ў зале знаходзіцца так шмат людзей, «якія яшчэ вераць у слова».
Мы яшчэ не страцілі сувязь адно з адным праз слова, сказала пісьменніца: «Недарма Бог даў нам слова, у ім ёсць таямніца яднання нас. Іншая справа, што ў такі час, як сёння, упадаеш у адчай, таму што цяжка знайсці тыя словы, каб мы былі адно аднаму цікавымі. Я не хачу сказаць, што словы нічога не робяць. Проста часам ад таго, што ты не можаш паспець за тым часам, які так хутка змяняецца, сапраўднае становіцца несапраўдным, пра будучае цяжка казаць, пра мінулае таксама цяжка разважаць. У рускіх ёсць прымаўка, што мінулае таксама цяжка прадказаць.
Не тое, каб словы нам непатрэбныя. Нам сёння, напэўна, патрэбныя нейкія іншыя словы. Можа, іншая філасофія жыцця. Мы знаходзімся ў пошуку… Усё мае адбітак часовасці, а часовасць гэтая вельмі небяспечная, таму што бясконца з газет, з нашых розумаў не сыходзяць думкі пра Трэцюю сусветную вайну.
Я нават спытала штучны інтэлект пра Трэцюю сусветную вайну, на нейкую хвіліну нават ён замаўчаў. А пасля стаў гаварыць пра тое, што мы і так ведаем з нашых медыя і кніг.
Свет сёння вельмі нечаканы і вельмі хуткі».

«Мы жывём у новым Сярэднявеччы»
Украінскія хлопцы не выбіраюць ісці паміраць, але час кідае іх на смерць. Яны хацелі б жыць. «Нягледзячы на ХХІ стагоддзе, мы ўсё жывём у нейкім новым Сярэднявеччы», — сказала Алексіевіч.
«Мы яшчэ 30 гадоў таму былі наіўныя, бо думалі, што камунізм памёр… Аднак чалавек сацыялізму, які дзясяткі гадоў сядзеў у лагеры, не мог выйсці за вароты лагера і тут жа стаць свабодным».
Старыя міфы сядзяць у глыбіні свядомасці, яны больш моцныя, чым нашыя словы. І таму камунізм яшчэ не мёртвы, мяркуе пісьменніца.
Алексіевіч згадала, што падчас афганскай вайны ні адна з мацярок, ні адзін з хлопцаў, з якімі яна размаўляла, не падтрымлівалі вайну. Яны ў асноўныя ненавідзелі камунізм. А цяпер рускія людзі гінуць, каб купіць машыну ці аплаціць іпатэку. Ці адчуваюць нянавісць да ўкраінцаў, а прычыны гэтай нянавісці не могуць назваць.
«Пасля гэтых слоў нянавісці да ўкраінцаў я магу шчыра прызнацца, што са словамі ў мяне цяпер вельмі складана. Я пішу новую кнігу і не ведаю, як прабіцца да гэтага постчырвонага чалавека. Пакуль не ведаю».
«Людзі пакрыўджаныя…»
У Расіі людзі пакрыўджаныя на тое, што краіну, «той вялікі расійскі пірог», падзялялі без іх. Што іх бацькі працавалі на фабрыках, якія аддалі за капейкі.
Што яны не могуць вучыць сваіх дзяцей, не могуць сыграць харошае вяселле для іх.
«Думаю, нешта падобнае адбываецца і ў Амерыцы. Нейкая частка людзей адчула, што іх меркаванне перасталі ўлічваць. І вось знайшоўся Трамп, які прамаўляе ад імя гэтых людзей. Я думаю, што гэта адбываецца ў іншых краінах… Мне як пісьменніцы здавалася, што я бачу нейкі бунт пакрыўджаных», — сказала Святлана Алексіевіч.
«Мы азірнуліся і ўбачылі, што вакол поўна пацукоў»
«Ці бачыце вы, як пісьменніца, якая жыве ў Берліне, гэтыя хвалі цунамі, якія цяпер праходзяць праз свет?» — спытала мадэратарка Юстына Чэхоўска.
Пісьменніца згадала «Альтэрнатыву для Германіі», пазіцыі якой узмацняюцца, і сёння цяжка гэтаму нешта супрацьпаставіць.
