ЗША плануюць больш маштабную вайну супраць Ірана. Нафта даражэйшая за 90 долараў за бараль

ЗША плануюць больш маштабную вайну супраць Ірана. Пра гэта піша The Washington Post на фоне абмену ўдарамі, які працягваецца ўжо дзявяты дзень.

«ЗША плануюць больш маштабную вайну», — цытуе выданне амерыканскага чыноўніка, знаёмага з унутранымі абмеркаваннямі ў адміністрацыі.

Ён таксама дадаў, што Пентагон павялічвае колькасць вайсковых самалётаў у рэгіёне. Разам з тым, паводле яго слоў, пашырэнне аперацый будзе сутыкацца са скарачэннем запасаў сродкаў супрацьпаветранай абароны і далёкабойных боепрыпасаў.

У пятніцу Іран ударыў па базе ВПС у Іарданіі, у выніку чаго загінулі тры чалавекі. Сёння ўначы Цэнтральнае камандаванне правяло чарговую серыю ўдараў па іранскіх аб’ектах.

«Цэнтральнае камандаванне ЗША наносіла ўдары па іранскіх вайсковых камандных цэнтрах, аб’ектах супрацьпаветранай абароны і берагавога назірання, марскіх аб’ектах, пускавых пляцоўках ракет і беспілотнікаў, а таксама сетках сувязі, каб яшчэ больш аслабіць здольнасць Ірана атакаваць камерцыйныя судны і грамадзянскіх маракоў, якія ідуць транзітам праз Армузскі праліў», — гаворыцца ў паведамленні амерыканскай арміі.

Прэзідэнт ЗША Дональд Трамп таксама пракаментаваў начныя ўдары. Паводле яго слоў, Іран моцна пацярпеў.

«Іран вельмі, вельмі моцна пацярпеў. Яны страцілі амаль усё ў вайсковым дачыненні. У іх вельмі мала што засталося», — сказаў ён.

Іран сёння атакаваў амерыканскія базы ў Кувейце і Бахрэйне.

Бліжэйшы ф’ючарс на нафту маркі Brent сёння раніцай таргуецца ўжо вышэй за 90 долараў за бараль. Каціроўка вырасла на 2% у параўнанні з пятніцай. Кошт ф’ючарса дасягаў 91,15 долара за бараль.

🔥 Падтрымайце Reform.news данатам!