Жаночае выдавецтва «Пфляўмбаўм» апублікавала ўспаміны Бэлы Шагал — «Запаленыя свечкі». «Мы ведаем Бэлу Шагал толькі як музу Марка Шагала, але гэта неверагодна, наколькі яна моцная пісьменніца», — прадстаўляе кнігу галоўная рэдактарка выдавецтва Алена Казлова.
Выдавецтву ўдалося набыць ліцэнзію на графічныя, чорна-белыя ілюстрацыі Марка Шагала. Такім чынам, новая кніга — двайная сенсацыя: яе аўтарка — Бэла Шагал, якую з ідыша на беларускую пераклаў Ігар Крэбс. А ілюстратар — уласна Марк Шагал.

«Успаміны Бэлы Шагал (у дзявоцтве Розэнфэльд) складаюцца з дзвюх частак — «Запаленыя свечкі» (1945) і «Першая сустрэча» (1947), — адзначаецца ў анатацыі да выдання. — Абедзве былі напісаныя на ідышы і выйшлі толькі пасля смерці аўтаркі. Кніга эмацыйна і вобразна расказвае пра дзяцінства Бэлы, яе знаёмства з Маркам Шагалам і адкрывае чытачу жыццё Віцебска канца ХІХ — пачатку ХХ стагоддзя, горада з багатай габрэйскай культурай».
Як заўважае Алена Казлова, «Запаленыя свечкі» і «Першая сустрэча» — гэта дзве аповесці, аб’яднаныя ў фактычна адзін раман».
Творы па-беларуску друкуюцца ўпершыню.
Даведка. Бася-Рэйза Розенфэльд нарадзілася 15 лістапада 1895 года ў Віцебску — яна стала восьмым дзіцем у хасідскай сям’і. Бацька, ювелір Шмуль-Ноах Іцковіч, з’яўляўся апекуном віцебскай Талмуд-торы. Маці — Фрыда Ляўянт-Розенфельд.
Да пятага класа Бася-Рэйза Розенфэльд вучылася ў яўрэйскай школе. Пасля здачы экзаменаў у 1905 годзе перавялася ў Віцебскую Аляксееўскую жаночую гімназію. Праз два гады скончыла гімназію са срэбным медалём і разам з іншай выпускніцай Тэяй Брахман падала дакументы на паступленне на гісторыка-філасофскі факультэт Маскоўскіх вышэйшых жаночых курсаў. Паступіўшы ва ўніверсітэт, дзяўчына русіфікавала сваё імя і стала Бертай Розенфэльд.
Улетку 1909 года, знаходзячыся ў гасцях у Тэі Брахман у Віцебску, Бэла знаёміцца з 22-гадовым мастаком Маркам Шагалам, які прыехаў пагасціць дадому з Санкт-Пецярбурга. Яны адразу закахаліся адно ў аднаго.
Падчас вучобы ў вышэйшых жаночых курсах Берта займалася акцёрскім майстэрствам у студыі Станіслаўскага і працавала ў газеце «Утро России». Берта паспяхова здала іспыты ў лістападзе 1913 года, а ў лютым 1914 года абараніла дзве дысертацыі «Вызваленне рускіх сялян» і «Дастаеўскі», атрымаўшы дыплом.
Пасля вяртання Шагала з Парыжа 25 ліпеня 1915 года Берта выходзіць за яго замуж. Праз год у іх нараджаецца дачка Іда.
У 1918 годзе разам з Маркам яна вяртаецца ў Віцебск, дзе Шагала прызначаюць Упаўнаважаным па справах мастацтва Віцебскай губерні. У 1922 годзе сям’я перабіраецца ў Берлін, а ў 1923 годзе — у Парыж. У Еўропе Берта на еўрапейскі манер змяніла імя і стала Бэлай.
У канцы 1920–х яна перакладае з рускай на французскую кнігу мужа «Маё жыццё», а ў сярэдзіне 1930–х пачынае пісаць мемуары.
Падчас Другой сусветнай вайны ў красавіку 1941 года сужэнцаў пазбавілі французскага грамадзянства. У адным з марсельскіх гатэляў іх арыштоўваюць разам з іншымі яўрэямі. Амерыканскі журналіст Варыян Фрай, які знаходзіцца ў Францыі, ладзіць скандал, у выніку якога мясцовая паліцыя адпускае пару. Праз месяц Шагалы пакідаюць Францыю на караблі і перабіраюцца ў ЗША. 2 верасня 1944 года Бэла памірае ў шпіталі ў горадзе Алтамон.
Набыць новае выданне можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.news у Telegram