«Рускі мастак Аляксандр Кабакоў казаў, што быў доўгі час, калі мы змагаліся з драконам — камунізмам. Гэта была страшная, але прыгожая барацьба. І вось мы перамаглі гэтага дракона. Мы азірнуліся навокал і ўбачылі, што вакол поўна пацукоў, а мы не ведаем, як змагацца з пацукамі… Гэта тыя монстры, якія сядзяць у кожным чалавеку. Гэта паднялася нешта жывёльнае, нейкія інстынкты. Тое, пра што мы мала ведаем, прынамсі, мала ведае наша літаратура.
Мы занадта спрасцілі паняцце камунізму», — упэўнена пісьменніца.
Святлана Алексіевіч прызналася, што была здзіўлена папулярнасці сваіх кніг у Еўропе, якія былі перакладзеныя на 70 моваў. А пасля зразумела, што людзі з розных краін знаходзілі ў гэтых кнігах сябе, знаходзілі тыя небяспекі, якія ёсць у прыродзе чалавека.
«Я не пісьменнік катастроф, як мяне часам называюць, я пішу пра тое, што адбываецца з душой чалавека», — растлумачыла Алексіевіч.
«Гэта не толькі руская ці сацыялістычная праблема»
Яшчэ нядаўна пісьменніцы здавалася, што чырвонаму чалавеку прыйшоў канец. Але яна піша новую кнігу пра тое, што з гэтым чалавекам адбываецца цяпер. Чаму ён жыве так доўга? На якой глебе адбываецца кланаванне? І чаму гэта не толькі руская ці сацыялістычная праблема.
Пасля першых публікацый яе кніг у Еўропе пісьменніцы казалі, што гэта «ў вас» такое адбываецца, а ў нас ідуць супрацьлеглыя і незваротныя працэсы.
Аднак нашыя праблемы сёння – гэта ўмацаванне культуры гвалту і культуры несправядлівасці.
Усё гэта ідзе ад зменаў у свядомасці людзей, таму так важныя літаратура, мастацтва. Мы няшмат можам, але павінны гаварыць.
«Ёсць часы, калі нас не чуюць»
«Я заўсёды паўтараю словы Апостала Паўла, які казаў, што ёсць часы, калі нас не чуюць. «Але гора мне, калі я не прапаведую».
У апошні час, калі я запісваю людзей, якія ўдзельнічалі ў беларускай рэвалюцыі, яны кажуць: «Так, мы пераможаныя, але мы не здаёмся». І з‘явілася новая філасофія – філасофія малых спраў. Людзі кажуць, што гэта дапамагае ім захаваць сябе, сваю асобу і штораз рабіць новы крок.
У гэтым сённяшнім свеце нельга пагаджацца з тым, што дэмакратыя адступае, трэба супраціўляцца, і людзі ў розных краінах шукаюць гэтыя формы супраціву. Але вельмі важна захаваць сябе. Не даць цёмнаму часу сябе растаптаць».

«У чаканні новых варвараў»
Для працоўнай назвы новай кнігі, над якой цяпер працуе, Святлана Алексіевіч узяла словы грэчаскага паэта Канстанцінаса Кавафіса «У чаканні новых варвараў».
«Гэта абсалютна відавочна, што нас чакаюць цяжкія часы, што нарошчваць патэнцыял супраціву трэба кожнаму. Вучыцца ў моцных кніг, у моцных людзей…
Рабіць выбар трэба кожны дзень. А новыя варвары відазмяняюцца. І тэхналогіі відазмяняюцца. Усё будзе патрабаваць ад нас сіл», — мяркуе Святлана Алексіевіч.
Адказваючы на пытанні гледачоў пра лёс сваіх кніг пра каханне і смерць, Алексіевіч патлумачыла, што яны адкладзеныя, таму што яна ніяк не можа разабрацца з чырвоным чалавекам: «Я павінна яго дапісаць, даглядзець, што з ім».
Раней пісьменніца тлумачыла, што ў яе новай кнізе будзе шмат пра падзеі 2020 года, цяпер яна збірае сведчанні ўдзельнікаў пратэстаў. З Беларусі з‘ехала больш за паўмільёна чалавек, сказала Святлана Алексіевіч: «І вось я хаджу ад аднаго беларуса да другога і пішу новую кнігу».
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram