Беларускія падзеі на Берлінскім кінафестывалі: пітчынг ад Кінаакадэміі, цырымонія «Чырвонага верасу» і прэм’ера дакстужкі Паўла Мажара

Главное
Прэзентацыя Беларускай незалежнай кінаакадэміі ў межах Еўрапейскага кінарынку Берлінале ў 2023 годзе. Фота: Максім Швед.

Сёння ўвечары стужкай «Такія дробязі» Ціма Мілантса ў Берліне адкрыецца адзін з найбуйнейшых кінафорумаў свету — Берлінскі міжнародны кінафестываль. Сярод яго прадстаўнічай праграмы гэтаксама ёсць і беларускія падзеі, якія пазначаюць уваход беларускай кінасупольнасці ў еўрапейскі кінаасяродак. Заўтра ў межах Еўрапейскага кінарынку адбудзецца пітчынг беларускіх кінапраектаў ад Беларускай незалежнай кінаакадэміі. Увечары 17 лютага ў Gropius Bau Cinema распачне свой ход цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміяй кінакрытыкаў «Чырвоны верас». Ды цягам усяго фестывалю ў кінатэатрах форуму можна глядзець стужку Паўла Мажара — «Непажаданае сваяцтва». Кіно берлінскага рэжысёра беларускага паходжання трапіла ў конкурс фестывалю Berlinale Shots.

Расскажам падрабязней пра кожную з гэтых падзей.

Пітчынг праектаў беларускіх кінематаграфістаў

16 лютага на пляцоўцы Gropius Bau адбудзецца прэзентацыя беларускіх кінапраектаў, заарганізаваная Беларускай незалежнай кінаакадэміяй. З больш як 40 заявак кінакрытыкі акадэміі адабралі 7 праектаў ігравога, дакументальнага і анімацыйнага поўнаметражнага кіно на розных этапах працы, на прыкладзе якіх можна будзе пазнаёміцца і з самімі аўтарамі, і з тым, якія беларускія фільмы могуць з’явіцца пры ўмове іх падтрымкі ў бліжэйшай будучыні.

Беларускія падзеі на Берлінскім кінафестывалі: пітчынг ад Кінаакадэміі, цырымонія «Чырвонага верасу» і прэм’ера дакстужкі Паўла Мажара
Пляцоўка Gropius Bau. Берлінале-2023. Фота: Максім Швед.

Так, у пітчынгу возьмуць удзел праекты: «Шляхціц Завальня, або Беларусь у фантастычных апавяданнях» Максіма Птушкіна, «Пад шэрым небам» Мары Тамковіч, «Гарышчы для галубоў» Марты Верас, «Каб лёгка з’язджалі і добра вярталіся» Сашы Кулак і Машы Мароз, «Паляванне» Надзеі Якімовіч, «Абуджэнне» Вікторыі Шнайдэр, «Паўночнае ззянне» Юліі Паграбняк.

Гэтам разам аўтараў да ўдзелу ў пітчынгу на Берлінале рыхтавалі запрошаныя кінаакадэміяй ментаркі — Леэна Пасанэн з Фінляндыі і Стэфана Тэальдзі з Італіі.

Мадэраваць сам пітчынг будзе дырэктарка «goEast» – Фестывалю кіно Цэнтральнай і Усходняй Еўропы Гэлеэн Хэрытсэн.

Боард кінаакадэміі спадзяецца, што пітчынг на такой прэстыжнай пляцоўцы дапаможа аўтарам адабраных праектаў знайсці партнёраў і аднадумцаў ды зрабіць сур’ёзныя крокі ў рэалізацыі ідэй.

Заўважым, што гэтаксама як і ў мінулым годзе на Еўрапейскім кінарынку на пляцоўцы гатэля Marriott будзе працаваць стэнд Беларускай незалежнай кінаакадэміі.

Беларускія падзеі на Берлінскім кінафестывалі: пітчынг ад Кінаакадэміі, цырымонія «Чырвонага верасу» і прэм’ера дакстужкі Паўла Мажара
Беларускія кінематаграфісты адкрываюць «шчаслівую гадзіну» на cтэндзе Беларускай незалежнай кінаакадэміі на пляцоўцы Еўрапейскага кінарынку – Марыёт-гатэлю ў 2023 годзе. Фота: Максім Швед.

Цырымонія Беларускай прэміі кінакрытыкаў «Чырвоны верас»

Літаральна на наступны дзень, 17 лютага, у Gropius Bau Cinema а 19.00 пройдзе цырымонія ўзнагароджання Беларускай прэміяй кінакрытыкаў «Чырвоны верас». На імпрэзе стануць вядомыя пераможцы ў 13 намінацыях прэміі, а таксама атрымальнікі ўзнагароды «Спецыяльная згадка».

Гэта ўжо другая эдыцыя прэміі кінакрытыкаў — і гэтам разам журы, у якое ўвайшлі сёлета 16 беларускіх кінакрытыкаў, кінажурналістаў і кінадаследнікаў, ацэньвала карціны, створаныя кінематаграфістамі з Беларусі за 2021 і 2022 гады.

У кароткі спіс прэтэндэнтаў на найлепшы фільм у намінацыях ігравога, дакументальнага і анімацыйнага кіно ўвайшлі 15 стужак, сярод якіх, у прыватнасці: «Лета 1989» Уладзіміра Казлова, «Ператрымка» Андрэя Кашперскага, «Смеццевая галава» Юрыя Сямашкі, «У жывым эфіры» Мары Тамковіч, «Мара» Сашы Кулак, «Мы не ведалі адзін аднаго да гэтага лета» Вольгі Абрамчык, «Смеласць» Аляксея Палуяна, «Вячэра з індыком» Глеба Куфцерына, «The Primitives» Генадзя Буто і «Shirey Mara» Наты Карнеевай ды іншыя карціны.

У прафесійных намінацыях за званне найлепшых адмыслоўцаў за 2021-2022 гады спраборнічаюць: у катэгорыі «Найлепшы рэжысёр» — Мікіта Лаўрэцкі за фільм «Спатканне ў Мінску», Саша Кулак за стужку «Мара», Ананімная рэжысэрка з Беларусі. У катэгорыі «Найлепшая акторка» – Лянка Грыў за ролю ў фільме «Soyka», Аляксандра Вайцэховіч за ролю ў фільме «У жывым эфіры», Вольга Кавалёва за ролі ў фільмах «Спатканне ў Мінску» і «A Kidʼs Flick».

У прыватнасці, у катэгорыі «Найлепшы саўнддызайн (праца кампазітара(кі) і/ці гукарэжысёра(кі)» заяўленыя: Вольга Падгайская і ананімны саўнд-дызайнер за фільм «Галасы. Дзе мой край», Юрый Сямашка за фільм «Смеццевая галава», Генадзь Буто за фільм «Too Big Drawing».

Хто стане пераможцамі «Чырвонага верасу’24»? Даведаемся ўжо зусім хутка.

Сусветная прэм’ера аўтара з Беларусі ў конкурсе Берлінале

І, уласна, кіно. У конкурсе кароткаметражных фільмаў Берлінскага кінафестываля бярэ ўдзел стужка берлінскага рэжысёра родам з Мінску Паўла Мажара «Непажаданае сваяцтва». Павел — не дэбютант у міжнароднай кінаіндустрыі, яго папярэдняя кароткаметражная стужка «Метадычка» была прызнана пераможцам на прэстыжным Міжнародным фестывалі дакументальнага кіно ў Амстэрдаме ў 2021 годзе; намінуецца яна, дарэчы, на ўзнагароду і на актуальным «Чырвоным верасе».

Беларускія падзеі на Берлінскім кінафестывалі: пітчынг ад Кінаакадэміі, цырымонія «Чырвонага верасу» і прэм’ера дакстужкі Паўла Мажара
Кадр з фільма «Непажаданае сваяцтва». Фота: berlinale.de.

Пра што новая карціна Паўла Мажара?

Анатацыя да фільма гучыць так:

«Праз паўгода пасля поўнамаштабнага ўварвання ва Украіну расейская армія адступае з некаторых акупаваных рэгіёнаў і населеных пунктаў, пакідаючы за сабой шакавальна падобныя сляды ваенных злачынстваў. У справаздачах шэрагу праваабарончых арганізацый і незалежных груп журналістаў з’яўляецца ўсё больш доказаў таго, што расійскія і беларускія войскі на акупаваных тэрыторыях таксама праводзяць сістэматычнае знішчэнне нацыянальнай самасвядомасці мірнага насельніцтва. Грунтуючыся на сведчаннях грамадзянскіх ахвяр, рэжысёр звяртаецца да гэтай сістэмы прыгнёту. Асобныя выказванні агучваюць два ўкраінскія акцёры, а фонам фільма служаць вуліцы ягонага берлінскага раёна. Каб вызначыць, якую адказнасць за гэтую вайну можа панесці ён сам, рэжысёр разважае пра сваё дзяцінства і школьнае навучанне ў постсавецкай Беларусі».

Кароткаметражная стужка створана ў супрацы ўкраінскіх, нямецкіх і расійскіх кінематаграфістаў.

Першы паказ «Непажаданае сваяцтва» для прэсы і прафесіяналаў адбудзецца 17 лютага на пляцоўцы Cubix 5 у 14.15. Купіць квіткі на сеансы ў розных кінакінатэатрах з 20 па 24 лютага можна тут.

Падпісвайцеся на культурныя навіны Reform.by у Telegram

Если вы нашли ошибку, пожалуйста, выделите фрагмент текста и нажмите Ctrl+Enter.

🔥 Поддержите Reform.news донатом!
REFORM.news (ранее REFORM.by)

Последние новости




Сообщить об опечатке

Текст, который будет отправлен нашим редакторам: