«Гэта свята ўжо больш, чым 106-годдзе БНР»: Naviband, Dzieciuki і Ілья Сільчукоў — пра Дзень Волі

Главное
Фота: Michał Szwerc.

Дзень Волі вачыма музыкантаў. Напярэдадні 25 сакавіка Reform.by звярнуўся да беларускіх творцаў з просьбай распавесці пра свае стаўленне да даты. Свята за гэты час столькі разоў перараджалася, і, мяркуем, што як ніхто іншы музыкі адчувалі перамены ў грамадстве на прыкладзе святкавання ўгодкаў Беларускай Народнай Рэспублікі.

Сваім настроем і думкамі напярэдадні выступаў падзяліліся індзі-поп гурт Naviband, панк-фолк калектыў Dzieciuki і оперны спявак Ілья Сільчукоў.

«Любоў і свабода — гэта тое, за што чалавек заўсёды змагаўся»

«Гэта свята ўжо больш, чым 106-годдзе БНР»: Naviband, Dzieciuki і Ілья Сільчукоў — пра Дзень Волі
Фота: Dawid Gondek.

Гурт Naviband сёння выступаюць на святочным канцэрце ў Вільні, а гэтаксама заўтра на анлайн-святкаванні БНР106 «Дзень Волі».

Ужо каторы год запар мы граем на Дзень Волі, і гэта заўсёды штосьці асаблівае, адметнае, — пагаджаюцца музыкі. — Мінулы год быў вельмі яскравым, гэта быў канцэрт ва Уроцлаве. Цудоўная зала і публіка. А самы запамінальны — гэта 2021 год і канцэрт у Варшаўскай філармоніі з аркестрам. Гэта ёсць на YouTube. 25 сакавіка — гэта свята свабоды, барацьбы за свабоду, за адну з самых галоўных мэт у жыцці чалавека. Любоў і свабода — тое, што дае сіл, магчымасці, натхненне і развіццё. Гэты год святкуем рэлізам новай песні і кліпа «Сокал». А таксама канцэртамі ў Вільні 24 сакавіка і анлайн-выступам на БНР106.

Дададзім пра любоў і свабоду, што гэта тое, за што чалавек заўсёды змагаўся і будзе змагацца.

Беларусы за апошні час змяніліся да лепшага. Нібыта яшчэ больш сталі заўважаць і цаніць сваё. Але заўсёды ёсць куды імкнуцца.

«Гэта час, калі беларусы яшчэ раз хочуць выказаць сваю пазіцыю і падтрымаць адзін аднога»

«Гэта свята ўжо больш, чым 106-годдзе БНР»: Naviband, Dzieciuki і Ілья Сільчукоў — пра Дзень Волі
Фота:pawel.krupek.krupka.

Нягледзячы на тое, што сёлета два музыкі punk-folk гурта Dzieciuki трапілі ў бяду і на пэўны час «выбылі са строю», гродзенскі калектыў сёлета дае сэт на Замкавым пляцы ў Варшаве, а гэтаксама ўдзельнічае ў музычнай праграме анлайн-святкавання 25 сакавіка.

Мы з гуртом удзельнічалі ў мерапрыемствах, прысвечаных 100-годдзю БНР у Менску, і 101-х угодках, якія святкавалася ў Гародні, — узнаўляюць свае мінулыя выступы музыкі. — Гэта былі фактычна апошнія дазволеныя ўладай масавыя святкаванні. Не ведаю, якія мэты ставіла перад сабой улада: можа вырашыла праманіторыць колькасць «ворагаў народу»? Але людзей было вельмі шмат! Я памятаю тысячы шчаслівых вачэй свабодных людзей… І я думаю, што [тады] палітычна-апазіцыйны ды гістарычны складнікі свята для вялікай колькасці людзей, магчыма, нават большай паловы, не быў асноўным. Людзі стаміліся ад дыктатуры, стаміліся маўчаць, але тады баяцца яны па-сапраўднаму яшчэ не навучыліся.

Сёння святкаваць гэту дату і падзею ў Беларусі ва ўмовах таталітарызацыі рэжыму ужо небяспечна. А для эмігрантаў свята ўжо больш, чым 106-годдзе БНР,  больш, чым Свята Волі. У сённяшніх умовах, мяркуем, што гэта час, калі беларусы, для якіх воля стала асноўнай з каштоўнасцяў у іх жыцці, хочуць выказаць сваю пазіцыю падчас святкаванняў, падтрымаць тысячы палітвязняў у Беларусі, падтрымаць украінскі народ у яго барацьбе за свабоду сваёй краіны, і проста ўбачыцца і падтрымаць адзін аднаго.

«Пачуццё салідарнасці, падтрымкі трэба далей захоўваць і песціць»

«Гэта свята ўжо больш, чым 106-годдзе БНР»: Naviband, Dzieciuki і Ілья Сільчукоў — пра Дзень Волі
Фота: фейсбук Ілья Сільчукова.

Слынны оперны спявак Ілья Сільчукоў сёлета будзе святкаваць Дзень Волі ў Польшчы, а не ў Злучаных Штатах Амерыкі. 25 сакавіка прызнаны саліст оперы прыме ўдзел у вялікім канцэрце «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю» ў Цэнтры беларускай культуры ў Беластоку.

За апошнія тры гады я першы раз буду сустракаць Дзень Волі ў Польшчы, — падзяліўся музыка. — Звычайна мы ладзілі імпрэзы з большага ў Паўночнай Амерыцы. А ў мінулым годзе я быў у Бостане і памятую, што горад стаў першым сярод іншых амерыканскіх гарадоў, дзе быў узняты бела-чырвона-белы сцяг на 25 сакавіка. Дзякуючы высілкам беларускай дыяспары ў Бостане, у гэту дату на флагштоку побач са сцягам Злучаных Штатаў Амерыкі лунаў наш сцяг.

Для мяне Дзень Волі — гэта тое свята, калі беларусы гуртуюцца разам і «звяраюць эмацыйныя гадзіннікі», падтрымліваюць адзін аднога.

Звычайна я рыхтую адмысловую праграму на гэты дзень. Усе пачынаецца з «Пагоні», з гімна «Магутны Божа», а потым разам з маёй сяброўкай і аднадумцай Таццянай Лойшай мы робім прэзентацыю усіх стылістычных эпох беларускай вакальнай традыцыі: беларускае барока, класіцызм, рамантызм, мадэрнізм беларускі. Мы лічым, што гэта музыка павінна гучаць і быць знаёмай беларусам.

Заканчваем звычайна канцэрты выкананнем «Зоркі Венеры» і «Купалінкі» — спяваем гэтыя славутыя песні акапэла разам з залай. І гэта для мяне самы захапляльны момант.

Як змянілася беларуская супольнасць за гэты час? Магу сказаць так: да 2020 года я шмат выступаў у Еўропе і свеце, але рэдка сустракаў акрэсленыя беларускія суполкі. У асноўным беларусы мімікрырывалі пад розныя славянскія асяроддзі, але пасля 2020 году для мяне відавочна ўзнікла нацыянальная дыяспара — адбылося самаакрэсліванне, самаўсведамленне людзей — і гэта мяне дужа цешыць.

Мне падаецца, што сёння мы актыўна фарміруем свой погляд на нашу гісторыю, спадчыну, сучаснасць. Закладваем фундамент для будучыні.

Нядаўна я быў на Першым форуме беларускага бізнесу за мяжой у Вашынгтоне, і гэта бачыцца мне таксама важнай адзнакай — калі мы пачынаем глядзець на сябе сваімі вачыма, а не вачыма суседзяў, і не апраўдвацца за існаванне. Вельмі рады бачыць, што ў беларусаў з’яўляецца годнасць, самаацэнка, мы пачынаем усведамляць, што можам даваць свету цікавы і крэатыўны прадукт у галіне культуры, бізнесу, у навуковых даследаваннях і гэтак далей. Найлепшае, што мы можам зрабіць у тых абставінах, якія ёсць — рэалізоўваць патэнцыял і быць самімі сабой у тых месцах, дзе мы зараз  — у Польшчы, Літве, Злучаных Штатах Амерыкі, у іншых краінах.

Мне падабаецца, што сёння наша беларуская культура рознабаковая. Сёлета на святочных культурных імпрэзах гучыць і рок-музыка, і фальклор, і поп-музыка, і опера. Беларусы сочаць за тым, што адбываецца ў свеце, рэфлексуюць на гэты конт і прапануюць свае бачанне. Я асабіста перакананы, што самае цікавае і аўтэнтычнае ў творчасці атрымліваецца, калі мы глядзім на свет сваімі вачыма і рэагуем на гэта.

Сёлета я вельмі рады выступаць у Беластоку. Мы падрыхтавалі праграму з музыкі беларускіх кампазітараў ХІХ стагоддзя — Манюшкі, Горскага, Агінскага, але таксама ў канцэрце прагучаць творы нашага сучасніка, беларускага кампазітара Канстанціна Яськова. Косця будзе адказваць за сучасную класічную беларускую музыку.

Я хачу пажадаць усім нашым беларусам веры ў лепшае. Пры ўсіх выпрабаваннях, якія праходзіць зараз народ Беларусі, пры ўсіх драматычных абставінах, лічу, што ў беларусаў ёсць акно магчымасцяў. Гэта натхняльнае пачуццё салідарнасці, падтрымкі, якое мы далі адзін адному у 2020 годзе, трэба далей захоўваць і песціць, перадаваць у будучыню. Клопат пра адзін аднога. Дабро абавязкова пераможа! Жыве Беларусь!

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: