Як можа гучаць туга па радзіме? Развагі Prastora і атмасфернасць «Цішыні Успамінаў» — маладыя музыкі трансфармуюць настальгію ў новыя формы

Культура
Вокладка да альбома "Так таму і быць" ад музыкі Prastora (злева) і да сінгла "Цар-дуб" гурта "Цішыня ўспамінаў" (справа).

У чарговым нашым уікендавым музычным аглядзе вырашылі спыніцца на маладых выканаўцах. Журналіст Улад Рубанаў aka Prastora выпісціў дэбютны міні-альбом «Так таму і быць». Малады фолк-эмбіент гурт з Віцебска «Цішыня ўспамінаў» пахваліўся сінглам «Цар-Дуб». Гэтыя два праекты аб’ядноўвае сувязь з электронікай, атмасфернасць, але яшчэ і праца з настальгіяй.

Але, безумоўна, выканаўцы знаходзяцца ў розных жанравых абшарах.

У сваім міні-альбоме «Так таму і быць» Prastora стварае атмасферу давяральнай размовы: выканаўца не спявае, пры тым, што мае вельмі прыемны тэмбр, а амаль распавядае пра тое, што яму давялося перажыць у апошнія гады эміграцыі.

Манеру Prastora ў пэўным сэнсе можна назваць «расслабленым рэпам», ці варыятыўным «чылам» — ідэя цікавая, але яе ўвасабленне, на нашу думку, патрабуе паляпшэння. Тэксты ў выказванні музыкі займаюць не апошнюю пазіцыю — аўтар разважае пра сур’ёзныя рэчы, але прыходзіцца напружана ўслухоўвацца, каб разабраць словы, і той самы камфортны стан губляецца.

«Так таму і быць» можна назваць даволі нішавым праектам — у музыцы гэта электронны «chill out», але цікава тое, што Prastora выбудоўвае інтымную інтанацыю. У пэўным сэнсе выказванне Улада цікавае як канцэпт, але з яго ўвасабленнем варта яшчэ папрацаваць.

У даробку фолк-эмбіента гурта Cishynia Uspaminau не толькі сінгл «Цар-дуб», натхнёны сапраўдным 300-гадовым дрэвам на Палессі. У 2024 годзе калектыў выпусціў аднайменны альбом «Цішыня ўспамінаў», у які ўвайшлі восем кампазіцый. Спалучаючы фолк і эмбіент, Cishynia Uspaminau выходзіць на сцяжыну фэнтэзійнага (ад слова — «фэнтэзі») гучання, пашыраючы сваю аўдыторыю да тых, каму блізкая не толькі славянская міфалогія, але скандынаўскія матывы.

Атанальны спеў, меланхолія, мінімалістычныя аранжыроўкі — музыкі нібыта «ачышчаюць» фолк да яго сарцавіны, каб пакінуць спеў, мелодыю і ўмоўнасць — апошняя нараджаецца праз атмасферную электроніку. Гурту цікава надаць беларускаму фолку таямнічы арэол, зацягнуць у прастору магіі, старажытнасці, фантазіі. Безумоўным плюсам з’яўляецца тое, што Cishynia Uspaminau мае свае музычнае аблічча, з мінусаў — што абраны сплін і вобраз у пэўным сэнсе бяруць музыкаў у закладнікі.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)
Добавить комментарий

Внимание, премодерация. Если вы в Беларуси, не оставляйте комментарий без включенного VPN.

Последние новости