Мастачка Леся Пчолка паказвае свой праект «Прыдарожныя крыжы» на фестывалі маладой еўрапейскай фатаграфіі Circulation(s).
Фестываль праходзіць у CENTQUATRE-PARIS, культурным цэнтры ва ўсходняй частцы Парыжа, а таксама ў форме гастроляў і выязных мерапрыемстваў у Францыі і Еўропе.
Трамплін для мастакоў і заканадавец моды, Circulation (s) з’яўляецца месцам і адлюстраваннем сучаснага еўрапейскага мастацкага «кіпення», а таксама месцам, якое нельга прапусціць для разумення фатаграфіі заўтрашняга дня. Згодна з канцэпцыяй, фестываль ставіць пад сумнеў межы паміж фатаграфіяй і сучасным мастацтвам.

Фатаграфічная серыя Лесі Пчолкі была выбрана для выставы мастацкім кіраўніцтвам фестывалю, якое складаецца з 6 незалежных куратараў. З вялікай колькасці пададзеных праектаў адабралі працы толькі 23 аўтараў.
Праект «Прыдарожныя крыжы» быў натхнёны этнографам Міхаілам Раманюком. Мастачка адправілася па мясцінах, зафіксаваных у кнігах этнографа, каб знайсці крыжы, якія ставіліся ў вёсках. Аднак іх упрыгожанні ўжо змяніліся: прыйшлі новыя варыянты, часта зробленыя з металу, аздобленыя яркімі стужкамі і кветкамі. На фотаздымках Лесі Пчолкі крыжы выразаныя з пейзажу, падвешаныя ў паветры, што падкрэслівае іх адчужанасць і трансфармацыю. Іх яркі, эклектычны знешні выгляд больш падобны на сімвал самавыяўлення, чым на перажытак патрыярхальнага мінулага. «Прыдарожныя крыжы» распавядаюць пра тое, як традыцыі развіваюцца праз паўсядзённыя сацыяльныя практыкі, няўзгодненыя і жывыя. Замест таго, каб захоўваць мінулае, супольнасці адаптавалі і пераасэнсавалі гэтыя прадметы, стварыўшы нешта сваё, унікальнае.
Фестываль маладой фатаграфіі адбываецца ў Парыжы ў 15-ты раз. З 2019 года ён факусуецца на пэўнай еўрапейскай фатаграфічнай сцэне. Напрыклад, акцэнт ставіўся на Румыніі, Беларусі, Партугаліі, Арменіі, Балгарыі і Украіне ў 2024 годзе. Сёлета — на Літве.

У 2020 годзе ганаровым госцем фестывалю стала Беларусь. «Падчас запрашэння на Месяц фатаграфіі ў Мінску (МПМ) у 2019 годзе CIRCULATION(S) адкрыў для сябе квітнеючую і авангардную сцэну і дае ўяўленне пра яе праз прапановы чатырох маладых фатографаў з унікальнымі сусветамі», — паведамлялася на старонцы фестывалю ў 2020 годзе. Праекты тым годам паказалі Павел Грабчыкаў, Ігар Ганчарук, Маша Святагор і Максім Сарычаў.
Фестывальная выстава будзе працаваць да 1 чэрвеня. Мастачка Леся Пчолка раіць беларускім фатографам падаваць свае працы на гэты прэстыжны фестываль маладой еўрапейскай фатаграфіі.
Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram