25 сакавіка Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку ладзіць урачысты канцэрт «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю»

Культура

Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку, як наваствораная самаўрадавая ўстанова культуры, дзейнічае з пачатку 2024 года. Першым значным мерапрыемствам, арганізаваным у супрацоўніцтве з арганізацыйным камітэтам, створаным з нагоды беларускага Дня Волі, стане ўрачысты канцэрт «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю».

З гэтай нагоды быў створаны адмысловы беларуска-польскі сімфанічны аркестр «Classic-Modern Orchestra». Яго складаюць прафесійныя музыкі, якія мусілі пакінуць Беларусь і сёння граюць разам у Варшаве пад назвай «Volny Arkiestr».

У праграме канцэрта — музычныя шэдэўры такіх аўтараў, як Станіслаў Манюшка, Антоній Генрык Радзівіл, Канстанцін Горскі, Ян Тарасевіч, Мікалай Шчаглоў-Куліковіч, Мікола Равенскі, Яўген Глебаў, Уладзімер Солтан, Сяргей Ліпень, Канстанцін Яськоў і іншыя. Лейтматывам усяго канцэрта з’яўляецца тэма любові да роднага краю і страты, тугі па радзіме, гістарычнага драматызму лёсу беларусаў і адначасова аптымізму, надзеі і імкнення да лепшай будучыні.

25 сакавіка Цэнтр беларускай культуры ў Беластоку ладзіць урачысты канцэрт «Беларускі музычны краявід: Гісторыя пра волю»

Важным творчым водгукам на трагічныя падзеі сучаснасці стануць напісаныя спецыяльна да гэтай падзеі творы беларускіх аўтараў, прысвечаныя героям і пакутніцам сучаснасці, у тым ліку Марыі Калеснікавай.

Адмысловымі гасцямі канцэрта стануць выдатныя салісты з розных краін, выхадцы з Беларусі: Ілья Сільчукоў (барытон) — зараз выступае на сцэне Оперы ў Бостане, Юлія Еўтухоўская, (сапрана), Кірыл Кедук (фартэпіяна), Аляксей Ладзік (флейта).

Весці канцэрт будзе дырыжор Павел Котла, дасведчаны і тытулаваны артыст, які шмат гадоў займаецца культурнай дыпламатыяй, у 2016-2017 гадах ён быў мастацкім кіраўніком і першым дырыжорам Оперы і Падляшскай філармоніі.

«Першым штуршком да арганізацыі гэтага канцэрту стала інфармацыя, што оперны спявак Ілля Сільчукоў, які цяпер пражывае і працуе ў Бостане ў Злучаных Штатах, хацеў адсвяткаваць Дзень Волі з беларусамі ў Еўропе, бліжэй дому, — паведаміла Польскаму радыё намесніца дырэктара беластоцкага Цэнтру беларускай культуры Ілона Карпюк. — Мы падумалі, што калі ў яго ёсць такое жаданне, а наш цэнтр можа дазволіць фінансава, то зладзім канцэрт з удзелам Іллі. Спачатку думалі пра камерны выступ, але крок за крокам з’яўляліся людзі, якія да гэтай ідэі ставіліся вельмі станоўча, і мы палічылі, што варта рызыкнуць і зрабіць крок далей. Калі ёсць артыст, ёсць ідэя, калі ў людзей ёсць жаданне пазнаёміцца з беларускай музыкай і культурай (…), то чаму б не ўкласці больш часу і энергіі ды не зрабіць маштабны канцэрт.

Дзякуючы такім адважным ідэям атрымалася сабраць аркестр, калектыў, у які ўвайшлі прафесійныя музыканты з Беларусі, якія на штодзень актыўныя ў варшаўскім «Вольным аркестры». Акрамя таго, да нашага аркестру на Дзень Волі далучыліся прафесіяналы з аркестраў Польскага радыё і Варшаўскай оперы. Такім чынам, 25 сакавіка артысты выступяць на сцэне Падляскай оперы і філармоніі».

Урачысты канцэрт завершыць трохдзённае святкаванне Дня Волі ў Беластоку.

Удзел у канцэрце бясплатны, уваход па бясплатных запрашэннях, якія можна атрымаць у Цэнтры беларускай культуры па адрасе вул. Kilińskiego 16 lok. 2/07.

Таксама можна замовіць запрашэнне па тэлефоне 537 742 000.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

Последние новости


REFORM.news


Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: